Дзявятая навукова-практычная канферэнцыя прайшла ў Гальшанах

Культура

 

Традыцыйныя Гальшанскія чытанні, якія арганізуе ў нашым краі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, спачатку ладзіліся ў Гальшанах, багатых на слынных асоб і помнікі гісторыі і архітэктуры. Апошнім часам яны “перасяліліся” ў Ашмяны. І вось навуковыя дыскусіі зноў вярнуліся ў старажытнае мястэчка. Дзявятая навукова-практычная канферэнцыя прайшла пад назвай “Канфесійнае жыццё Ашмяншчыны X – XX стагоддзяў”.

— Вывучэнне рэгіянальнай гісторыі Беларусі доўгі час было полем дзейнасці мясцовых краязнаўцаў. Гісторыкі звярталі на яе ўвагу толькі ў межах фундаментальных даследаванняў, — адзначыў падчас адкрыцця канферэнцыі загадчык цэнтра спецыяльных гістарычных навук і антрапалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў. — На сённяшні дзень правядзенне навуковых семінараў і канферэнцый, круглых сталоў стала традыцыйным. Гэта пацвярджаюць і Гальшанскія чытанні, скіраваныя на фарміраванне патрыятызму, захаванне культурна-гістарычнай пераемнасці і нацыянальнага гонару. Па колькасці канферэнцый Ашмяны пераўзышлі нават сталіцу.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў “чытанняў” звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч, якая адзначыла вялікую ролю Інстытута гісторыі НАН Беларусі ў справе вывучэння гісторыі Ашмянскага краю і шчыра падзякавала ўсім, хто спрыяе пашырэнню ведаў пра наш рэгіён. У яго скарбонцы знаходзяцца сёння тры выданні інстытута, падрыхтаваныя па матэрыялах канферэнцый: “Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі: Ашмяны і Ашмянскі рэгіён”, “Ягелоны: дынастыя, эпоха, спадчына” і “Ашмяншчына: праблемы рэгіянальнай гісторыі Беларусі”. Дарэчы, чацвёрты зборнік навуковых даследаванняў павінен пабачыць свет напачатку наступнага года. У яго ўвойдуць і матэрыялы сёлетняй навукова-практычнай канферэнцыі.

Значнасць грунтоўнай працы, якую, пачынаючы з 2006 года, праводзяць навукоўцы, далучаючы да даследаванняў мясцовых краязнаўцаў, адзначыў у сваім выступленні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Маркевіч. Прывітаў удзельнікаў канферэнцыі і дабрачынны цэркваў Ашмянскага прыходу, настаяцель храма Уваскрэсення Хрыстова протаіерэй Пётр Пятлёха.

За значны ўклад у даследаванне гісторыі роднага краю падзякі інстытута былі ўручаны супрацоўніцы цэнтральнай раённай бібліятэкі Галіне Палубінскай, краязнаўцу з Гальшан Валянціне Лабунінай, настаўніцы гісторыі гімназіі г. Ашмяны Ларысе Ларыонавай, вучню гімназіі Мікіце Ромме і вядучаму архівісту Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Алене Траццяк.

Па традыцыі Інстытут гісторыі падарыў бібліятэкам раёна выданні краязнаўчага кшталту, падрыхтаваныя апошнім часам навукоўцамі.

Падчас пленарнага пасяджэння і працы ў секцыях было ўзнята шырокае кола тэм і пытанняў: існаванне ўніяцкай царквы ў Ашмянах, даследаванне могільнікаў на тэрыторыі Ашмяншчыны ў V-VIII стагоддзях, культавыя будынкі Ашмянскага павета ў фотаматэрыялах архіва кінафотафонадакументаў, Ашмянскі касцёл Святога Духа (XVI ст.), ашмянскі пастар Войцех Салінарыус і асоба Крыштафа Монвіда Дарагастайскага, афармленне інтэр’ера базыльянскай царквы ў Барунах, рукапісныя помнікі мусульман Ашмяншчыны…

У навукова-практычнай канферэнцыі прынялі ўдзел мясцовыя краязнаўцы. Намеснік дырэктара Кальчунскай СШ, кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вучоны нашай зямлі” Таццяна Давідовіч выступіла з паведамленнем пра Гародніцкую капліцу. Вучаніца 7 “Г” класа СШ №1 Анастасія Мешчановіч разам з настаўніцай Вольгай Эвейшыс распавялі пра святара Міхала Сапоцьку. Наш зямляк гісторык-краязнавец Васіль Юрша зрабіў параўнальны аналіз дэмаграфічных дадзеных па Ашмянскім дэканаце (1795-1939 г.) на аснове вывучэння метрычных кніг і парафіяльных спісаў. Дырэктар Ашмянскага краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча Алена Жасткова падрыхтавала паведамленне пра традыцыю крыжовага шэсця ў Ашмянах.

На Гальшанскіх чытаннях працавалі выставы кніг і фотаматэрыялаў, арганізаваныя раённай бібліятэкай, краязнаўчым музеем імя Багушэвіча, краязнаўцам Валянцінай Лабунінай. Была зладжана экскурсія ў народны музей імя Эдуарда Корзуна Гальшанскай СШ. Экскурсію для ўдзельнікаў канферэнцыі правяла загадчык музея Яніна Корзун разам з вучнямі-экскурсаводамі. Наведалі ў гэты дзень госці “чытанняў” Гальшанскі замак, на якім ужо блізяцца да завяршэння рэстаўрацыйныя работы. Яны сталі магчымымі дзякуючы выдаткам згодна з Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2016-2020 гады і пры фінансаванні фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы культуры і мастацтва. Тэатралізаванае прадстаўленне ля сцен замка падрыхтавалі работнікі ўстаноў культуры раёна. Музычны падарунак для ўдзельнікаў канферэнцыі зрабіў узорны ансамбль “Мелодыка” Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў.

(Падрабязна аб IX навукова-практычнай канферэнцыі ў Гальшанах чытайце на старонках газеты).

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *