У раённай бібліятэцы прайшло мерапрыемства да юбілею Коласа і Купалы

Культура

2022 год у нашай краіне праходзіць пад знакам 140-гадовага юбілею вялікіх песняроў беларускага народа, класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Іх імёны заўсёды вымаўляюцца разам, іх псеўданімы – з народнага жыцця і фальклору. З сялянскімі мазалямі на руках увайшлі яны ў нацыянальную і сусветную культуру, бо ніколі не аддзялялі сябе ад народа, не выракаліся яго працы, побыту, мовы.

З нагоды юбілею беларускіх класікаў у Ашмянскай раённай бібліятэцы ў рамках літаратурнага марафона “Пазнай Беларусь з Купалам і Коласам” прайшла літаратурна-музычная імпрэза пад назвай “Каб Беларусь працвітала – Колас ёсць і Купала”.

Бібліятэкары “правялі” сваіх чытачоў па жыццёвых і творчых сцежках пісьменнікаў. З уздымам прагучалі вершы “Жняя”, “Мы павінны ведаць”, “Вясна”, а таксама музычныя кампазіцыі ў выкананні ансамбля “Песняры” на словы беларускіх класікаў. Бібліятэкары нагадалі цікавыя звесткі з паўсядзённага жыцця пісьменнікаў. Агляд літаратуры, якая прадстаўлена на кніжнай выставе “Колас і Купала – наш гонар і сумленне”, зрабіла бібліёграф Алена Гушча.

Яны былі вельмі розныя і як асобы, і як творцы: тэмпераментны і ўзнёслы Купала, ураўнаважаны і рэалістычны Колас. Адзін – вястун і прарок, другі – летапісец і філосаф. Нават іх паэтычныя імёны гаварылі аб рознасці іх творчай сутнасці: Колас – ад зямлі, ад працы, Купала – з летуценняў і мар аб папараць-кветцы, аб шчасці.

Гістарычная заслуга Янкі Купалы і Якуба Коласа заключаецца перш за ўсё ў тым, што яны стварылі сапраўдныя шэдэўры нацыянальнага мастацтва і тым самым узнялі беларускую літаратуру да ўзроўню перадавых літаратур свету.

Кацярына ЧАЙКОЎСКАЯ,бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *