Не патрэбен нам бераг турэцкі. Як карэспандэнт «Ашмянскага весніка» сплаўляўся па рацэ

Культура

 

З чым у большасці людзей асацыіруецца лета? Правільна! З адпачынкам і канікуламі. Але, каб вашы вакацыі не прайшлі дарэмна і потым узімку было што прыгадаць, яны не павінны прайсці дома з чатырохногім сябрам-канапай перад тэлевізарам ці ноўтбукам. І тут для тых, хто шукае, варыянтаў – процьма.

Нехта да адпачынку пачынае рыхтавацца яшчэ зімой: разглядвае шыкоўныя фотаздымкі далёкіх экзатычных берагоў, выбірае турфірмы і гатэлі, адкладвае кожную капейку, каб летам пасмажыць свае бачкі на пляжах Турцыі ці Егіпта.

Іншыя вырашаюць свой адпачынак правесці далей ад людзей – на вёсцы ці дачы, зрэдку ходзячы на бераг ракі ці возера, за зборам у лесе ягад ці грыбоў, атрымліваючы асалоду ад спеву птушак, спакою і адсутнасці гарадскога шуму.

А некаму цяжка ўсядзець на адным месцы. Такім не патрэбны ол-інклюзіў і турэцкі бераг, таму што тут, у роднай Беларусі, літаральна ў кожным селішчы жыве свая мясцовая казка, цуд, легенда. Трэба толькі ўмець іх убачыць. Такія людзі выбіраюць паходы, велапрабегі, сплавы па рэках.

Чым выйграе сплаў па рацэ сярод іншых відаў турызму (не ўлічваючы, канешне, мота- ці аўтатурызм), дык гэта тым, што не трэба, як слімак, цягнуць усё на сабе. Запакаваў свае рэчы – адзенне, спальны мяшок, ежу, палатку – у воданепранікальны мяшок, паклаў у лодку і ўсё – сядзі, адпачывай, атрымлівай асалоду ад навакольных пейзажаў, зрэдку падпраўляючы курс лодкі вяслом.

А рэкі ў нашай краіне, а тым больш у нашым рэгіёне, варта адзначыць, спакойныя і ціхія, аднак ад гэтага не менш небяспечныя. Дарэчы, вада памылак не прабачае – і пра гэта трэба памятаць заўсёды. Але калі ты падрыхтаваны, апрануты ў выратавальны жылет і не дурэеш на вадзе, то ўсё будзе добра, асабліва калі побач – надзейныя сябры.

Кожны год мы стараемся выбраць момант, каб на некалькі дзён вырвацца з гарадской спякоты і прайсціся па новым незнаёмым маршруце па рэчках і рачулках. Так, на маім асабістым рахунку сплавы на байдарках па рацэ Сэрвач – ад Будслава да Вілейкі, па Ашмянцы – ад Агароднікаў да Солаў, па Віліі – ад Вілейкі да Смаргоні і ад Маркунаў ажно да Вільнюса.

Сёлета мы з сябрамі вырашылі апрабаваць новы для нас сродак для сплаву – вялікую лодку-пласкадонку, знешне нечым падобную да невялікага варажскага карабля. Некалькі такіх лодак нам прэзентаваў гаспадар жодзішкаўскай аграсядзібы “Вялес” Алег Мізула, які, дарэчы, падчас вандроўкі выконваў і ролю экскурсавода.

Маршрут мы выбралі не вельмі працяглы – усяго ад Жодзішак Смаргонскага раёна да вёскі Дубок Астравецкага раёна, дзе знаходзяцца некалькі святыняў (пра іх падрабязней  – крыху ніжэй).

Аб тым, што не мы адны цікавімся гісторыяй нашай зямлі, гаворыць той факт, што разам з намі ад Жодзішак сплаўляліся яшчэ дзве групы – з Мінска і Барысава.

Самае галоўнае, што варта запомніць усім, хто ні разу не сплаўляўся па рэках, але мае намер гэта зрабіць, не прамаўляць у прысутнасці бывалых маракоў і турыстаў слова “плывём”. Плавае па рацэ тое самае, пра што вы падумалі, а маракі і турысты-воднікі па вадзе ходзяць!

Аднак трэба адзначыць, што па першым часе большасць навічкоў сапраўды плыве. Плыве туды, куды іх нясе плынь ды падганяе вецер. Для тых жа, хто ідзе не ў першы раз, не складае цяжкасці ўжо пасля некалькіх узмахаў вёсламі ўспомніць, што і як трэба рабіць, каб лодка ішла ў патрэбным накірунку.

Паколькі мы вырашылі нікуды не спяшацца, а проста ісці і атрымліваць асалоду ад вандроўкі, то на свой “карабель” мы ўзялі толькі два вяслы і руль, аб чым крыху пазней пашкадавалі, бо з самага пачатку мы ўзялі добры тэмп і “прамахнуліся” з першапачатковай кропкай прыпынку дзесьці на паўкіламетра. Гэты адрэзак супраць цячэння мы “выграбалі” на двух вёслах гадзіны паўтары. Аднак, яно таго было варта, бо першым прыпынкам стаў скаладром непадалёк ад вёскі Мель.

Калі вы не ведаеце, што менавіта тут знаходзіцца мясцовы скаладром, то знайсці яго будзе складана, бо з ракі яго можна не заўважыць за велічнымі соснамі, а да бліжэйшай гравійкі трэба прабірацца па лясных сцяжынках. Аднак пабачыць яго трэба, нездарма ж сюды прыязджаюць трэніравацца мясцовыя скалалазы.

З зямлі выглядаюць ачышчаныя ад зямлі часам і дажджамі камяні-волаты, якія сюды прынёс, напэўна, апошні ледавік. Сам скаладром размешчаны на тэрыторыі ландшафтна-батанічнага заказніка “Блакітныя азёры”, таму ніякай гаворкі пра штучнае яго з’яўленне і ісці не можа – такія валуны голымі рукамі не паперакідваеш, а магчымасцей развярнуць тут габарытную тэхніку – няма. Аднак пры бліжэйшым разглядзе становіцца відавочна, што за гэтым месцам прыглядаюць: умацоўваюць камяні цэментам, прыбіраюць смецце, шышкі і апалае лісце. Збоку ад скаладрома пратаптана сцяжынка для тых, хто не рызыкнуў падымацца ці спускацца, чапляючыся за камяні, бо забрацца на вяршыню гары проста з наскоку, без падрыхтоўкі, атрымаецца не ў кожнага.

Наш экскурсавод Алег па дарозе шчыра дзяліўся з намі гісторыяй мясцін, праз якія пралягаў наш водны шлях: курганоў, што шчыра рассыпаны па берагах, вёсак і іх жыхароў, рэшткаў збудаванняў, крыніц і святынь.

Канешне, многае з таго, што нам расказваў наш экскурсавод, можа падацца байкамі, казкамі ці нават хлуснёй, але ж месцамі не-не, ды падумаеш: а можа, і сапраўды так было? Асабліва, калі бачыш у непралазным гушчары проста пасярод леса камень, на якім вісіць шыльда “Гістарычны помнік”, ці праплываеш побач з рэшткамі Тупальскага чыгуначнага маста часоў Першай сусветнай вайны, ці бегаеш вакол шырачэзнага дуба, каб зняць ведзьмаўскія чары.

Вёска Дубок – канчатковая кропка нашага сплаву – складаецца ўсяго з некалькіх хат, ды і тыя па знешнім выглядзе хутчэй выкарыстоўваюцца як лецішча.

Тым не менш Дубок можа пахваліцца адразу некалькімі святынямі ў сваіх ваколіцах: драўлянай каталіцкай капліцай 1929 года будаўніцтва, капліцай «Крыніца ў багіні», капліцай-пахавальняй і брамай.

Драўляная капліца пасярод лесу вельмі ўражвае. Тут нейкім чынам адчуваеш спалучэнне хрысціянства і былой паганскай веры, народных традыцый і рэлігійнага светапогляду: ёсць драўляная скульптура распятага Збавіцеля на галоўным фасадзе, крыж філіграннай кавальскай работы, які вянчае дах касцёла, а сам дах аздабляюць дубовыя галінкі, дзве каменныя кропельніцы побач з уваходам, прыбітыя да сцяны драўляныя маскі выскаленых пашчаў драпежнікаў – адбіткі старадаўняй мінуўшчыны краю. Гэта месца нібыта прыйшло сюды з чорна-белай кінастужкі “Вій” з маладым Кураўлёвым.

Не менш уражвае і каменная капліца-пахавальня, што таксама хаваецца ў гушчары. Не вельмі вялікая па памерах, яна стаіць непадалёк ад ракі і відаць час ад часу яшчэ працуе па сваім прамым прызначэнні.

“Крыніцу ў багіні” магчыма добра разгледзець хіба што з лодкі. Тут жа кожны жадаючы можа памаліцца і набраць ледзяной вады.

Зранку нас разбудзілі не птушыныя спевы ці мясцовыя пеўні, а святочны гоман. Як высветлілася, кожны год менавіта ў першую нядзелю ліпеня ў вёсцы Дубок Астравецкага раёна адбываецца святочная імша, на якую збіраюцца не толькі жыхары наваколля, а і прыязджаюць вернікі з далёкіх і буйных гарадоў. Звычайна імшу праводзяць адразу пяць святароў з бліжэйшых парафій: Жодзішак, Смаргоні, Солаў, Гудагая і Гервятаў — таму падзея гэта даволі адметная. Пасля святочнай імшы адбываецца «Кальварыя» — малітоўны ход па лесе працягам каля 4,5 кіламетра.

Беларусь – краіна велічная, гордая, вольная, дарагая, пяшчотная, баявая, мужная, сiнявокая, зямля пад белымі крыламі, край дзівосаў і цудаў, азёрны край, святая зямля, старажытная, прасторная… Для кожнага свая – і адна для ўсіх. Але, каб ведаць яе, яе сакрэты, таямніцы і душу, трэба часцей з ёй сустракацца, вандраваць ды пазнаваць яе з розных бакоў.

Антон МАЛЬШЭЎСКІ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *