У краязнаўчым музеі адкрылася выстава работ аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры

Культура

 

Краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча не перастае здзіўляць наведвальнікаў новымі выставамі. Здаецца, не паспелі ашмянцы наталіцца прыгажосцю фарбаў і вобразаў, створаных мастаком Васілём Зянько, як паклікала да сябе цёплая настальгія па мінулым – традыцыі нашых продкаў паўсталі ўвачавідкі дзякуючы нястомнай працы ў гэтым накірунку работнікаў Ашмянскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

Майстры Дома рамёстваў напоўнілі выставачную залу музея сваімі цёплымі і душэўнымі вырабамі, расказалі аб сваёй дзейнасці, узгадалі, адкуль прыйшло жаданне займацца традыцыйнай беларускай дэкаратыўна-прыкладной творчасцю і паказалі, як уласнымі рукамі можна зрабіць посуд з гліны ці выткаць шыкоўны паясок.

Выстава “Ад вытокаў традыцый” сабрала шмат прыхільнікаў спадчыны нашых продкаў. Вядучыя мерапрыемства, навуковыя супрацоўнікі музея Ірына Бусловіч і Святлана Чарняк, пазнаёмілі прысутных з гасцямі выставы і далі слова загадчыцы аддзела Валянціне Свірскай. Стасункі гэтай жанчыны з культурай пачаліся амаль 25 год назад, калі лёс прывёў яе ў Палянскі сельскі клуб. Шэры і амаль непрыгодны для выкарыстання будынак праз некалькі год яна ператварыла ў цэнтр рамёстваў. У 2003 годзе сельскі клуб атрымаў статус Дома творчасці, тут пачалі працаваць гурткі, якія збіралі пад крылом утульнай установы культуры дзяцей і дарослых. А ўжо ў 2008 годзе Валянціна Казіміраўна стала лаўрэатам абласной прэміі імя Дубко як лепшы клубны работнік года.

Сёння аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры знаходзіцца ў горадзе. Месціцца ён у будынку былой раённай бібліятэкі і ўяўляе сабой неабдымную, вечна жывую душу народа, яго багаты, назапашаны стагоддзямі практычны вопыт і эстэтычны густ.

У залежнасці ад матэрыялаў і спосабаў іх апрацоўкі беларускае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва дзеліцца на розныя віды, сярод якіх найбольш пашыранымі з’яўляюцца мастацкая апрацоўка дрэва, ганчарства, пляценне, роспіс, ткацтва, вышыўка.

Першыя крокі Валянціны Казіміраўны ў гэтым накірунку пачаліся з саломапляцення. Менавіта мясцовая залатая саломка з дапамогай пляменніцы пачала ператварацца ў яе спрытных руках ў падвясныя загадкавыя канструкцыі – павукі, на змену якім прыйшлі скрыначкі і шкатулкі, аплікацыі і вытанчаныя кветкі, выявы прадстаўнікоў жывёльнага свету. Сёння Валянціна Казіміраўна можа зрабіць любы выраб, які ўзнікае ў яе фантазіі, а напачатку тэхніка саломапляцення дапамагала хаваць хібы сціплых памяшканняў клуба і ствараць у іх утульнасць і прыгажосць. На змену саломапляценню прыйшоў бісер. Гэта тэхніка так захапіла майстрыху, што яна і не заўважыла, як “пасадзіла” зрок – неадрыўна магла сядзець за працай гадзінамі, нават ноччу.

А пасля на дапамогу Валянціне Свірскай прыйшла Валянціна Пакульневіч. Жанчына ўладкавалася на працу прыбіральшчыцай, але ў хуткім часе высветлілася, што яна цудоўна валодае пруткамі, кручком, вышывае крыжыкам, шые мяккія цацкі, а таксама любіць займацца бісерапляценнем. Валянціны пачалі працаваць у “чатыры рук”: адна нанізвала бісер, а другая “круціла” з яго розныя вырабы.

Сёння ў аддзеле рамёстваў працуюць таксама Марына Ягела, Марыя Заянчкоўская, Мар’ян Козар, Іван Балкоўскі, для якіх захапленне дэкаратыўна-прыкладной творчасцю стала часткай жыцця. Пляценне ў тэхніцы макрамэ, валянне з шэрсці і лёну, вырабы з карэння дрэў, гліны, тканыя паясы – усё даступна іх таленавітым рукам.

Сваё майстэрства работнікі аддзела перадаюць маладому пакаленню, упрыгожваюць уласнымі вырабамі свае дамы, робяць падарункі знаёмым і блізкім. Лялькі-матанкі госці выставы падарылі ўсім прысутным. Такія вырабы лічацца абярэгамі. Як расказала Валянціна Свірская, лялькі-абярэгі не маюць твару, а гэта значыць не могуць увабраць нядобрыя думкі чалавека, які нават выпадкова аказаўся побач з майстрыхай. Вельмі многія лялькі-абярэгі служылі ад сурокаў, дурнога вока, іх вешалі на самае бачнае месца ля ўваходу, каб зірнуўшы на ляльку, злы чалавек на ёй пакінуў сваю негатыўную энергію.

Падчас адкрыцця выставы можна было задаць майстрам пытанні і паўдзельнічаць у майстар-класах, а таксама кінуцца ў скокі пад заліхвацкія мелодыі народнага ансамбля “Жытніца” Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу, якія, дарэчы, таксама захоўваюць нашу спадчыну – працягваюць жыццё песень нашых матуль і бабуль.

Выставу вырабаў работнікаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры можна наведаць у музеі ва ўсе дні тыдня, акрамя панядзелка.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *