«Няма чаго ў сталічнай “шпакоўні” сядзець». Аднагодкі раёна — Леакадзія і Іван Пянкоўскія з вёскі Цюпішкі

Культура Юбилейная Ошмянщина

Вёска Цюпішкі сустракае нас цішынёй і спакоем: на вуліцы ні душы, толькі чуваць, як вецярок ляніва гойдае галінкі на дрэвах і, высунуўшы насы з будкі, брэшуць сабакі. Гэта цяпер тут толькі ў пяці дамах свецяцца вокны і чуюцца галасы, а на дзвярах астатніх — дзесяцігоддзямі вісяць замкі. Усё больш па вёсачцы раскінуты касабокія дамы і пахіленыя гаспадарчыя пабудовы, здзічэлыя сады і зарослыя кустоўем двары…

На скрыжаванні вуліц, у самым цэнтры вёскі, месціцца дагледжаны дом Івана Казіміравіча і Леакадзіі Іосіфаўны Пянкоўскіх.

Пачуўшы, як да іх дома набліжаецца аўтамабіль, Іван Казіміравіч спачатку выглядвае ў акно, аздобленае разбянымі аканіцамі, а затым, апрануўшы цёплую футравую шапку, выходзіць сустракаць гасцей. Сёння не толькі карэспандэнты наведаліся ў Цюпішкі.

Пасля ранішняй  імшы да іх спяшаецца ксёндз – пробашч парафіі Святога Яна Хрысціцеля Багуслаў Вуйтовіч, каб асвяціць дамы вяскоўцаў і даведацца, як жывуць яны сёння і ў чым маюць патрэбу. Нібы птушкі, ляцяць год за годам, а ў вёсцы нічога не мяняецца, кожная сям’я чакае сустрэчы са святаром — не ва ўсіх месцічаў хапае здароўя за шэсць кіламетраў дабрацца ў касцёл. Праўда, Іван Казіміравіч ездзіць у Гальшаны на веласіпедзе — і нічога, што размяняў ужо восьмы дзясятак! А напярэдадні Вялікадня вяскоўцы збіраюцца разам каля крыжа, які даглядаюць Пянкоўскія, каб асвяціць стравы на велікодны стол.

Родныя сёстры за роднымі братамі

У шчырых успамінах Іван Казіміравіч і Леакадзія Іосіфаўна Пянкоўскія ахвотна перагортваюць старонкі свайго жыцця, успамінаюць пройдзены шлях, дарагі сэрцу і незабыўны. З цеплынёй у голасе яны расказваюць, як склаўся іх лёс і як цесна ён пераплёўся з гісторыяй Ашмяншчыны.

У Пянкоўскіх вялікі архіў фотаздымкаў, які захоўваецца ў альбомах і ў стосах, беражліва складзеных у шафе. За кожным фотаздымкам — свая гісторыя. Разам з гаспадарамі мы разглядаем старонкі сямейнага альбома з пажоўклымі ад часу старонкамі і загнутымі краямі і ўважліва слухаем іх цікавыя аповеды…

Аднагодкі раёна Леакадзія і Іван Пянкоўскія больш за паўстагоддзе разам. З будучай жонкай жыхар вёскі Навадворцы пазнаёміўся на вясковых танцах.

— Прыехаў у Цюпішкі, закружыў прыгожую дзяўчыну ў танцы. Пазнаёміліся і пайшла справа! — усміхаецца Іван Казіміравіч. — Так спадабаліся адзін аднаму, што пасля тата з маці сталі прыязджаць, каб паглядзець на нявестку.

— Як пазнаёміліся, то стаў часцей і часцей наведвацца, — перапыняе мужа Леакадзія Іосіфаўна. — Ды й так атрымалася, што мы, родныя сёстры — за роднымі братамі замужам.

Яшчэ адна сустрэча маладых адбылася на вяселлі — брат Івана Пётр ажаніўся з сястрой Леакадзіі Янінай і забраў яе да сябе ў вёску. Пасля той урачыстасці Іван не проста так на танцы ў Цюпішкі ездзіць пачаў, а дзеля таго, каб убачыцца з прыгажуняй Леакадзіяй. Ды і дадае жанчына, што з будучым мужам яны ў кумаўстве былі — пахрысцілі дачку брата.

Латышскія заробкі

Ажаніліся Іван Казіміравіч і Леакадзія Іосіфаўна ў 1967 годзе і сталі жыць у Цюпішках у бацькоўскім доме. Але дом той быў ужо касабокі і стары, трэба было прыдумляць, як яго рамантаваць. Рукі Іван Казіміравіч меў залатыя, але сродкаў на будаўнічыя матэрыялы і працу рамонтнікаў не было. Вырашылі, як і многія вяскоўцы ў той час, паехаць у суседнюю Латвію на заробкі. За мяжу выязджалі некалькі разоў на год і займаліся там праполкай буракоў.

Зарабілі грошы, выкупілі адразу другую палову будынка ў сваякоў і пачалі ствараць утульны дом для сваёй сям’і. Маладыя спадзяваліся абысціся рамонтам, аднак давялося дом амаль што нанова ставіць. Так Пянкоўскія жывуць у гэтым доме і цяпер, тут нарадзіліся іх дзеці Эдуард, Генадзь і Яніна.

Малечаў адных надоўга ў хаце не пакінеш, таму Леакадзія і Іван перасталі ездзіць на заробкі і ўладкаваліся на работу ў мясцовую гаспадарку – паляводамі. З самай раніцы і да позняга вечара яны завіхаліся на калгасных палетках, а пасля спяшаліся дадому да дзяцей. Да пераезду ў Цюпішкі Іван Казіміравіч працаваў трактарыстам, але пасля давялося ісці ў паляводства — мара ізноў сесці за руль трактара так і засталася марай…

— Вельмі цягнула Івана да трактароў. Аруць у тым канцы поля,  Іван пачуе гук і  не можа сядзець на месцы, — расказвае Леакадзія Іосіфаўна. – Маці кажа: “Глянь, дочка, ён ужо у полі, палез у трактар і арэ, пакуль механізатар адпачывае”.

“Шчаслівымі і прыгожымі людзей робіць галава і праца”

Пасля працы таксама не было часу адпачываць, а пра танцы ў клубе маладыя навогул забыліся. Праўда, заўсёды маладое сямейства магло разлічваць на дапамогу бацькоў і сястры Гелены, якая жыла разам.

Нягледзячы на стомленасць пасля працоўнага дня і хатніх клопатаў, Леакадзія Пянкоўская заўсёды знаходзіла час для любімай справы – вязання і вышывання. Калісьці вязала кофты, камізэлькі, шкарпэткі для ўсёй сям’і; аздабляла коўдры, прасціны, навалачкі карункавымі і вышытымі ўзорамі. Раней не было кніг і інтэрнэта, таму прыходзілася прыдумляць малюнак самой… Аднойчы ў касцёле Леакадзія заўважыла цудоўны ўзор на кофце ў жанчыны і доўга яго разглядала, не магла вачэй адарваць ад вопраткі, старалася запомніць, каб дома паўтарыць. Праўда, жанчына не вытрымала і абурана запытала, чаго яе разглядаюць.

— Аднойчы звязала Івану кофту з цікавым узорам, дык бацька мужа не мог паверыць што сама звязала, а не ў магазіне купіла, — расказвае Леакадзія Пянкоўская. — За любімай справай нават не заўсёды сачыла за часам. Толькі сяду вязаць, падыму галаву ад пруткаў  — гадзіннік б’е, а за акном светла. Ужо і не да сну, і ўдзень не прылягу, бо трэба дзяцей глядзець і працаваць.

Працавітая рука гаспадыні адчуваецца не толькі ў хаце, на двары – чысціня і парадак. Тут няма нічога звышнатуральнага – яна робіць усё з душой, таму і атрымоўваецца прыгожа. Нездарма ў народзе кажуць: “Шчаслівымі і прыгожымі людзей робіць галава і праца”.

Куры ды ахоўнік-сабака

Гаспадары прызнаюцца, што ўспаміны аб мінулым не заўсёды грэюць душу.  Жыццё Пянкоўскіх праляцела хутка і ў нялёгкай працы. Не было часу на разважанні ці пустыя клопаты — адразу дом будавалі, працавалі, дзяцей гадавалі, вучылі і жанілі. Не зважаючы на ўзрост і праблемы са здароўем, яны і сёння стараюцца свой дом зрабіць прыгожым і ўтульным, дагледзець пустыя ўжо гаспадарчыя пабудовы…

— Неяк карова захварэла, быў у яе масціт, — успамінае гаспадыня. – Мусілі збыць рагулю. Прыехала за ёй машына, а ў мяне слёзы на вачах. Плакала па ёй, як па чалавеку, так шкада была аддаваць. Пайду ў хлеў, прычыню дзверы, а там няма нікога — ціха і пуста…

Цяпер Пянкоўскія не трымаюць жывёлу, раней і конь быў, і каровы з авечкамі. Зараз уся гаспадарка – куры ды ахоўнік-сабака. Каня таксама нядаўна давялося збыць.

— Вельмі цяжка без коніка, трохі хочаш бульбы пасадзіць, каб кошык сваёй быў. А няма як! У вёсцы толькі адзін конь застаўся, таксама ўжо старэнькі, — дзеліцца Леакадзія Пянкоўская.

Няма чаго ў сталічнай “шпакоўні” сядзець

Ну і нічога, што няпростым было жыццё! Усё змаглі і перажылі, а лёсам ім было наканавана пражыць доўгае, поўнае цікавых падзей жыццё. Яны засталіся такімі ж працавітымі, дружнымі, шчодрымі і гасціннымі гаспадарамі… Дзверы іх утульнага дома заўсёды адчынены для родных і блізкіх людзей, для сяброў і звычайных знаёмых. Асабліва сустрэчы з любімымі бабуляй і дзядуляй чакаюць унукі Аляксандр, Анастасія, Валянціна і малодшы Данііл.

— Цяпер тэлефоны і стацыянарныя, і мабільныя ў кожнага ёсць, — успамінаюць Пянкоўскія. — А раней палкі ў рукі, каб праз снягі прайсці зімой ці ад жывёлы якой адбіцца, і вечарам, пасля работы, а можа і ноччу, хадзілі праз палі ў Курган і Біюцішкі (там былі ўжо тэлефоны), каб дзецям патэлефанаваць і пачуць іх голас. Людзі нават ноччу пускалі і ніколі грошы не бралі, як бы мы не стараліся аддзячыць.

Размаўляючы з гаспадарамі разумееш, як у глыбіні іх душы цепліцца любоў да жыцця і роднай вёсачкі… Яны расказваюць, што дзеці вельмі перажываюць за іх, таму ўпрошваюць пераехаць у горад – у Мінск ці ў суседнія Ашмяны. Іван Казіміравіч кажа, што ў сталіцы няма знаёмых і ўвогуле няма чаго ў гарадской “шпакоўні” сядзець. Цюпішкі Пянкоўскія ні на што не прамяняюць.

— Шкада свой будынак пакідаць — лазня блізка, скляпок добры, на нарыхтоўкі ў сценах паліцы зроблены. Адрына вялікая, хлеў, — адзначае Леакадзія Пянкоўская. – Увогуле, так трэба жыць, як набяжыць.

У вёсцы жыць нядрэнна, аўтамазін прыязджае чатыры разы на тыдзень, а калі нешта тэрмінова спатрэбіцца, лекі напрыклад, Іван Казіміравіч на веласіпедзе ў аптэку адправіцца. Дзеці дапамагаюць, не кідаюць бацькоў адных, прывозяць прадукты і проста заязджаюць, каб пагаварыць. Увогуле, ні аднаго свята Божага Нараджэння і Вялікадня не прапусцілі, а бацькі прыязджаюць да іх у Ашмяны ці Мінск сустракаць Новы год.

Зараз Пянкоўскія стараюцца больш адпачываць. Любяць і тэлевізар паглядзець, асабліва Леакадзіі Іосіфаўне падабаюцца музычныя перадачы. Яна смяецца і кажа, што вельмі любіць спяваць.

… Нашу размову парушае стук у дзверы, на парозе стаіць сусед  і гучна пытае: “Ну, што бачылі? Ужо ксёндз у вёсцы, да Іванаўны хутка пойдзе!”. Леакадзія Іосіфаўна і Іван Казіміравіч хутка прыбралі альбомы з фотаздымкамі назад у шафу і пайшлі ў гасцявы пакой запальваць свечкі. Працягваем размову, а Іван Казіміравіч час ад часу выглядае ў акно, з кішэні даносіцца гучная мелодыя мабільнага тэлефону, голас суседкі кажа: “Сустракайце ксяндза, ён ужо каля вашага дома”. Мы развітваемся з гаспадарамі Пянкоўскімі, а яны сустракаюць айца Багуслава і яшчэ доўга яго не адпускаюць.

Кацярына РУДЗІК.

Фото Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *