У Міхайлоўшчыне заклалі алею ў гонар Валянціны Гіруць-Русакевіч

Культура

 

У мінулую пятніцу ў вёсцы Міхайлоўшчына было сонечна і ўтульна не толькі ад пяшчотнага бабінага лета, але і ад шчырых усмешак, добрых слоў сваякоў і сяброў нашай зямлячкі, паэтэсы Валянціны Гіруць-Русакевіч. Менавіта тут, на Ашмяншчыне, пачаўся жыццёвы і творчы шлях Валянціны Францаўны, менавіта сюды яе душа кожны раз спяшалася, каб адпачыць і натхніцца, менавіта гэты куточак “між зямель Валожынскай і Іўеўскай” саграваў і дарыў цудоўныя спатканні з дзяцінствам і юнацтвам.

Сэрца таленавітай і мудрай жанчыны перастала біцца 22 студзеня, але вершы, якія яна прысвяціла сваёй Міхайлоўшчыне і яе жыхарам, працягваюць жыць у асобніках кніг і людскіх сэрцах.

Незадоўга да сваёй смерці, у снежні мінулага года, Валянціна Гіруць-Русакевіч выпусціла зборнік вершаў “Куточак мой родны – вёсачка мая любая”, прысвечаны Міхайлоўшчыне і яе жыхарам. Напэўна, ніхто так не любіў Міхайлоўшчыну, як Валянціна Францаўна. Дзякуючы намаганням загадчыцы Міхайлоўшчынскага клуба-бібліятэкі Наталлі Копач, падтрымцы старшыні Гальшанскага сельскага Савета Аляксандра Саванца і намесніка старшыні КСУП “Гальшаны” Міхаіла Скаржынскага памяць аб выбітнай зямлячцы будзе жыць у яе любімым куточку. Родныя, знаёмыя, сябры, вяскоўцы, школьнікі ў цудоўны кастрычніцкі дзень сабраліся на тэрыторыі клуба-бібліятэкі, каб закласці алею памяці ў гонар Валянціны Гіруць-Русакевіч. Да пасадкі алеі таксама далучыліся старшыня сельскага Савета Аляксандр Саванец і кіраўнік справамі Жанна Садоўская, а таксама былая настаўніца Міхайлоўшчынскай школы Любоў Драгун.

Пасля пасадкі дрэў цёплымі і поўнымі пяшчоты ўспамінамі аб паэтэсе, жонцы і сяброўцы падзяліліся самыя блізкія людзі Валянціны Францаўны – яе муж Рыгор Мікалаевіч, лепшая сяброўка Ніна Дземідзюк, кіраўнік і ўдзельніцы народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Наталля Жылевіч, Зінаіда Гасціловіч, Людміла Садоўская і Марыя Мучынская. Кожны з іх дзякаваў за тое, што тут, у маленькай вёсцы Ашмянскага раёна, захоўваюць памяць аб іх кіраўніку і сяброўцы.

Калісьці нехта сказаў, што час лечыць, але гэта зусім не так – ён толькі суцяшае. Немагчыма было стрымаць слёзы, слухаючы шматлікія ўспаміны аб цудоўнай жанчыне Валянціне Гіруць-Русакевіч. У жыцці кожнага з прысутных яна пакінула вялікі след і незагойную рану на сэрцы пасля свайго заўчаснага адыходу. Менавіта на Валожыншчыне, якая стала для паэткі другой радзімай, склалася яе сямейнае шчасце – тут яна сустрэла свайго мужа Рыгора Мікалаевіча, нарадзіла двух сыноў і дачакалася пяцёра ўнукаў. Як і сотням дзетак па ўсёй краіне, яна прысвяціла вершаваныя радкі і кожнаму са сваіх унукаў.

Валянціна Францаўна доўгі час кіравала аб’яднаннем “Рунь”, яна згуртавала вакол сябе творцаў Валожыншчыны. Аб’яднанне выдае калектыўныя зборнікі, дапамагае маладым талентам, ладзіць сустрэчы і канцэрты. Некаторыя “рунеўцы” – члены Саюза пісьменнікаў Беларусі і міжнароднага Саюза рускамоўных пісьменнікаў.

– Зараз мы рыхтуем да выпуску кнігу, для якой Валянціна Францаўна пачынала збіраць вершы, — дзеліцца тагачасны кіраўнік аб’яднання Наталля Жылевіч. — У яе камп’ютары мы знайшлі файл “Мая новая кніга”, дзе было змешчана каля сарака вершаў. Далей мы сталі збіраць чарнавікі, Рыгор Мікалаевіч прынёс рукапісы… Багата было сабрана дзіцячых вершаў, якія вырашылі выдаць асобна. Апошняя кніга Валянціны Гіруць-Русакевіч будзе мець назву “Час задумацца”.

Без Валянціны Францаўны Гіруць–Русакевіч асірацела міхайлоўшчынская зямля, з якой яна заўсёды размаўляла на мове свайго нястомнага сэрца, але тут з’явілася месца, дзе могуць збірацца яе землякі, прыязджаць родныя і сябры. Напэўна, сюды, як і шмат гадоў запар, будзе вяртацца яе душа, поўная любові і цеплыні да роднага краю, а бярозавы гай будзе сустракаць кожнага ціхім шапаценнем лістоў, падобным да простых і любых сэрцу радкоў з яе твораў…

Кацярына РУДЗІК.

Фота аўтара.