У Жупранах адсвяткавалі 150-годдзе касцёла

События

Ашмяншчына багатая на культавыя пабудовы, якія ўпрыгожваюць аграгарадкі і вёскі нашага раёна. Касцёлы і цэрквы з’яўляюцца не толькі помнікамі архітэктуры, але і сапраўднымі цэнтрамі духоўнага жыцця. Спрадвеку вернікі збіраюцца тут, каб уславіць Бога, падзякаваць за мір і дабрабыт, папрасіць аб патрэбных дарах для сябе, сваёй сям’і і краіны.

У гэтым годзе касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах адзначае сваё 150-годдзе. З важнай нагоды 29 жніўня ў парафіі адбылося свята, якое сабрала парафіян, гасцей аграгарадка, прадстаўнікоў мясцовай улады і духавенства. На пляцоўцы каля храма былі ўстаноўлены адмысловыя стэнды з падрабязнай інфармацыяй пра гісторыю касцёла. Усе ахвотныя маглі пазнаёміцца з цікавымі фактамі, адкрыўшы для сябе штосьці невядомае.

Пачалося святкаванне з адарацыі, падчас якой вернікі дзякавалі Богу за магчымасць мець сваю святыню і маліцца ў ёй. Далей гасцям было прапанавана здзейсніць невялікі экскурс у мінулае святыні, даведацца пра выбітных асоб, якія маюць дачыненне да Жупран і касцёла. Падарожжа ў гісторыю было падрыхтавана супрацоўнікамі Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.К. Багушэвіча.

Ключавым момантам святочнага дня стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Пачас літургіі адбыўся ўрачысты абрад асвячэння і адданя адноўленай святыні ва ўласнасць Богу. Акрамя таго, ва ўрачыстай абстаноўцы быў асвечаны новы эўхарыстычны алтар. Гэтае асвячэнне стала кульмінацыяй свята, сімвалічна замацаваўшы абнаўленне святыні, якая з’яўляецца помнікам архітэктуры і ўнесена ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Ганна Язель звярнулася да прысутных з прывітальным адрасам ад старшыні райвыканкама Андрэя Клышэўскага. У прамове была адзначана багатая гісторыя касцёла ў Жупранах, яго важнасць для развіцця духоўнага жыцця ў аграгарадку і на Ашмяншчыне.

Пробашч парафіі Артур Ляшнеўскі падзякаваў духавенству, прадстаўнікам мясцовай ўлады, парафіянам і проста неабыякавым людзям, якія далучыліся да падрыхтоўкі свята. Працягам святочнага дня стала працэсія. Духавенства, парафіяне і госці з вялікай пашанай прайшлі каля неагатычнай культавай пабудовы, каб такім чынам выразіць сваю пашану і ўдзячнасць Богу.

Далей быў прыгатаваны пачастунак для гасцей, дзе кожны мог выбраць ласункі згодна са сваім густам. А самых рызыкоўных і дапытлівых чакала бяспройгрышная латарэя. Паўдзельнічаўшы ў ёй, госці маглі выйграць падарункі на памяць аб знакавым дні.

Фуд-корты, кірмашовыя палаткі, зона гульняў і забаў для дзяцей – усё гэта чакала гасцей свята ў Жупранах. Многія, карыстаючыся магчымасцю, наведалі могілкі каля касцёла, дзе пахаваны класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч.

Бяспецы дарожнага руху ў святочны дзень садзейнічалі інспектары ДАІ. Яны рэгулявалі рух і сачылі за выканнаем правіл. Дзяжурылі таксама і медыкі, гатовыя аказаць неабходную дапамогу.

Завяршальным акордам святочнай суботы стаў канцэрт харавой і інструментальнай музыкі “150 год надзеі і веры”, падрыхтаваны настаўнікамі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў.

Гэты дзень стаў яскравым сведчаннем таго, што Жупранскі касцёл застаецца духоўным цэнтрам рэгіёна, а таксама важнай гістарычнай і культурнай спадчынай, якая аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў і перакананняў вакол вечных каштоўнасцей – веры, надзеі, любові.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *