Сорак восьмы Дзень настаўніка

Культура

 

Праўду кажуць: “Калі ў цябе планы на год – выбірай прафесію хлебароба, калі на дзесяцігоддзі – працуй у лесе, а калі на ўсё жыццё – будзь настаўнікам”.

Сёлета Дзень настаўніка Таццяна Сяргееўна Саламонава святкуе ў 48-ы раз і, азіраючыся назад, прызнаецца, што ніколі не пашкадавала аб сваім выбары. На працягу чатырох дзесяццігоддзяў мудрага, таленавітага настаўніка любілі дзеці, з яе меркаваннямі і ідэямі лічыліся калегі і заўсёды да яе прыслухоўваліся бацькі.

Першыя старонкі працоўнай біяграфіі выпускніца СШ №1 пачала запаўняць у 1972 годзе. Паступіць ў лінгвістычны інстытут з першай спробы не атрымалася, таму дзяўчына адразу ўладкавалася на працу ў Палянскую васьмігадовую школу настаўнікам, а праз тры гады перайшла выкладаць нямецкую мову ў СШ №1. Так яна сумяшчала настаўніцкую дзейнасць з вучобай на завочным аддзяленні Мінскага інстытута замежных моў.

Пытанне аб тым, кім быць, у дзяўчыны ніколі не ўздымалася. Канешне, у далёкім дзяцінстве яна марыла стаць сцюардэсай, але пасля першых урокаў нямецкай мовы, якую выкладала Вольга Андрэеўна Шастова, Таццяна вырашыла, што абавязкова стане настаўнікам.

— Вольга Андрэеўна заўсёды была для мяне прыкладам — расказвае Таццяна Сяргееўна. – Разам з аднакласнікамі мы глядзелі, як яна апраналася, як размаўляла, як вяла сябе з намі. Яе любілі, напэўна, усе вучні без выключэння. Нядаўна яна адзначыла чарговы юбілей – 95 год! Мы стараемся часта сустракацца на святы і без нагоды, тэлефанаваць і перадаваць віншаванні.

Выкладаць нямецкую мову дзецям у сценах роднай школы было не толькі радасна, але адначасова хвалююча, таму што на плячах маладога педагога ляжала вялікая адказнасць  і перад былымі настаўнікамі,  і перад вучнямі школы. Але Таццяна Сяргееўна прызнаецца, што яе заўсёды падтрымлівала Вольга Андрэеўна Шастова. Яе жыццёвымі і прафесійнымі парадамі Таццяна Саламонава карысталася на працягу сваёй настаўніцкай дзейнасці.

Урокі Таццяны Сяргееўны праходзілі незвычайна, яна старалася праводзіць іх так, каб вучоба была дзецям у радасць. Са школы ў самастойнае жыццё Таццяна Сяргееўна адправіла пяць выпускаў. Першыя выпускнікі адсвяткавалі ўжо трыццаціпяцігадовы юбілей, а апошні выпуск сёлета адзначыць дзесяцігоддзе заканчэння школы. Як класны кіраўнік, Таццяна Саламонава заўсёды старалася аб’яднаць сваіх вучняў, знайсці падыход да кожнага і кожнага ўцягнуць ў калектыўную справу. Разам  яны хадзілі ў паходы, ездзілі на экскурсіі і ў розныя турыстычныя паездкі. З апошнім выпускам яны аб’ездзілі палову Беларусі, а з першым нават некалькі дзён адпачывалі ў Растове-на-Доне.

— Мне прыемна і радасна ад таго, што ўсе мае вучні выраслі цудоўнымі, добрымі, выхаванымі людзьмі. Яны адгукаюцца на любыя просьбы і ўмеюць спачуваць, — адзначае Таццяна Саламонава. — Нас усіх аб’ядноўваюць не толькі радасныя моманты, але і трагічныя падзеі… Некаторых з выпускнікоў ужо няма на гэтым свеце.

Агульны працоўны стаж Таццяны Сяргееўны ў сферы адукацыі — сорак восем гадоў, трыццаць пяць з якіх яна была класным кіраўніком. Патрабавальнага і справядлівага педагога дзеці заўсёды разумелі і знаходзілі з ім агульную мову.

— Я лічу, што настаўнік павінен разумець сваіх вучняў і падтрымліваць добрыя адносіны з бацькамі. Не скажу, што было цяжка з імі, наадварот – бацькі абаранялі дзяцей, але і мяне заўсёды падтрымлівалі.

За дзесяцігоддзі працы ў школе яе вучні не раз станавіліся пераможцамі розных конкурсаў і алімпіяд. Некаторыя з выпускнікоў сталі, як і Таццяна Сяргееўна, настаўнікамі нямецкай мовы. Цяпер у СШ №1  замежную мову выкладае яе вучаніца Святлана Мечыславаўна Родзевіч.

Не забываюць настаўніцу і мудрую дарадцу былыя вучні, якія, прыязджаючы ў Ашмяны, абавязкова наведваюць Таццяну Сяргееўну, а калі не паспяваюць, то дасылаюць ліст ці тэлефануюць.

— З выпускнікамі ў нас склаліся сяброўскія адносіны, — дзеліцца Таццяна Саламонава. –  Праз гады я разумею, што для іх я ўжо не настаўнік, а яны не мае вучні – мы добрыя сябры. З многімі мы падтрымліваем сувязь, тым больш, што некаторыя выпускінікі жывуць і працуюць на Ашмяншчыне.

Калі надышоў час выходзіць са школы на заслужаны адпачынак, вопытнага спецыяліста запрасілі на работу ў раённы вучэбна-метадычны кабінет. На працягу васьмі гадоў Таццяна Сяргееўна працягвае працу ў галіне адукацыі. Яна прызнаецца, што тут працаваць таксама цікава, тым больш, што шмат гадоў выкладала ў Ашмянах, ведае многіх педагогаў і спецыфіку іх работы. Метадыст курыруе шэсць прадметаў, сярод якіх і замежная мова, праводзіць метадычныя аб’яднанні, наведвае адкрытыя ўрокі, займаецца павышэннем кваліфікацыі выкладчыкаў.

Сёння за плячамі ў Таццяны Сяргееўны ўжо амаль пяцьдзясят гадоў адказнай настаўніцкай працы. Назапашаны багаты педа-гагічны вопыт і жыццёвая мудрасць. Кожны дзень яна ідзе на працу з вялікім задавальненнем, прыносіць калегам паразуменне і мноства новых ідэй. Яна ўпэўнена, што ў гэтым няма нічога дзіўнага — проста за любую справу трэба брацца з душой.

Калі ў Таццяны Саламонавай застаецца вольны час, яна бавіць яго з роднымі і сябрамі, любіць пагартаць паэтычныя старонкі Андрэя Дзяменцьева, перачытаць творы Івана Шамякіна і раманы Кацярыны Вільмант.

Асаблівае захапленне жанчыны – хатнія кветкі, цяжка нават падлічыць, колькі іх расце дома. Таццяна Сяргееўна расказвае, што любіць, калі пакоі яе кватэры літаральна патанаюць у суквеццях і радуюць вока на працягу года. Таксама яна вельмі любіць хатніх жывёл – дома ў яе жывуць дзве коткі. Аб любові да жывёл ведаюць суседзі і жыхары вуліцы, таму часта прыносяць і пакідаюць на двары маленькіх кацянят, бо ведаюць, што жанчына не зможа іх выгнаць, а будзе карміць і даглядаць.

Чарговы Дзень настаўніка Таццяна Саламонава традыцыйна адзначыць у сценах роднай першай школы, куды яе кожны год запрашаюць. А яшчэ гэты дзень будзе напоўнены цёплымі сустрэчамі з былымі калегамі, маладымі настаўнікамі і школьнікамі, паведамленнямі і званкамі ад выпускнікоў і стракатымі суквеццямі, якія падораць любімай настаўніцы яе вучні.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *