А вы знаёмыя з Раманам Міцкевічам, аматарам паляўнічай справы

Общество

 

У шэрагу паляўнічых Ашмяншчыны, напэўна, няма больш вопытнага чалавека, чым Раман Міхайлавіч Міцкевіч. За некалькі дзясяткаў год ён добра вывучыў паводзіны лясных жыхароў і ўсе мясцовыя (і не толькі) лясы, паляны і звярыныя сцяжынкі.

Сваімі ведамі і жыццёвымі байкамі ён заўсёды рады падзяліцца не толькі з братамі па справе, але і з абсалютна незнаёмымі са складанай справай палявання людзьмі.

– Раман Міхайлавіч, што для вас паляванне?

– Для мяне паляванне – гэта не бяздумны адстрэл жывёлы і лоўля рыбы, а ў першую чаргу – хобі, задавальненне ад еднасці з жывым светам, магчымасць адчуць сябе часткай нечага вялікага, жывога.

Калі я быў яшчэ дзіцём, мой бацька, Міхаіл Аляксандравіч, са мной пратаптаў не адну сотню кіламетраў па ваколіцах Ашмян, перадаваў мне свой вопыт, вучыў заўважаць нябачнае іншым людзям, “чытаць” па слядах, хто тут быў, куды пабег і калі.

Нават калі мы нічога не ўпалявалі – здаралася часам і такое, – ён вучыў мяне не сумаваць – значыць у гэты раз удача аказалася на баку звера. “Забілі ногі і час” – так бацька называў такія “пустыя” прагулкі. Хаця, зрэшты, вандроўкі па лесе ніколі не бываюць пустымі: заўсёды можна набраць грыбоў, арэхаў ці ягад.

Яшчэ я вельмі любіў чытаць апавяданні розных пісьменнікаў-паляўнічых. У тых кнігах мала напісана пра жорсткасць у адносінах да жывога свету і многа пра станаўленне характару чалавека, яго ўменне пераносіць цяжкасці жыцця ў дзікай прыродзе.

Раман Міцкевіч, Уладзімір Шчулькін, Уладзімір Храбры і Віктар Храбры. 1975 г.

– Калі паляванне стала неад’емнай часткай вашага жыцця?

– Хутчэй за ўсё паляванне заўсёды было ў маёй крыві – перадалося, так бы мовіць, па генах ад бацькі, а яму – ад яго бацькі. Мой дзед яшчэ пры Польшчы, хоць і быў селянінам, але даволі часта з дазволу пана паляваў – і рэдка калі вяртаўся без здабычы.

Але, напэўна, сапраўдная ініцыяцыя ў паляўнічыя адбылася, калі я здабыў свайго першага звера: як зараз памятаю той момант – няхай гэта быў толькі заяц, але ў той дзень я быў адзіным, хто змог упаляваць хаця б некага.

Свой паляўнічы білет я атрымаў у 17 год, хаця і да гэтага даволі часта бываў з бацькам на паляванні ў якасці назіральніка. Да бацькі, дарэчы, даволі часта прыязджалі людзі самых розных прафесій, рангаў і чыноў, каб параіцца з ім. У канцы 60-х прыязджаў нават камандуючы Вільнюскага гарнізона палкоўнік Шчарбакоў, пытаўся, ці варта сёння на зайца ісці, а мой бацька выйшаў на ганак, агледзеўся, паветра носам уцягнуў і кажа: “Не. Дождж будзе. Заяц па лесе гуляць не будзе”. Так і атрымалася.

– Як вы лічыце, чаму паменшала звяроў у нашых лясах і рыбы ў рэках?

– Ведаеце, многія кажуць, што гэта мы сваёй ненажэрнасцю давялі прыроду да такога стану: бралі, бралі і бралі, пакуль не высветлілася, што браць ужо няма чаго. У гэтым ёсць пэўная доля праўды. Гістарычна складвалася, што лясы былі пад уладай князёў, паноў, цара, і просты мужык не мог пайсці ў лес і здабыць не тое, што мядзведзя, а нават вавёрку, каб не атрымаць потым “па шапцы”. Аднак не трэба падманвацца, калі ты не браканьер і робіш усё па законе, то паляваць дазвалялася. Аднак колькасць сапраўдных паляўнічых заўсёды была даволі малая: тое, што ў цябе ёсць ружжо, яшчэ не робіць цябе паляўнічым.

Канешне, сучасныя апгрэйды – цеплавізары, дроны, сканеры і іншыя прылады – ператвараюць паляванне і рыбалку ў забаву для багатых: не будзем забывацца пра таварыша Хрушчова, які з аўтаматам на джыпе паляваў у Белавежскай пушчы на зуброў. Аднак назваць яго паляўнічым не паварочваецца язык. Паляўнічы не атрымлівае асалоды ад забойства звера, для яго важны сам працэс, а не вынік.

Вяртаючыся да пытання, чаму раней звяроў і рыбы было больш, скажу так: раней людзей было менш, гарадоў было менш і яны былі меншыя, дарог было менш, ірыгацыі палёў не праводзілі, хіміі рознай у рэкі не злівалі, плацін столькі не было. Чаго, напрыклад, вартае адно толькі Вілейскае вадасховішча? Вілія яшчэ стагоддзе таму была адной з буйнейшых артэрый Беларусі: па ёй хадзілі параходы. А цяпер месцамі можна перайсці, не намачыўшы кашулі. Нават зараз, больш чым праз паўстагоддзе пасля будаўніцтва вадасховішча, можна ў некаторых месцах убачыць, што ўзровень ракі раней быў на некалькі метраў вышэйшым.

Сучасная урбанізацыя – плюс для людзей, мінус – для навакольнага свету.

Аднак сучасныя паляўнічыя і рыбакі аб’ядноўваюцца, каб неяк выправіць гэтую сітуацыю. Наша ашмянскае аб’яднанне пастаянна выязджае на пасадкі, чысткі лясоў, мы вырошчваем у вальерах і вадаёмах, кормім і гадуем, а потым выпускаем у лясы і рэкі многія віды жывёл і рыбы, якія амаль зніклі з нашай прыроды ці самастойна проста не маюць магчымасці з’явіцца ў нас.

Раман Міцкевіч, Іосіф Сінкевіч і Віктар Храбры. 1981 г.

– Атрымліваецца, што зараз паляваннем і рыбалкай займаюцца аматары?

– Атрымліваецца, што так.

Сучасным паляваннем і рыбалкай не пракормішся, канешне, калі ты не браканьер. Сапраўдны рыбак і паляўнічы не будзе браць больш, чым трэба, а нават тое, што возьме, верне ў тры, пяць ці нават дзесяць разоў больш.

Вось вам, напрыклад, просты разлік: зараз, каб пайсці на лася, трэба заплаціць за паляўнічы білет 800 рублёў. Звычайна ў паляванні ўдзельнічае 15 чалавек. Няхай, мы здабылі лася і “чыстая” вага складае 300 кг, а яго яшчэ трэба падзяліць на 15 чалавек. Атрымліваецца, што адзін кілаграм мяса каштуе 2,6 рубля. А дадайце яшчэ сілы, патроны, дарогу і тое, што лось, напрыклад, не з’явіўся – прасцей каўбасы купіць у краме.

– Раней было прасцей?

– Так. Напрыклад, пры Польшчы, як расказваў мой бацька, за вавёрку плацілі 5 злотых, за лісу – да двухсот, карову ж можна было набыць за 100 злотых.  Яшчэ гадоў сорак таму пры СССР на паляванні можна было таксама зарабляць нядрэнныя грошы: за скуру вавёркі можна было атрымаць у канторы па нарыхтоўцы сыравіны 50 капеек, за зайца – 1 рубель 20 капеек, за лісу – да 8 рублёў. Бохан хлеба, для параўнання, каштаваў 18 капеек. Але, на жаль, зараз скуры прасцей апрацоўваць самастойна для ўласных мэтаў, чым некуды здаваць.

– Якія планы на бліжэйшы час у паляўнічых і рыбаловаў Ашмяншчыны?

– Усё, як і заўсёды. Зараз пачынаецца сезон палявання.

Акрамя таго, у нас ёсць адна задума. Мы хочам, калі кіраўніцтва пойдзе насустрач нашай прапанове і дапаможа, узяць пад прыгляд возера ў Лэйлубцы: пачысціць, добраўпарадкаваць бераг, запусціць малькоў, каб кожны жадаючы мог бясплатна ў вольную часіну пасядзець з вудай на беразе і адпачыць на ўлонні прыроды.

Антон МАЛЬШЭЎСКІ.

Фота з архіва Рамана МІЦКЕВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *