Якія фільмы здымалі ў Гальшанах

Культура

 

Нас даўно не здзіўляе, што Гальшанскі замак і кляштар францысканцаў становяцца “галоўнымі героямі” дакументальных стужак, відэарэпартажаў беларускага тэлебачання і фільмаў ютуб-блогераў. Даследчыкі анамальных з’яў і проста аматары незвычайных прыгод сталі часцей прыязджаць сюды. У свой час Уладзімір Караткевіч здымаў на замчышчы дакументальны фільм “Памяць каменя”, прыязджаў сюды і Сяргей Дружко з тэлепраграмы “Необъяснимо, но факт”. Мястэчка, яго краявіды, вядомыя мясціны і, канешне ж, людзі, нярэдка становіліся героямі мастацкіх фільмаў.

У маі на экраны выходзіць гісторыка-прыгодніцкая стужка Аляксандра Анісімава “Авантуры Пранціша Вырвіча”, некалькі эпізодаў якой здымалі ў касцёле Святога Яна Хрысціцеля. Гэта карціна па матывах рамана Людмілы Рублеўскай “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”.

“Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”

У цэнтры сюжэта — юны шляхціц Пранціш разам з доктарам, алхімікам Бутрамеем Леднікам знаходзяцца ў цэнтры барацьбы за трон Рэчы Паспалітай, дзеля якога магутныя Радзівілы, Сапегі і Багінская спрабуюць захапіць легендарную рамфею (меч) ўлады. Герояў чакаюць адчайныя бітвы, пагоні, слаўныя подзвігі і, вядома, каханне.

“Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”

У суполцы “Чорна-белы архіў Гальшан” у сацыяльнай сетцы ok.ru створаны альбом з фотаздымкамі “У Гальшанах здымалі кіно!”. Давайце разам з яе аўтарам Таццянай Лаўрыновіч узгадаем, якія фільмы здымалі на Гальшаншчыне.

“Паміж жыццём і смерцю”

Напэўна, кожны жыхар памятае, як каля дваццаці гадоў таму ў Гальшанах здымалі фільм “Паміж жыццём і смерцю” (рэжысёр Дзмітрый Зайцаў). Мясцовыя жыхары не толькі атрымалі аўтографы ад вядомых артыстаў Яўгенія Сідзіхіна і Анатоля Коценева, пабывалі на здымачнай пляцоўцы, але і самі сталі героямі кінастужкі. Цэнтр вёскі стаў адной вялікай дэкарацыяй, а гальшанцы – яе героямі.

“Паміж жыццём і смерцю”

Нядаўна па тэлебачанні ізноў дэманстравалі гэты фільм. Адразу ж успомнілася, як мы, маленькія гарэзы, размінаючыся на вуліцы з Яўгеніем Сідзіхіным, гаварылі гучнае: “Здрасьце!”, а ён шчыра ўсміхаўся і адказваў гэтак жа. Тыя, у каго родныя ці знаёмыя працавалі ў мясцовай гаспадарцы, маглі трапіць на машынны двор, дзе разгарнуўся “аўтапарк” здымачнай тэхнікі. Самым цікавым успамінам, напэўна, застанецца ўдзел у масоўцы — выбар адзення для фільма і стук рэжысёрскай хлапушкі, які аб’яўляў пачатак здымачнага працэсу…

“Паміж жыццём і смерцю”

Пад фота са здымачнай пляцоўкі фільма 1967 года “Вайна пад стрэхамі” (рэжысёр Віктар Тураў) гальшанцы пакінулі свае каментарыі — ўспаміны. Фільм паведамляе аб загадчыцы аптэкі Ганне Корзун, якае дапамагала партызанам, перадаючы ім медыкаменты і інфармацыю. Кожны дзень, рызыкуючы сабой і сваімі дзецьмі, Ганна ні на імгненне не засумнявалася ў правільнасці свайго рашэння. А калі з’яўляецца небяспека быць выкрытай, яна са сваімі сынамі сыходзіць у лес да партызанаў.

“Вайна пад стрэхамі”

Таццяна Лаўрыновіч ўспомніла, як у дзяцінстве здымалася ў масавых сцэнах. Яе разам з сяброўкай Таццянай бацькі загадзя забралі з дзіцячага садка і адвезлі да замка, дзе разгарнуліся “кіношнікі”. Тады здымалі эпізод, у якім партызаны ехалі на вазах, а наперадзе каля возера іх чакаў разрыў снарада. “Пасадзілі нас, паехалі, а тут раптам выбух! Коні спалохаліся і рванулі, а Таня Васіленка звалілася з воза і бяжыць за ім. Мне страшна, бо коні бягуць адзін за адным… Потым з гонарам усім рассказвала, што у кіно здымалася, а цяпер пераглядзела “Вайну пад стрэхамі”, а сябе не знайшла, напэўна, выразалі тыя кадры”.

“Вайна пад стрэхамі”

У здымках кінастужкі “Вайна пад стрэхамі” прыняў удзел заслужаны ўрач БССР Альфонс Лаўрыновіч, якому давялося апрануцца ў нямецкую форму. Таццяна ўспамінае, як ён,  ідучы са здымкаў у ваеннай форме, напалохаў тады некалькі чалавек.

“Вайна пад стрэхамі”

Цікава было прачытаць пра здымкі яшчэ адной сцэны. Наперадзе калоны, што рухалася ад капліцы да цэнтральнай вуліцы, павінны пранесці труну з пакойнікам, але знайсці “героя” без забабонаў у галаве, які б пагадзіўся на такі эксперымент, было амаль немагчыма. Таццяна Лаўрыновіч піша: “Ніхто не хацеў лягаць у труну, але пасля змаглі дамовіцца з адным мужчынам. У той дзень мароз быў моцны, здымуць эпізод, ён злезе з труны пагрэецца і зноў лягае. Пранясуць яго ўперад, а потым вяртаюцца на першапачатковую кропку, ён тады сядае ў труне і жанчынам рукой махае. Усе смяюцца, рагочуць…”.

“Вайна пад стрэхамі”

Яшчэ адзін фільм здымаў на Гальшаншчыне рэжысёр Аляксей Туровіч – выхаванец Карлаўшчынскага дзіцячага дома.

Дакументальны фільм “Мая Карлаўшчына” заснаваны на ўспамінах і сустрэчах з выхавацелямі дзіцячага дома, жыхарамі Гальшан і Карлаўшчыны, выйшаў на экраны ў 2004 годзе. Прэзентацыя фільма адбылася ў Гальшанах.

Кацярына РУДЗІК.

Фота з суполкі ok.ru.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *