У Ашмянскім краязнаўчым музеі адкрылася выстава “Без права жыць”

У Ашмянскім краязнаўчым музеі адкрылася выстава “Без права жыць”, прысвечаная генацыду яўрэйскага народа падчас Другой сусветнай вайны. Невыпадкова гэта тэма прагучала напярэдадні адной з найбольш трагічных у гісторыі нашай краіны дат — Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны — і стала наказам сённяшнім пакаленням, дзецям і ўнукам мільёнаў загінулых салдат, берагчы мір, у якім мы сёння жывём.

Чаму такая выстава была зладжана менавіта ў нашым музеі? Гісторыю нашага краю немагчыма ўявіць без людзей яўрэйскай нацыянальнасці. Перад вайной у Ашмянах пражывала больш за 8500 чалавек, сярод якіх яўрэі складалі палову. Шмат іх атабарылася ў Гальшанах, жылі яны ў Жупранах і Барунах, суседніх з намі гарадах і мястэчках — Смаргоні, Крэве, Солах, Міхалішках, Свіры…

Неймаверныя выпрабаванні чакалі іх у час ваенных ліхалеццяў. Практычна кожнаму вядома значэнне слова “халакост”. Ён уяўляў сабой жахлівую спробу нацыстаў цалкам вынішчыць яўрэйскі народ. Маштабная, добра адладжаная сістэма па знішчэнні людзей амаль ніколі не давала збояў. Бесперапынна функцыянавалі гета, канцэнтрацыйныя лагеры, ствараліся незлічоныя спісы патэнцыйных ахвяр.

У красавіку 1942 года было загадана забіць усіх яўрэяў, што засталіся ў жывых. Частка з іх (каля 500 чалавек) была расстраляна ў гета. Каля 500 старых і слабых вязняў вывезлі і забілі ў лесе каля вёскі Зялёнкі (Гродзінскі сельсавет). У лістападзе гэтага ж года расстралялі каля 700 чалавек каля вёскі Талмінава (былы хутар Угляёва). Вясной 1943 года такі ж лёс чакаў яшчэ 2830 чалавек. Апошніх ашмянскіх яўрэяў вывезлі на падводах на станцыю Солы, а затым — у Панару, дзе забілі.

Адна з экспазіцый выставы расказвае пра гета ў Ашмянах, у якое былі сагнаны таксама яўрэі з Жупран, Барун, часткова з Гальшан. Гета, абмежаванае вуліцамі, прылеглымі да сінагогі, змяшчала каля 4000 чалавек.

Побач з тэмай гета трагічным радком праходзіць інфармацыя аб канцэнтрацыйных лагерах Трэцяга рэйха – месцах зняволення і знішчэння ўладамі гітлераўскай Германіі людзей па палітычных ці расавых пытаннях (пераважна яўрэяў). Па некаторых дадзеных, праз гэтую сістэму прайшло не менш за 18 мільёнаў чалавек.

Адна з экспазіцый выставы прысвечана праекту “Сад Праведнікаў народаў свету” ў Іерусаліме, які заснаваны ў гонар тысячаў неяўрэяў — барацьбітоў супраць нацызму, якія па абавязку сумлення абралі шлях выратавання сваіх яўрэйскіх братоў ад бесперапыннага генацыду. Звяртаюць на сябе ўвагу звесткі пра Зофію Поранскую (пазней Залінскую), дачку настаўніцы сярэдняй школы, якая жыла з бацькамі ў Ашмянах. Падчас вайны яна разам з сястрой, ставячы пад пагрозу сваё жыццё, а таксама жыццё сваіх родных, хавала ў сябе яўрэяў. У садзе Праведнікаў народаў свету расце і яе дрэва, а таксама дрэва яе сястры Дануты, таксама прызнанай праведніцай.

Кожны прадмет выставы — частка нашай гісторыі. Дакументы, здымкі, прадметы побыту, элементы вопраткі (кіпа і талес), фрагмент кнігі на ідышы, інсталяцыі трагічных падзей.

Гэта наша памяць і надзея на тое, што падобная трагедыя ніколі не паўторыцца.

Наведаць выставу ў краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча можна штодня, акрамя панядзелка, з 10 да 19 гадзін.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.

 

Оперативные и актуальные новости г. Ошмяны и Ошмянского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке https://t.me/osh_by
0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Генерация пароля