«Прыплод значны, але і клопатаў нямала». Як жыхар Ашмян разводзіць перапёлак

Культура

 

З Адамам Іосіфавічам Ластоўскім мы пазнаёміліся праз яго гадаванцаў, а яны ў мужчыны даволі незвычайныя – стракатыя невялікія птушачкі вагой па 160 – 240 грамаў. Калі вы думаеце, што гэта балбатуны-папугаі, то памыляецеся. Каралеўскім птаствам, рэдкімі для нашых месцаў свойскімі перапёлкамі жыхар горада Ашмяны абзавёўся мінулым летам – у знаёмага з Кракоўкі набыў маладняк. Прайшоў усяго год, а ў Адама Іосіфавіча ўжо каля шасцідзесяці перапёлак.

Прыплод значны, але і клопатаў нямала. Як не круці, гэта ж не куры, якіх раней разводзілі ў кожнай вясковай гаспадарцы. Каб перапяліная сямейка расла, патрэбны асаблівы падыход і веды. Папаўняць апошнія дапамагае інтэрнэт. Аказваецца, свойскія перапёлкі жывуць у клетках, ім не патрэбен выгул. Толькі якасны корм, чыстая вада і цяпло — тэмпература не павінна апускацца ніжэй 18 градусаў. Важную ролю адыгрывае і вільготнасць.

Адам Іосіфавіч разводзіць белых перапёлак — тэхасскай пароды — і шэрых — «эстонцаў». У кожнага віда — свае асаблівасці. «Тэхасцы» — бройлеры, таму важаць крыху больш, а яек нясуць менш, іх стракатыя суродзічы больш яйцаносныя. Цікава, але гнязда, як свойскай курыцы, перапёлцы не трэба — нясецца яна сабе пад ногі. Дзякуючы ўхілу, з якім Адам Іосіфавіч зрабіў клеткі, яйкі выкатываюцца ў спецыяльны жолаб. Прадугледзеў гаспадар для сваіх гадаванцаў і іншыя выгоды: аўтаматычныя паілкі, кармушкі, у якіх заўсёды ёсць камбікорм, вентылятар для ацяплення, асвятленне і бяспеку ад скразнякоў.

Давялося Адаму Іосіфавічу асвоіць яшчэ адну тэхналогію. Справа ў тым, што ў няволі перапёлкі не выседжваюць яйкі — ні з пеўнікам, ні без пеўніка. «Маму»-перапёлку замяняе інкубатар. Ён падтрымлівае тэмпературу 36 — 39 градусаў і за нейкіх сямнаццаць дзён «выседжвае» птушанят. Інкубатар разлічаны на 168 яек, аднак мужчына кладзе толькі палову, адзін ярус. Кажа, што пры выкананні рэжыму інкубацыі поспех дасягае 85 — 90 працэнтаў. Цяжка ўявіць, як з такога маленькага яечка можна атрымаць птушаня і выгадаваць яго. Аднак у Адама Ластоўскага ўсё атрымліваецца. Прыкладна за паўтара месяца перапяляты вырастаюць у дарослых птушак.

Змену пагалоўя Адам Іосіфавіч праводзіць раз у паўгода. Менавіта на працягу гэтага тэрміну перапёлкі актыўна нясуцца. Прадукт іх «вытворчасці» — маленькія (па 14 — 16 грамаў), але такія карысныя яйкі. Вучоныя сцвярджаюць, што яны валодаюць антыбактэрыяльнымі, супрацьпухліннымі ўласці­васцямі. Дзякуючы высокаму ўтрыманню мікраэлементаў і вітамінаў перапяліныя яйкі станоўча ўплываюць на імунітэт, выкарыстоўваюцца для дыетычнага харчавання.

— З задавальненнем ужываем перапяліныя яйкі самі, частуем дзяцей і ўнукаў, — расказвае Адам Іосіфавіч, абавязкова звяртаючы нашу ўвагу на карысць гэтага дэлікатэснага прадукта.

Рэшткі гаспадар нясе на рынак, дзе маленькі цуд таксама карыстаецца попытам. Трэба адзначыць, што яйкі ў кошыку Адама Ластоўскага значна большыя, чым тыя, што па зніжках прадаюць у гандлёвых сетках. Адразу бачна, хатнія!

Набываюць яйкі часцей дзецям. Здараюцца, праўда, і аптовыя пакупнікі, бяруць не дзясяткамі, а сотнямі — на натуральных вітамінах не эканомяць.

— Каб вы бачылі, якія прыгожыя яны пафарбаваныя! — з захапленнем адзначае Адам Іосіфавіч, успамінаючы сёлетні Вялікдзень. — Неаднастайная прыродная афарбоўка надае ім яскравасці.

Перапёлкі — не адзіны клопат Адама Ластоўскага. Хоць шэсць сотак каля дома не дазваляюць абзавесціся вялікай гаспадаркай, кожная пядзя зямлі дае аддачу. Пад вокнамі набрыняюць бутоны ружаў, на агародзе побач з цыбуляй квітнеюць садовыя суніцы, стварае цяплічныя ўмовы для памідораў парнік… У хуткім часе траіх унукаў Ластоўскіх чакае яшчэ адзін ласунак — сакавітымі пладамі, па ўсім бачна, парадуе чарэшня.

А там, глядзіш, дзядуля і мёдам свежым пачастуе. У вёсцы Гушчы Кальчунскага сельсавета, на лецішчы жонкіных бацькоў, Адам Іосіфавіч трымае пасеку. Бортніцтву яго навучыў некалі цесць — інвалід Вялікай Айчыннай вайны. Калі таго не стала, даглядалі пчолаў з цешчай. Зараз гэты занятак, як і дзесяць улеяў, цалкам перайшлі да Адама Іосіфавіча, які ў кожную справу ўкладвае душу. Пакуль працаваў, шчыраваў на рабоце: спачатку на «ўзрыпе», дзе прайшоў усе прыступкі ад фрэзероўшчыка да начальніка цэху, потым — у жыллёва-камунальнай гаспадарцы.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак у мужчыны з’явілася больш часу на любімыя заняткі, на справы, якія былі адкладзены на «пасля». Сярод іх — і ціхае паляванне. Калі наступае сезон, гаспадар сядае на старэнькую «Аудзі» (яе пасадка дазваляе праехаць там, дзе «Опель» засеў бы) і мчыць у грыбны лес: на Панарку, у Рымдзюны ці Палушы. З пустымі рукамі і кашамі, самі разумееце, яшчэ не вяртаўся!

Залатыя рукі і багаты вопыт работы на станках дазваляюць яму увасабляць розныя жаданні. Папрасіла Ірына падстаўку для кветак — калі ласка, вырашыў памяняць агароджу — не праблема, захацелася змайстраваць хатку для птушак — можна і гэта. Відаць, таму на ўчастку Ластоўскіх і пануе такі парадак, што гаспадары тут руплівыя і старанныя, з дзяцінства прывучаныя да працы.

Людміла РЫБІК.

Фота

Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *