Дзень суседзяў адзначылі жыхары памежных вёсак Мардасы і Навасяды

Культура

 

“Лепей блізкія суседзі, чым далёкая радня” – сцвярджае народная мудрасць, і з ёй складана не пагадзіцца. Суседзі – гэта людзі, з якімі мы жывём побач усё жыццё. Людзі, з якімі мы бачымся і маем зносіны часцей, чым са сваімі сваякамі. Суседзі становяцца блізкімі людзьмі, якім мы давяраем нават ключы ад кватэры.

Міжнародны дзень суседзяў адзначаецца ў верасні з 1999 года, і ўжо добрай традыцыяй стала яго святкаваць у кутках нашага раёна. Менавіта гэта імпрэза – “Добры дзень, суседзі!”, а яшчэ, па словах вядучых, Дзень ведаў, Міжнародны дзень дабрачыннасці, Сусветны дзень прыгажосці, і Сусветны дзень турызму сабралі жыхароў памежных вёсак Мардасы і Навасяды.

Нядзеля, цудоўнае бабіна лета, бадзёрая музыка – ці ёсць варыянт правесці тыдзень выходныя за гэты? Таму і ля падворка мясцовых жыхароў Мусніцкіх сабралася нямала людзей – сем’яў з маленькмім дзеткамі і людзей старэйшых — весела бавіць час.

На свяце стараліся ўспомніць кожнага жыхара. Павіншавалі з юбілеямі і адзначылі старажылаў. Рэгіне Іосіфаўне Масальскай з Навасядаў 21 чэрвеня споўніўся 91 год, а  Ірэна Аляксандраўна Сінкевіч – з гэтай жа вёскі — 5 красавіка адзначыла 90-гадовы юбілей. Жыхарка Мардасоў — Гэлена Міхайлаўна Лернатовіч 1 красавіка адзначыла 86 год.

Суседзі – гэта “паліць кветкі” і “пакарміць ката”, калі гаспадароў няма дома, гэта “пагаварыць па душах” і “папіць кавы”, паглядзець за маленькімі дзецьмі, калі маме патрэбна адысці. Суседзі – незамянімыя. А калі ўлічыць, што ў Навасядах пражывае 92 чалавекі, то суседства можа быць і на адлегласці нават аднаго кіламетра – і гэта сяброўству не перашкода.

Акрамя радасці сустрэч гасцям свята эмоцыі дарылі артысты і запрошаныя госці, сярод якіх — народны ансамбль песні і танца “Крыніцы”.

Вядучыя свята Станіслава Тамашэвіч і Дзіяна Купрыянюк ў завяршэнне падзякавалі прысутным і яшчэ раз павіншалі ўсіх гасцей і жыхароў вёсак за тое, што ўмеюць і весяліцца, і працаваць. Так, свята атрымалася, было весела, дружна і цікава, інакш і быць не магло, бо ўсе прысутныя – адна сям’я, усе — сельскія жыхары.

Інга ГІЗ.