Ансамбль народнай песні «Жытніца»: 20 год на сцэне

Культура

Нездарма песню называюць гаючымі лекамі для душы. А калі гэта яшчэ і беларуская народная, то асалоду ад яе праслухоўвання атрымоўваем удвая большую. Перад сілай музыкі, удала падабраных слоў, якія пранікаюць у тваю душу, адступаюць любыя нягоды і на сэрцы становіцца лягчэй.

Ужо на працягу дваццаці год сваіх шматлікіх прыхільнікаў радуе сваёй самабытнасцю і разнастайным рэпертуарам народны ансамбль народнай песні “Жытніца” .

У далёкім 1979 годзе пры калгасе “Маяк” быў створаны хор – прадвеснік сёлетняй “Жытніцы”. У тыя часы ў ім налічвалася каля сарака чалавек. Тады спявалі ўсе: паляводы, даяркі, свінаркі, жывёлаводы, механізатары і спецыялісты.

Старшыня калгаса Іван Іванавіч Гіруць знайшоў тады ўдалы падыход да кожнага ўдзельніка хору. А якія канцэрты і нумары мастацкай самадзейнасці без рэпетыцый? Для таго, каб забяспечыць масавае наведванне рэпетыцый, ён заахвочваў самадзейных артыстаў рублём: плаціў кожнаму адразу падчас правядзення пастаноўкі нумароў. І людзі хадзілі. З вялікім задавальненнем, амаль без адрыву ад сваёй асноўнай працы.

Са сцэны, з адкрытых пляцовак да нераўнадушных слухачоў даносіліся словы беларускіх аўтараў, пакладзеныя на музыку: “Ой, пад мостам, мостам…”, “Шумяць вербы”, “Ой, сівы конь бяжыць”, “На вуліцы грымата”, “Беларусь мая сінявокая” і інш. Спявалі самадзейныя артысты не толькі народныя беларускія мелодыі, але і рускія, польскія, украінскія. Тым больш, што гледачы заўсёды жывое гучанне прымалі “на ўра”. Вялікай папулярнасцю ў тыя часы карысталіся абрадавыя пастаноўкі.

Увесь летапіс народнага ансамбля народнай песні “Жытніца” зараз змешчаны ў некалькіх таўшчэзных альбомах. Тут і фотаздымкі тагачасных удзельнікаў хору, і газетныя публікацыі, і гастрольныя замалёўкі, фрагменты рэпетыцый. Адным словам – жывая гісторыя і гонар сёлетніх удзельнікаў калектыву.

Шмат цікавага пра гастрольныя туры, выступленні і таленавітых артыстаў “Жытніцы” нам расказала салістка народнага ансамбля народнай песні і яе даўняя ўдзельніца, дырэктар Кракоўскага Дома культуры Роза Яцуковіч.

Шырокую вядомасць, любоў слухачоў і аўтарытэт хор заваёўваў, калі толькі стварыўся, і цяпер, калі калектыў налічвае дванаццаць чалавек. У тыя часы калгасны хор добра сябраваў з калектывамі суседніх краін і часцяком бываў на літоўскай зямлі ў горадзе Шальчынінкай. Аб той пары сведчыць шмат фотаздымкаў. Між іншым, хор не толькі гастраліраваў. Асноўныя прыхільнікі чакалі галасістых спевакоў на палях і фермах, на мерапрыемствах раённага і абласнога ўзроўняў, на папулярных вясковых канцэртах у сельскіх клубах.

Заслужаная павага была замацавана прысваеннем калгаснаму хору ў 1990 годзе звання “народны”. Доўгія гады спявалі ў хоры і ансамблі сем’і Дзярнейкаў, Канцавых, а таксама таленавітыя вяскоўцы Крысціна Іванаўна Яблонская, Ірына Іосіфаўна Гіруць, Віктар Андрушойць, Вера Маліноўская. Двума гадамі пазней, у чэрвені 1992 года, хор перайшоў у стан народнага ансамбля народнай песні і стаў звацца “Жытніца”.

На жаль, з першага складу “маякоўскага” хору засталіся не многія: Роза Яцуковіч, Валянціна Шукевіч, Алена Шэшка, Міхась Свірскі і Марыя Горыд. Гэтыя энтузіясты заўсёды знаходзілі і знаходзяць час, сілы і жаданне, каб заспяваць у “Жытніцы”. Шмат увагі і складу хору надаваў Іван Мікалаевіч Барысенка, які ўмеў зарыентаваць творчасць ў патрэбным накірунку, зацікавіць у новым рэпертуары.

Апошнія дзесяць гадоў  знакамітым ансамблем кіруе Аляксандр Пашкоўскі, які на многіх музычных інструментах іграе па-заліхвацку. У яго ўмелых руках па-майстэрску ажываюць не толькі баян, але і домра, балалайка, гармонік, дуда, флейта і нават скрыпка. Адным словам – віртуоз.

Сёлетні — 20-ці гадовы юбілей “Жытніца” сустракае ў наступным складзе: Віктар Аленскі (ударныя), Таццяна Чэрская (скрыпка), Міхаіл Свірскі (ударныя), Роза Яцуковіч, Валянціна і Эдуард Горыды, Валянціна Шукевіч, Алена Люткоўская, Алена Шэшка, Наташа Лукашэвіч і кіраўнік ансамбля Аляксандр Пашкоўскі. Ніводнае выступленне не абыходзіцца без вядучай канцэртных праграм і ўдзельніцы Наталлі Лукашэвіч.

Менавіта Аляксандру Пашкоўскаму належыць ідэя перавесці калектыў на «жывое» гучанне пад гармонік, барабан, скрыпку, бубен і трашчоткі. Таму гэтае «жывое» гучанне і стала візітоўкай сёлетняга народнага ансамбля.

Зараз народны ансамбль народнай песні “Жытніца” налічвае дванаццаць артыстаў разам з музыкантамі. Аснову рэпертуару калектыву складаюць не толькі беларускія народныя песні, але і песні ў апрацоўцы, а таксама творы самадзейнага кампазітара Мікалая Розенберга і ашмянскіх паэтаў Валянціны Ліштван, Рамуальды Ануфрыевай і Пятра Шаколы. “Жытніца” выдатна валодае навыкамі ансамблевага спеву, выразнай дыкцыяй і разнастайнасцю дынамічных адценняў.

Насычанае культурнае жыццё не толькі ў нашым раёне, але і ў межах рэспублікі заўсёды патрабавала жывой беларускай песні. Таму артыстам “Жытніцы” не сядзіцца на месцы. Яны — жаданыя госці і ў Нацыянальнай бібліятэцы, і на рэспубліканскіх “Дажынках”, і на фэсце беларускай песні ў Шальчынінкаі, і на свяце нацыянальных культур ў Гродне, і на выставах прадукцыі ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” у Расіі.

Ансамбль рэгулярна абнаўляе свой рэпертуар, музычныя і танцавальныя нумары, касцюмы. Таму калектыў паважаюць, падтрымліваюць. У большасці сваёй гэта людзі, не абыякавыя да песні, да традыцый беларускага народа.  Вялікую дапамогу на працягу многіх гадоў ансамбль “Жытніца” адчувае ад старшыні райвыканкама Юрыя Адамчыка, начальніка аддзела культуры Галіны Балінскай і старшыні  СВК “Кракоўка” Эдварда Люткоўскага.

Любая добрая справа павінна мець сваё прадаўжэнне. Таму ўжо сёння шырока вядомы народны ансамбль народнай песні “Жытніца” рыхтуе прадаўжальніка сваёй справы. Яго ўдзельнікі ўпэўнены, што беларуская народная песня будзе гучаць і праз пакаленні. І ў гэтым ёй дапаможа калектыў таленавітых кракоўскіх дзяцей, які носіць назву “Жытнічка” і ў хуткім часе дасць свой першы канцэрт.

Алена ШЫДЛОЎСКАЯ.

На здымках: спявае хор калгаса “Маяк”; народны ансамбль народнай песні “Жытніца” (фота з архіва калектыву).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *