Наш Іван

Культура

 

Людская памяць сцірае многае, але назаўсёды застануцца ў яе закутках падзеі Вялікай Айчыннай вайны і ўспаміны аб тых, хто цаной свайго жыцця набліжаў Вялікую Перамогу. Час перагортвае старонкі гісторыі. Людзі, лёсы, падзеі — усё сыходзіць у мінулае, забываецца. А час не чакае. Імкліва бяжыць наперад… Толькі б паспець захаваць абрыўкі даўно мінулых гадоў. Не для сябе — для будучыні.

У сямейным архіве Чаплінскіх беражліва захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне фотакарткі, дакументы і медалі ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, бацькі, дзядулі і прадзядулі Івана Чаплінскага. Іван Адамавіч пайшоў з жыцця дванаццаць гадоў таму, але памяць пра героя працягвае жыць не толькі ў сэрцах родных, але і ў рэчах, якімі ён карыстаўся.

— Гэта старэнькая шэрая скрыначка, у якую мой дзед Іван складваў усе свае фатаграфіі і ўзнагароды, а таксама дакументы нашых прадзеда і прабабкі, Адама і Ганны, — расказвае ўнук Віктар Чаплінскі. — Мы вельмі ганарымся і ўдзячныя старэйшаму сыну Францу, які калісьці перадаў нам рэчы нашага Івана, і абавязкова зберажом іх для будучых пакаленняў. Я добра памятаю, як бабуля Рэгіна брала з шафы гэту самую скрыначку, дзед Іван акуратна даставаў з яе  медалі і прымацоўваў на парадны пінжак, а мы, унукі, сядзелі ў яго на каленях, перабіралі і з цікавасцю разглядалі бліскучыя ўзнагароды.

1943 год. Са сваім сябрам Янам

Праўнука Івана, сына Віктара, назвалі ў гонар прадзядулі, з якім, на жаль, ён не паспеў пазнаёміцца і пагаварыць. Хлопчыку было ўсяго тры месяцы, калі прадзеда не стала. Ціхі і разважлівы голас Івана Адамавіча ён чуў толькі на аўдыёзапісе, дзе прадзядуля і прабабуля ўспаміналі далёкую маладосць і сваіх родных.

— Мы з братам Уладзіславам акуратна бралі ў рукі прадзедавы медалі, разглядалі, а затым прымяралі на сябе і глядзеліся ў люстэрка, — усміхаецца праўнук героя вайны, яго цёзка Іван. — Вельмі часта і цяпер мы перабіраем рэчы, якія некалі трымаў у руках прадзядуля. А яшчэ мне часта кажуць, што мы з нашым Іванам вельмі падобныя і нават пачуццё гумару ў мяне такое ж самае.

1946 год. Германія

Іван Адамавіч Чаплінскі нарадзіўся 20 ліпеня 1925 года ў вёсцы Малыя Вайшнарышкі. На вайну адзінага сына Адама і Ганны Чаплінскіх забралі ў 18 гадоў. Калі скончыўся курс маладога байца, юнака накіравалі ў 6-ты пяхотны полк 2-й дывізіі Польскай Арміі. Першы бой Іван Чаплінскі прымаў на тэрыторыі Польшчы.

Іван Адамавіч добра памятаў кожны дзень, пражыты на вайне. У памяці захаваліся твары таварышаў і звілістыя баявыя дарогі. Як і яго саслужыўцы, ён не любіў гаварыць пра ваеннае ліхалецце… Цесна пераплёўся лёс гэтага мужнага чалавека з гісторыяй нашай краіны, а вайна стала асноўнай часткай, якую ён зноў і зноў успамінаў, не звяртаючы ўвагі на хваляванне і слёзы. У сямейным архіве запісаны і беражліва захоўваюцца ўспаміны Івана Чаплінскага аб наступальнай Вісла-Одэрскай аперацыі (яна пачалася 12 студзеня 1945), з якой мужчына цудам вярнуўся жывым…

Урывак з расказаў Івана Чаплінскага: «Нашы войскі ішлі ноччу ў абыход асноўных сіл, з невялікімі баямі з групамі праціўніка, якія адыходзілі. Я быў у складзе 6-га пяхотнага палка. Задача у асноўным складалася ў пераследзе адступаючага праціўніка: не даць яму замацавацца на рубяжах, адрэзаць шляхі адыходу. На мяжы праціўнік аказаў моцнае супраціўленне, кінуўшы на нас танкі і пяхоту. Да мяжы не давалі падысці снайперы, адзін з якіх двойчы мяне раніў: у правую руку (скразное) і ў правы бок (кулявое). Упаў я недалёка ад бярозы…

Падпоўз да яе, адной левай рукой выкапаў ямку, каб схаваць галаву. Снайпер бачыў, што я жывы… Услед прагучалі яшчэ чатыры стрэлы. Зямля грымела, толькі галінкі і лісце ляцелі на мяне. А я маліўся, гучна маліўся…

Іван з жонкай Рэгінай і сынам Францам

І ўсё. Бой заціх. Мяне пагрузілі ў санітарны абоз і адправілі на лячэнне. Два месяцы я знаходзіўся ў шпіталі. Затым — зноў у страшны бой, можа быць, апошні…

Нашы войскі адсунулі войскі праціўніка. У выніку, пасля зацятых бітваў раён за раёнам былі вызвалены. Пасля ўзяцця горада Познані (23 лютага) перадавыя часткі 1-га Беларускага фронту выйшлі да ракі Одэр у раёне горада Кюстрына, фарсіравалі раку і захапілі плацдарм на заходнім беразе. Імкнучыся затрымаць прасоўванне савецкіх войскаў да Берліна, па 2-м і 1-м Беларускіх франтах немцы нанеслі контрудар з горада Памераніі. Адбіўшы яго, нашы войскі перайшлі ў наступленне і выйшлі да Балтыйскага мора, ліквідаваўшы рэшткі нямецкай групоўкі ў раёне Гдыні і Данцыга (Гданьска) у пачатку красавіка 1945 года.

Вісла–Одэрская аперацыя доўжылася 23 дні. Сярэдні тэмп наступлення складаў 25 кіламетраў у суткі. Наступіла невялікая перадышка. 1-ы і 2-і Беларускія франты ачышчалі ўзбярэжжа Балтыйскага мора ад нямецкіх войскаў, ліквідавалі групоўкі, падцягвалі рэзервы, рыхтаваліся да новых вырашальных баёў.

Вораг адступіў, але загінула вельмі шмат нашых салдат.

Перамогу Іван Адамавіч сустрэў у Польшчы, але дадому вярнуўся не адразу. Яшчэ два гады служыў у Германіі ў роце аховы штаба. Аб баявых заслугах на фронце, аб мужнасці і стойкасці ветэрана вайны кажуць і яго баявыя ўзнагароды — ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медалі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне», Жукава, «За вызваленне Варшавы», «Перамогі і свабоды», «Щит Грюнвальда».

Жыццёвы шлях Івана Чаплінскага прайшоў у сумленнай працы. Вярнуўшыся ў 1947 годзе дадому, Іван ажаніўся з суседкай Рэгінай, а праз два гады ў іх нарадзіўся першынец. Разам яны пражылі доўгае і шчаслівае жыццё даўжынёй у шэсцьдзясят год, выхавалі чацвёра дзяцей, дачакаліся васьмі унукаў і, на жаль, не паспелі патрымаць на руках сваіх праўнукаў (сёння — іх дванаццаць). Вяскоўцы з павагай адносіліся да сям’і Чаплінскіх, напэўна і таму, што галоўнымі каштоўнасцямі іх сям’і былі працавітасць, сціпласць, добразычлівасць, цёплыя адносіны да людзей.

— Мой прадзед працаваў брыгадзірам у мясцовым калгасе «Перамога» (СВК «Граўжышкi»), — расказвае праўнук Уладзіслаў Чаплінскі. — А ў вольны ад працы час глядзеў любімую перадачу «Нашы навіны», займаўся пчалярствам і лавіў рыбу ў сажалцы. Прабабуля працавала паляводам, сачыла за парадкам у доме і ў двары, смачна гатавала. Любіла займацца рукадзеллем, умела шыць, вязаць і ўсё сваё майстэрства перадала ўнукам. А як яна спявала! Нездарма амаль усе ў родзе Чаплінскіх — музыкі.

Усё далей адыходзіць у мінулае трагічны і гераічны час Вялікай Айчыннай вайны. Усё менш застаецца людзей, для якіх вайна — не старонка гісторыі, а частка ўласнага жыцця. Шчырым болем адгукаюцца падзеі вайны ў сэрцах родных і блізкіх ветэрана, беражліва захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне ўспаміны пра іх Івана — героя далёкай вайны. Дадзеныя аб Іване Чаплінскім занесены ў кнігу «Памяць» Ашмянскага раёна. Уся інфармацыя і фотаздымкі, якія захаваліся ў сям’і Чаплінскіх, цяпер сістэматызаваны ў кнізе «Нам жыць і помніць …», стварэннем якой займаўся ўнук Віктар са сваімі сынамі. Асобнікі кнігі  яны перадалі амаль усім родным Івана Адамавіча.

Здавалася, яшчэ зусім нядаўна, кожны год у Дзень Вялікай Перамогі Іван Чаплінскі апранаў парадны пінжак з  бліскучымі і дарагімі сэрцу медалямі і спяшаўся на сустрэчу да сваіх сяброў…

— У маёй памяці 9 Мая ўзнікае ў тры гады, калі мая сям’я ў дзень Вялікай Перамогі наведвала магілу прадзеда. Мой старэйшы брат ускладаў кветкі, а я дапамагаў тату чапляць бутаньерку «Кветкі Перамогі». Кожны мінак бачыў яе і разумеў, што тут спачывае чалавек, які з’яўляецца ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, — дзеліцца малодшы Іван. — Таксама, кожны год 9 Мая ў поўным складзе мы ўдзельнічаем у рэспубліканскай акцыі “Беларусь помніць”. Разам з намі «ідзе» і наш Іван Адамавіч Чаплінскі!

Сям’я Чаплінскіх у Малых Вайшнарышках

Ёсць у дружнай сям’і Чаплінскіх цудоўная традыцыя, якую блізкія заўсёды чакаюць з нецярпеннем. 9 мая яны адпраўляюцца на могілкі ў Гальшаны, дзе пахаваны прадзед Іван Чаплінскі, каб ушанаваць яго памяць і прычапіць да каменя, у якім назаўсёды застыў твар героя, традыцыйную стужку Перамогі. Пасля вялікая і дружная сям’я едзе ў Малыя Вайшнарышкі ў бацькоўскі дом, дзе за святочным чаяваннем з ліпавым мёдам родныя ўспамінаюць свайго Івана і цікавыя  моманты з сямейнага жыцця.

Кацярына РУДЗІК.

Фота з архіва

сям’і Чаплінскіх.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *