Прайсці праз полымя вайны. Сцяпан і Канстанцін Казюкевічы

Общество

Увабралася ў сілу чарговая вясна: зацвілі першыя кветкі, набрынялі пупышкі на дрэвах, а паветра стала незвычайным — лагодным і цёплым. У вясновую пару жыццё адчуваецца асабліва, бо абуджэнне прыроды выклікае моцныя эмоцыі, жаданне жыць і быць карысным для сваёй зямлі. Ужо зусім хутка надыдзе май, занявесцяцца яблынькі, а наша краіна будзе святкаваць чарговы Дзень Перамогі.

На жаль, сёння ў нашым раёне не засталося ніводнага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Адышлі ў вечнасць героі, якія былі сведкамі і ўдзельнікамі тых падзей. Аднак памяць аб тых мужных людзях жыве ў сэрцы і сёння. Спыняючыся ля помнікаў, размешчаных на тэрыторыі раёна, заўсёды паволі схіляеш галаву перад іх мужнасцю і гераізмам. Памятаюць сваіх дзядоў і прадзедаў таксама іх дзеці і ўнукі, якія наведваюць могілкі не толькі напярэдадні 9 Мая, але і ў звычайныя дні.

Некаторы час таму ў рэдакцыю раённай газеты патэлефанавала жыхарка горада Зоя Казюкевіч, якая ўзрушана расказала пра свайго свёкра і яго брата, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Яе гісторыя не пакінула мяне раўнадушнай, і я запрасіла Зою Мар’янаўну ў рэдакцыю на размову. Жанчына расказала, што яе дачка, Таццяна, нядаўна ў межах экскурсіі наведала музейна-храмавы комплекс Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. З дапамогай сэнсарнай панэлі ў галерэі “Дарога памяці” ўнучка ветэрана вырашыла знайсці дадзеныя пра свайго дзядулю Сцяпана Сяргеевіча Казюкевіча і яго брата Канстанціна. На вялікае здзіўленне, інфармацыя знайшлася. Таццяна азнаёмілася з кароткімі біяграфічнымі звесткамі і інфармацыяй пра ўзнагароджанне. І Сцяпан, і Канстанцін былі ўзнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Гэты факт моцна ўзрушыў маладую жанчыну, яна адчула гонар за сваіх продкаў, што прынеслі мір на нашу зямлю.

Сцяпан і Канстанцін нарадзіліся ў невялічкім населеным пункце Павязынь, што непадалёк ад Радашковічаў. Акрамя іх, у сям’і выхоўваліся дзве старэйшыя сястры. Дзеці ў раннім узросце страцілі маці, таму самастойнасці і адказнасці навучыліся з дзяцінства. У бацькі хлопцаў быў свой млын. Пакуль той быў на працы, сыны выконвалі хатнія абавязкі. У мірны і размераны быт раптоўна ўварвалася вайна. На той час братам было дваццаць з лішкам. Абодва акунуліся ў новую рэальнасць. Сцяпан поўнасцю прайшоў вайну, меў баявое раненне. Канстанцін таксама быў паранены. Абодва былі інвалідамі Вялікай Айчыннай вайны. Пасля заканчэння вайны браты ажаніліся і аселі непадалёк ад Барун: Сцяпан — у Дайнаполлі, Канстанцін — у Куцавічах. Неабходна было будаваць новае жыццё — без выбухаў, стрэлаў і бамбардзіровак. Родныя час ад часу распытвалі ў братоў пра вайну, але тыя часцей за ўсё маўчалі. Балючыя старонкі таго часу адпячаталіся ў іх сэрцы. Сцяпан часта прыгадваў пра голад і нястачу, якія давялося перажыць ў гады ваеннага ліхалецця, таму асаблівым чынам цаніў простыя, на першы погляд, рэчы: бохан хлеба на стале, якасны сон, спакой і цішыню. Цаніць гэта вучыў таксама адзінага сына, Антона, а таксама ўнукаў — Валерыя і Таццяну. У сямейнай скарбонцы да гэтага часу захаваўся фотаздымак, дзе Сцяпан Сяргеевіч абдымае маленькіх унукаў. У Канстанціна нашчадкаў, на жаль, не было, аднак Зоя Мар’янаўна разам з мужам узялі на сябе клопат пра роднага чалавека і яго жонку.

У 1998 годзе не стала Канстанціна, а ў 2000 годзе — Сцяпана. З таго часу прайшло не адно дзесяцігоддзе, але ўрокі дабрыні, шчырасці, пашаны да сваёй зямлі і сёння памятаюць нашчадкі. Калісьці Валерый і Таццяна да 9 Мая рыхтавалі адмысловыя паштоўкі, якія ўручалі разам з цюльпанамі сваім дзядулям. І зараз яны застаюцца вернымі гэтай традыцыі. У Дзень Перамогі, адклаўшы справы, з букетам чырвоных цюльпанаў яны спяшаюцца на гарадскія могілкі, каб наведаць магілы родных людзей, падзякаваць за выхаванне, любоў, мірнае неба над галавой — простыя рэчы, якіх нельга купіць за грошы.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *