Пад аховай Маці Божай Вастрабрамскай

Культура

 

Праўду кажуць — знайсці каханне няпроста. Яшчэ складаней яго захаваць і пранесці праз жыццёвыя выпрабаванні. Леакадзія Францаўна і Браніслаў Антонавіч Кавалеўскія будуюць свае адносіны на працягу пяці дзясяткаў гадоў ва ўзаемаразуменні, цярплівасці і, канешне, каханні.

Здаецца, усё гэта было толькі ўчора, а за плячыма ўжо больш паўстагоддзя сумесных дзён і начэй, падзеленых пароўну радасцей і турбот. Гартаючы старонкі сямейнага фотаальбома, яны расказваюць сваю гісторыю і адзначаюць, што дзесяцігоддзі для іх праляцелі нібы імгненне. Вялікая колькасць здымкаў у сямейным архіве – добры напамін аб шчаслівых момантах, якія Кавалеўскія перажылі разам.

У кожнай сям’і добра памятаюць асаблівы вясельны дзень і той момант, калі давалі перад Богам клятву вернасці і кахання на ўсё жыццё. Леакадзія Францаўна і Браніслаў Антонавіч ужо пяць дзесяцігоддзяў — пад аховай Маці Божай Вастрабрамскай, якая звязала іх лёсы назаўсёды. Так, 14 жніўня 1970 года Кавалеўскія бралі шлюб у касцёле ў Вільні, куды пасля яшчэ не раз вярталіся.

— Добра памятаю, як сабраліся і паехалі ў Вільню на невялічкім бусе, ці правільней сказаць “казёлчыку”, — успамінае Леакадзія Кавалеўская. — Але самы цудоўны момант жыцця нам сапсавала дэлегацыя японцаў, якая ў той час была ў цэнтры горада. Калі мы выйшлі з касцёла, яны наляцелі, акружылі з усіх бакоў і пачалі фатаграфаваць, напэўна, ім дзіўна было ўбачыць, як праходзіць вяселле ў Савецкім Саюзе. Я, прыкрываючыся вэлюмам і прыпадымаючы падол сукенкі, хутчэй пабегла хавацца ў машыну. Таму мы вырашылі, што праз пяцьдзясят гадоў будзем браць шлюб у нашым касцёле.

Кавалеўскія ўжо плануюць, як пасля ўрачыстай цырымоніі ў касцёле за вялікім сталом збяруцца дзеці, унукі і маленькі праўнук, родныя і блізкія людзі, якія будуць жадаць “маладым” пражыць доўгае і шчаслівае жыццё разам. Будуць кветкі і падарункі, цёплыя словы віншаванняў і, канешне, заклікі “Горка!”.

Пазнаёміліся Леакадзія і Браніслаў у Ашмянах выпадкова… Цікава назіраць, як незвычайна сплятаюцца чалавечыя лёсы. Бывае, што жывуць маладыя людзі ў адным горадзе і нібыта не бачаць адзін аднаго да пэўнага моманту. Быццам нехта ці нешта размяркоўвае такім чынам, што гэтыя незнаёмцы не толькі сустрэнуцца, але і пакахаюць адзін аднаго. Так атрымалася і з Леакадзіяй і Браніславам. Аднойчы даўшы клятву вернасці, яны збераглі і пранеслі свае пачуцці праз дзесяцігоддзі, не згубілі іх у няспынным жыццёвым віры.

Леакадзія нарадзілася і вырасла ў вёсцы Папельнікі Іўеўскага раёна, скончыла там школу, марыла, што звяжа жыццё з медыцынай, але лёсам было наканавана інакш. Пасля дзесяці класаў яна разам з аднакласніцамі вырашыла паступаць у Маладзечанскае радыёвучылішча, а затым працягнуць навучанне ў сталічным інстытуце. І тут не атрымалася! Маці загадала дачцэ паехаць у Ашмяны, дзе ўжо жыла і працавала старэйшая сястра. Так Леакадзія паспяхова была залічана на бухгалтарскае аддзяленне тэхнікума, на апошнім курсе якога і пазнаёмілася з будучым мужам.

Сястра Леакадзіі жыла на Горнай вуліцы ў доме, падзеленым на дзве часткі. У другой палове жыла сястра Браніслава, да якой ён часта прыязджаў у госці на сваім матацыкле. У адзін з такіх візітаў юнак заўважыў на лаўцы ля дома маладую прыгажуню і зразумеў, што закахаўся, і ўжо пасля выпускнога вечара зрабіў прапанову рукі і сэрца. Вяселле гудзела два дні – адразу ў доме дзяўчыны, а пасля святкаванне перанеслася ў дом мужа.

— Ехалі на вяселле тады на грузавой машыне, — успамінае Браніслаў Антонавіч, — маладая ў белай сукенцы — у кабіне, а я з гасцямі — у кузаве.

А далей пачалося сямейнае жыццё з яго паўсядзённымі клопатамі і перажываннямі. Вось толькі не было яно выслана золатам, а напоўнена цяжкай штодзённай працай. Увогуле, дзе б ні працавалі Леакадзія Францаўна і Браніслаў Антонавіч, усюды вызначаліся сваёй працавітасцю і адказнасцю. І паспявалі не толькі на рабоце, але і дома, сваіх дзяцей выхоўвалі добрым прыкладам. І гэты прыклад быў не толькі ў працы, але і ў паважлівым стаўленні да сям’і.

Леакадзія Францаўна прызнаецца, што жыццё заўсёды дарыла ёй сустрэчы з цудоўнымі людзьмі і прапаноўвала цікавыя знаёмствы, якія часта захоўваліся на ўсё жыццё. Сціплая, ініцыятыўная і адказная жанчына заўсёды карысталася аўтарытэтам у калектывах, дзе рупілася. Працоўную біяграфію Леакадзія Фанцаўна пачынала ў калгасе “Шлях камунізму”, галоўны бухгалтар якога Пётр Руткоўскі і даў маладой дзяўчыне квіток у прафесію, дзяліўся вопытам і падтрымліваў.

Той жа восенню Леакадзія вырашыла паступаць у Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут, філіял якога месціўся ў Калінінградзе. Галоўны бухгалтар хацеў, каб Леакадзія засталася ў калгасе і неўзабаве заняла яго пасаду, але перспектыўная дзяўчына хацела пабудаваць свой шлях інакш. Перайшла на працу намеснікам галоўнага бухгалтара ў калгас імя Суворава, а пасля яго рэарганізацыі — “Ясную Паляну”: стала галоўным бухгалтарам. Жанчына хвалявалася, што не справіцца з адказным участкам, але і тут ёй на дапамогу прыйшлі спагадлівыя калегі: Ніна Свіла, Галіна Шаблінская, Генуэфа Янч, Яўгенія Сінкевіч, Марыя Каляга і Марыя Цыбульская. З некаторымі Леакадзія Францаўна падтрымлівае сувязь і зараз, іх часта аб’ядноўваюць розныя падзеі ў жыцці — добрыя і нешчаслівыя.

У 1983 годзе Леакадзія Кавалеўская была пераведзена на працу галоўным бухгалтарам ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі Ашмянскага райвыканкама і працавала там да 1992 года. На заслужаны адпачынак жанчына пайшла ўжо з Ашмянскай мытні, якой прысвяціла дзевятнаццаць гадоў.

Браніслаў Антонавіч за жыццё  таксама змяніў некалькі месцаў працы. Скончыўшы вучобу ў Жыровіцкім тэхнікуме па спецыяльнасці “тэхнік-электрамеханік”, працаваў у аўташколе, райсельэнерга і другіх арганізацыях горада. Амаль з кожнага месца працы ў мужчыны захаваліся граматы і падзячныя лісты, а ў працоўнай кніжцы — запісы аб шматлікіх заахвочваннях.

…За пяць дзясяткаў гадоў адносіны і пачуцці сям’і Кавалеўскіх сапраўды сталі “залатымі”, бо ўсе гэтыя гады яны, і ў горы і ў радасці, падтрымлівалі адзін аднаго, разам перажывалі ўзлёты і шчаслівыя моманты, дзялілі напалову беды і расчараванні.

Дом, у якім цяпер жывуць Кавалеўскія, перавезены з Сякераўцаў, дзе жылі бацькі Браніслава Антонавіча. У Сякераўцах нарадзілася дачушка Вольга, а сын Андрэй — ужо ў сценах гарадскога дома.

Усё, што ёсць у Кавалеўскіх, зроблена іх працавітымі рукамі. Нават сёння, не зважаючы на ўзрост, яны стараюцца кожны куточак вакол сябе зрабіць прыгожым і ўтульным: садзяць агарод, даглядаюць кветнікі, падтрымліваюць парадак у сваім двары і нават ездзяць на лецішча ў Міхалконі, дзе ўвесь участак усыпаны кветкамі розных гатункаў. Дома таксама ўвесь гасцявы пакой застаўлены прыгажунямі-архідэямі, якія гаспадыня атрымлівае амаль на кожнае свята.

— Яшчэ калі працавала, думала, што не буду лічбамі на пенсіі займацца, а пайду працаваць на зямлі, — усміхаецца гаспадыня. — Мы нават маем невялічкую гаспадарку – чатыры вуллі, з якіх хапае мёду на ўсю сям’ю.

Кавалеўскія ў адзін голас адзначаюць, што на пенсіі няма калі сумаваць, і трэба радавацца кожнаму новаму дню, нягледзячы на цяжкасці, якія “падкідвае” лёс. Аднойчы старэйшая сястра Леакадзіі Францаўны прапанавала завітаць у аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Пасля першай шчырай сустрэчы, якую правялі Аксана Бітэль, Ларыса Сурынава і Людміла Барабанава, яны сталі там частымі гасцямі і актыўнымі ўдзельнікамі аб’яднанняў. Людміла Анатольеўна перадала сваё захапленне вязаннем жанчыне, якая амаль увесь вольны час стала прысвячаць гэтай справе. Упрыгожваюць дом Кавалеўскіх  і карціны, выкананыя ў тэхніцы алмазнай вышыўкі.

Леакадзія Францаўна і Браніслаў Антонавіч бязмежна шчаслівыя яшчэ і таму, што маюць самае каштоўнае багацце — дзяцей, якія частыя госці ў бацькоўскім і дзядуліным доме. Кавалеўскія выхавалі дваіх дзяцей — Андрэя і Вольгу, якая, на жаль, рана пайшла з жыцця, але яе працягам і супакаеннем для бацькоў стала ўнучка Вераніка.

Дзверы іх утульнага дома заўсёды адчынены для родных і блізкіх людзей, для сяброў і знаёмых. Сустрэчы з любімымі бабуляй і дзядулем чакаюць унучкі Ірына, Соф’я і Вераніка, а таксама маленькі гарэза — праўнук Раман.

Жыццёвы шлях нашых герояў — цудоўны прыклад таго, як можна годна пражыць жыццё, не ачарсцвець душой і не згубіцца ў мітусні дзён. Яны заўсёды і ўсюды разам ідуць па жыцці, пад аховай сваёй нябеснай заступніцы і апякункі Маці Божай Вастрабрамскай.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.