Школа ў Цудзенішках адзначае 140-гадовы юбілей

Культура

 

У баку ад шумных дарог сціпла схавалася на самым памежжы з Літвой вёска Цудзенішкі. Павольна і памяркоўна плыве тут час, няўмольна адлічваючы хвіліны жыцця. З усіх славутасцей  тут — касцёл Святога Якуба, школа ды помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Між іншым, вёска  вядома па дакументах з XVII стагоддзя, а вось звесткі пра школу з’яўляюцца толькі ў канцы XIX.  Дакладна вядома, што гісторыя школы пачалася 7 лістапада  1880 года, калі  ў вёсцы адкрылася царкоўна-прыходская школа, у якой было ўсяго два класы. Будынак той, першай школы, не захаваўся.

У канцы XIX стагоддзя з’явіўся новы будынак, які знаходзіўся на ўездзе ў вёску з боку Каменнага Логу.  Яна была пачатковай, мела чатыры аддзелы або класы. Заняткі  пачыналіся ў лістападзе, а заканчваліся  1 красавіка. Але няхай сённяшнія вучні моцна не зайздросцяць  сваім папярэднікам. Такі кароткі вучэбны год быў звязаны з тым, што  з красавіка па лістапад  ні дзецям, ні дарослым было не да школы – патрэбна было працаваць, даглядаць зямлю і гаспадарку. Даўжэй за ўсіх, да 15 мая,  вучыліся толькі вучні 4 аддзела, якім прыходзілася здаваць экзамен інспектару ў вёсцы Лоша, куды збіраліся вучні ўсіх навакольных школ.  Выкладанне вялося на рускай мове. Абавязковымі прадметамі былі арыфметыка, чыстапісанне і чытанне. Для дзяўчынак абавязковымі былі спевы, для хлопчыкаў – фізкультура і праца.  У кожным аддзеле школы было па 45-48 чалавек.

У час Першай сусветнай вайны, калі тэрыторыя Ашмяншчыны была акупавана,  школа не працавала, а ўзнавіла сваю дзейнасць толькі  пасля далучэння да Польшчы ў 1921 годзе. Зразумела, што змянілася мова выкладання.   Школа знаходзілася ў драўляным будынку, які захаваўся да сённяшніх дзён. Настаўнікі ў школе былі вельмі строгімі, дазваляліся фізічныя пакаранні – тагачасныя вучні не аднойчы за непаслушэнства атрымлівалі ўдары лінейкай па руках і стаялі на каленях на жвіры ці грэчцы. Захавалася некалькі прозвішчаў настаўнікаў – Дакурна, Свёнтак, Юзаф Шкальніцкі. У гэты ж час у Цудзенішках працаваў Янка Быліна – паэт, драматург, каталіцкі святар. У касцельнай службе выкарыстоўваў беларускую мову, за што праследаваўся касцельнымі ўладамі.

Былы будынак пачатковай школы 30-х гадоў

Пасля ўваходу Заходняй Беларусі ў склад СССР з 1939 па 1941 год у гэтым жа будынку працавала Цудзенішская пачатковая школа.  У час акупацыі заняткі зноў перарваліся і аднавіліся толькі пасля вайны ў 1945 годзе. Тады ж быў пабудаваны яшчэ адзін будынак для школы, які размяшчаўся бліжэй да касцёла. Спачатку ён быў драўляным, пасля яго абклалі цэглай і ў такім выглядзе ён завахаўся да нашых дзён. Сёння будынак перададзены каталіцкім святарам і ў ім праводзяцца заняткі па рэлігіі.  Загадчыкам першай пасляваеннай школы быў Мікалай Сямёнавіч Алейнікаў.

У 1948 годзе школа стала  сямігадовай. Дырэктарам яе пэўны час працаваў Аляксандр Піменавіч Бумажкоў, родны брат  Ціхана Піменавіча Бумажкова – першага Героя Савецкага Саюза з ліку партызан.

Тут размяшчалася школа да 1967 года

Дакументы захавалі імёны тагачасных настаўнікаў – Васіль Рыгоравіч Якаўцоў – удзельнік штурма Берліна, Лідзія  Міхайлаўна Якаўцова, В.А. Аўсюкевіч, А.К. Балтоўская, П.Ф. Базылёва, В.М. Ламаноўскі.

У 1956 годзе школа стала сярэдняй. Яе дырэктарам  быў  Пётр Іванавіч Фарафонаў.

К.М. Скробаў,
дырэктар школы
з 1957 па 1981 год

З 1957 года пасля заканчэння Вільнюскага педагагічнага ўніверсітэта дырэктарам школы стаў Канстанцін Мацвеевіч Скробаў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік абароны Севастопаля. Ён аддаў школе ўсё сваё жыццё. Да 1981 года працаваў дырэктарам, а пазней, на пенсіі,  яшчэ дзесяць год – настаўнікам і бібліятэкарам.  Яго жыццёвым дэвізам былі радкі з рамана М. Астроўскага “Як закалялася сталь” – “умей жыць і тады, калі жыццё становіцца невыносным, зрабі яго карысным”. У час працы Канстанціна Мацвеевіча дырэктарам, у 1967 годзе,  з’явілася ў вёсцы новая двухпавярховая цагляная школа, якая і сёння стаіць на пагорку сярод сосен. Канстанцін  Мацвеевіч  быў Выдатнікам народнай асветы, у 1966 годзе яму было  прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік”.

У школе працавала шмат цікавых і таленавітых людзей. Некаторыя з іх усё жыццё аддалі школе, некаторыя – знайшлі сябе на іншым полі дзейнасці.

Працаваў у Цудзенішскай школе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў 1963 годзе пасля заканчэння  Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Мікалай Фаміч Капыловіч, які больш вядомы як Мікола Капыловіч,  які ўжо ў  1964 годзе стаў рэдактарам выдавецтва «Беларусь», пазней — літаратурным сакратаром газеты «Звязда», рэдактарам у Дзяржаўным камітэце Савета Міністраў па друку. Хто ведае, магчыма, прататыпамі  герояў яго зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Скрозь жывуць людзі» і «Дні ціхай восені», якія выйшлі  ў друк у 1968 годзе, сталі і  жыхары Цудзенішак.

У 1974-1977 гадах у школе пачынаў работу настаўнікам, а пазней стаў  намеснікам дырэктара  Рыгор Станіслававіч Бялячыц, беларускі паэт, член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У школе працавала шмат апантаных людзей, сярод іх — настаўнік біялогіі Мікалай Васільевіч Плотнікаў. Пад яго кіраўніцтвам у 1981 годзе юным натуралістам школы была прысуджана  другая прэмія за перамогу  ў рэспубліканскім конкурсе  даследнікаў-садаводаў, пра іх работы пісалі ў рэспубліканскай газеце “Піянер Беларусі”. Дзённікі юных даследчыкаў і рэцэнзіі вучоных на справаздачы і сёння захоўваюцца ў школьным музеі.

Увесь свой працоўны шлях прысвяціла школе  Валянціна Аляксандраўна Гнюсевіч, якая адпрацавала  ў ёй 33 гады настаўнікам беларускай  мовы і літаратуры, з іх дзесяць год — намеснікам дырэктара. 35 год працавала ў школе настаўнікам гісторыі, рускай мовы і літаратуры  Рэгіна Адамаўна Макарэвіч. З 1989 года працуе ў школе Мар’ян Каролевіч Жэмло, настаўнік гісторыі, загадчык школьнага музея. Плённа на працягу многіх гадоў працавалі ў школе Яніна Іосіфаўна Жэмло,  Дзмітрый Васільевіч Нартовіч, Мар’ян Іванавіч Пяткевіч, Надзея Сцяпанаўна Сасін, Вольга Аляксееўна Аўсюкевіч, Зінаіда Сямёнаўна  Лісоўская, Антаніна Мацвееўна Скробава.

Дырактарамі школы ў розныя гады былі Уладзімір Васільевіч Гусь, Уладзімір Адамавіч Савіцкі, Пётр Валяр’янавіч Шакола, Святлана Вячаславаўна Савіцкая, Марына Антонаўна Куліковіч, Ірына Мар’янаўна Бразоўская.

Немагчыма ў адным артыкуле расказаць пра ўсіх, хто так ці інакш  прылучыўся  да   гісторыі школы і ўпісаў у яе сваю старонку ці, можа,  некалькі радкоў, пра ўсіх, хто сёння яшчэ толькі піша яе гісторыю.

24 красавіка школа будзе адзначаць свой 140-гадовы юбілей. Хочацца павіншаваць калектыў установы і пажадаць, каб “школа на ўскрайку вёскі, на пагорку, там, дзе купка сосен шалясціць гаворкай”, як пісаў пра яе Пётр Шакола,  жыла і плённа дзейнічала яшчэ не адзін год.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота з архіва школы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *