Гавораць, што калі дзеці спяваюць ці танцуюць, то дарослыя могуць быць за іх спакойнымі. Такое меркаванне можна поўнасцю аднесці да многіх бацькоў, чые дзеці навучаюцца ў сярэдняй школе № 1 г. Ашмяны імя М.М. Гружэўскага і з’яўляюцца ўдзельнікамі ўзорных калектываў – ансамбля песні і танца “Званочкі” і студыі эстрадных спеваў “Палёт”. А створаны і дзейнічаюць гэтыя калектывы дзякуючы энтузіязму і самаадданай працы двух таленавітых людзей – хормайстра Веры Іванаўны Федарэнкі і кіраўніка студыі Мікалая Паўлавіча Федарэнкі.
Вера Іванаўна прыйшла працаваць у нашу школу ў 1990 годзе па запрашэнні былога дырэктара навучальнай установы Міхаіла Гружэўскага, які стараўся прыцягнуць у калектыў пабольш таленавітых і працавітых людзей.
Пасля заканчэння Маладзечанскага музычнага вучылішча Вера Іванаўна доўгі час працавала ва ўстановах культуры Ашмянскага раёна, у асноўным, з дарослымі. Аднак яе выдатныя арганізатарскія здольнасці дапамаглі ёй наладзіць работу і з дзіцячым калектывам.
Спачатку быў створаны невялікі гурток, дзе дзеці вучыліся спяваць беларускія песні. І, відаць, вучыліся паспяхова, бо ўжо ў 1991 годзе на абласным аглядзе мастацкай самадзейнасці гурток быў адзначаны як незвычайны па гучанню спеваў і ўзнагароджаны дыпломам лаўрэата.
З цягам часу ўзрастала выканальніцкае майстэрства ўдзельнікаў гуртка, абагачаўся яго рэпертуар, гурток “вырас” у ансамбль песні і танца з прыгожай назвай “Званочкі”, бо галасы дзяцей гучаць сапраўды звонка-звонка.
Дзейнасць ансамбля стала яшчэ больш разнастайнай, калі ў школу прыйшоў працаваць настаўнікам спеваў і акампаніятарам муж Веры Іванаўны. Мікалай Паўлавіч у 1985 годзе скончыў Мінскі інстытут культуры, прыгожа спявае, іграе на многіх музычных інструментах, піша музыку, стварае аранжыроўкі.
Творчы сямейны дуэт згуртаваў вакол сябе таленавітых навучэнцаў. У 1993 годзе ансамблю “Званочкі” прысвоена высокае званне “Узорны”.
Неўзабаве Мікалай Паўлавіч стварыў студыю эстрадных спеваў “Палёт”, якая ў 2000-м годзе таксама стала ўзорнай.
Безумоўна, гэтым значным падзеям папярэднічала самаадданая праца кіраўнікоў дзіцячых калектываў. Ім прыходзілася прыкласці шмат намаганняў, каб у навучэнцаў сфарміраваўся музычна-эстэтычны густ, любоў да беларускай песні, каб развіваліся іх творчыя здольнасці, каб ва ўзаемаадносінах былі не толькі шчырасць і праўдзівасць, але і пачуццё высокай адказнасці. Хоць і Вера Іванаўна, і Мікалай Паўлавіч – людзі наогул добрыя, памяркоўныя і цярплівыя, але ў некаторых выпадках ім прыходзілася быць вельмі патрабавальнымі і нават жорсткімі, бо інакш ніякіх поспехаў не даб’ешся.
Цяпер у рэпертуары ўзорных калектываў — звыш двухсот беларускіх песень. Амаль тры дзесяцігоддзі яны прыносяць асалоду і падымаюць настрой не толькі ашмянскім слухачам, але выступаюць на абласной і рэспубліканскай сцэнах, пабывалі ў Літве і Польшчы.
Нельга не адзначыць і той факт, што творчасць “Званочкаў” садзейнічае захаванню і прапагандзе фальклорнай спадчыны Ашмяншчыны. У пошуках аўтэнтычнага матэрыялу Вера Іванаўна разам з навучэнцамі пабывала ў многіх вёсках і на хутарах, дзе адбываюцца сустрэчы з самабытнымі музыкантамі і спевакамі, пажылымі людзьмі, якія памятаюць старадаўнія абрады. Затым з дапамогай Мікалая Паўлавіча песні апрацоўваюцца, запісваецца музыка.
Акрамя старадаўніх песень, арганічна ўпісаліся ў канцэртныя праграмы ўзорнага калектыву сцэнічныя абрады “Гуканне вясны”, “Ішла Каляда, калядуючы”, “Купалле” і іншыя. Гучаць у выкананні “Званочкаў” і студыі “Палёт” таксама песні, створаныя на вершы мясцовых самадзейных паэтаў. Музыку да іх напісаў М.П. Федарэнка.
Больш за 20 гадоў радуюць узорныя калектывы літаральна ўсіх жыхароў рэгіёна двухгадзіннымі святочнымі канцэртамі “Калядныя сустрэчы”. Наведвальнікі сцвярджаюць: пабываць на такіх канцэртах – значная і запамінальная падзея ў жыцці.
Самі ж удзельнікі “Званочкаў” і студыі “Палёт” адзначаюць, што заняткі ў гэтых калектывах выхоўваюць у іх маральна-эстэтычныя ідэалы, дысцыплінаванасць, пачуццё адказнасці за агульную справу, далучаюць да актыўнай дзейнасці. Многія з іх пасля заканчэння навучальнай установы назаўсёды звязваюць сваё жыццё з музыкай і спевамі.
І ансамбль “Званочкі”, і студыя “Палёт” пастаянна ўдзельнічаюць у шматлікіх музычных фестывалях і конкурсах. За высокае выканальніцкае майстэрства, прапаганду беларускай песні, актыўны ўдзел у культурным жыцці яны з’яўляюцца ўладальнікамі больш сарака грамат і дыпломаў рознага ўзроўню – ад раённага да міжнароднага. Пералічыць іх усе проста немагчыма, таму назавём толькі самыя апошнія: дыпломы лаўрэатаў І ступені Міжнародных конкурсаў “Ветразі мары”, “Добры дзень, свет!”, “Творчасць без межаў”. А напярэдадні новага навучальнага года хормайстар узорнага ансамбля песні і танца “Званочкі” Вера Федарэнка ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”.
…Амаль пяцьдзясят гадоў крочыць разам сямейны дуэт Федарэнкаў. Пажаніліся яны яшчэ ў час вучобы ў Маладзечанскім музычным вучылішчы. Выгадавалі трох сыноў, радуюцца ўнукам. Абое — дбайныя гаспадары. Вось словы адной з настаўніц: “У кватэры Федарэнкаў стэрыльная чысціня, а на дачы — парадак і прыгажосць”.
Сямейная пара таксама з’яўляецца ініцыятарам многіх дабрачынных спраў. Адна з іх — догляд месцаў пахавання людзей, у якіх не засталося ні родных, ні знаёмых.
Хочацца пажадаць і Веры Іванаўне, і Мікалаю Паўлавічу, і іх выхаванцам дасягнення новых творчых вяршынь, энергіі, аптымізму. Няхай ім спадарожнічаюць поспех і ўдача ва ўсіх справах.
Рамуальда Ануфрыева, загадчык народнага музея гісторыі сярэдняй школы № 1 г. Ашмяны імя М.М. Гружэўскага.


