Такія розныя мы. Трайняшкі Вера, Надзея, Любоў

Культура

Дваццаць два гады таму, акурат напярэдадні Новага года «Ашмянскі веснік» падзяліўся радаснай навіной — у сям’і Педчанка з вёскі Нарбуты нарадзілася тройня. Вера, Надзея і Любоў тройчы памножылі шчасце Алены Казіміраўны і Алега Анатольевіча, якія пасля першынца-сына хацелі дачку.

Як адзін дзень праляцелі гады, бы птушаняты, выпархнулі з бацькоўскага гнязда, дзеці, аднак і сёння яны штотыдзень збіраюцца ў родным доме. Карэспандэнты «Ашмянскага весніка» сустрэліся з дружнай сям’ёй, каб даведацца, якімі былі для яе гэтыя гады.

Люба, Вера,Надзея

Упэўненасці не было, але чакалі дзяўчат

Аб тым, што яны з мужам чакаюць тройню, Алена даведалася падчас ультрагукавой дыягностыкі. Спачатку ўрач Сяргей Гучык паведаміў маладой матулі такую нечаканую навіну, пасля яго словы пацвердзілі ў медыка-генетычным цэнтры ў Мінску. Канешне, быў шок і нават слёзы. Аднак, па праўдзе кажучы, усе прадпасылкі для шматплоднай цяжарнасці былі. Алег Анатольевіч сам з блізнят, яго бацька і прадзед — таксама. Гэта незвычайная эстафета перадаецца ў сям’і Педчанка з пакалення ў пакаленне і ўспрымаецца, як падарунак Бога. Таму маладыя бацькі не разглядалі ніякіх варыянтаў, яны чакалі дачушак.

— І хаця пол дзяцей мы дакладна не ведалі — гэта не паказала медыцынскае абсталяванне, але ў тым, што будуць дзяўчаты, чамусьці не сумняваліся, — успамінаюць Алена і Алег. — Чаму выбралі такія імёны? — здзіўлена перапытваюць яны. — Ды неяк не задумваліся, хіба можна было назваць іх па-іншаму?!

Надзея, Вера і Люба ўсміхаюцца, кожная — па-свойму. Сёння дзяўчат лёгка адрозніць, а вось у радзільным доме некалі сясцёр пераблыталі. Ды і не дзіва, у дзяцінстве і так усе дзеці падобныя, а тут яшчэ тройня. Да таго ж Вера і Люба — аднаяйцавыя блізняты. Дарэчы, старэйшая з сясцёр — Вера, яна з’явілася першай і самай маленькай (1,850 кг). Праз пяць хвілін нарадзілася Люба (2,120 кг), а яшчэ праз дзесяць — Надзейка (2,220 кг).

120 пялюшак і ніякай машыны-аўтамат

Сёння дзяўчаты – дарослыя, самастойныя прыгажуні, надзейная падтрымка для бацькоў, гонар для старэйшага брата Уладзіслава. А тады, у 1996 годзе, калі тры маленькія кулёчкі прывезлі дамоў, пачаўся сапраўдны экзамен для мамы і таты. Разлічвалі толькі на сябе – нянек тады ніхто не прапаноўваў.

— Добра яшчэ, што бабуля дапамагала, мая маці, — удакладняе Алена Казіміраўна. – Першы месяц побач быў Алег, які ўзяў адпачынак. А потым спраўлялася сама. Як? Не пытайцеся, не ведаю. Першы год спала, не распранаючыся. Цяпер Надзя ўнука прывязе на дзень. Дык я нават есці не паспяваю зрабіць, дзед кухарыць. Як я траіх гадавала? – дзівіцца сама жанчына.

Гэта пры тым, што на гарадскія выгоды разлічваць не прыходзілася – толькі-толькі з дома жывёлаводаў пры ферме пераехалі ў новую вясковую хату без паравога ацяплення, вадаправоду, не кажучы ўжо пра машыну-аўтамат і іншых жаночых памочнікаў.

У арсенале Алены былі 92 звычайныя пялюшкі і 32 тонкія. Дзіцячыя ложкі збіралі па ўсёй вёсцы, калыску знайшлі для двайнят і прыварылі да яе трэцяе месца для Любы.

І хаця любоўю і клопатам дзяўчаты абдзеленыя не былі, фізічнай магчымасці гушкаць іх, не спускаючы з рук, бацькі не мелі.

— Лягчэй стала, калі дзяўчаты пачалі хадзіць, — успамінае матуля. — Праўда, тады сачыць трэба было яшчэ больш пільна.

Добра, калі ёсць падтрымка

Пасля нараджэння дзяўчат шматдзетная сям’я Педчанка атрымала аднапакаёвую кватэру, у якую, зразумела, не паехала — дзе там было ўсім памясціцца?! Засталіся ў Нарбутах. Іх бяззменным транспартам быў калгасны конь — бацькі тады працавалі на ферме. Пасля таго, як Алена ў роспачы напісала пісьмо Прэзідэнту, сям’і пачалі дапамагаць дзіцячай вопраткай, памперсамі. Нават далі мяккі вугалок — перацягнуты наноў, ён і сёння стаіць у адным з пакояў.

Алег родам з Украіны, на дапамогу родзічаў асабліва не разлічваў, таму заўсёды старанна працаваў. Нават з жонкай яны пазнаёміліся на рабоце — убіралі цукровыя буракі ў Латвіі. Так жыццёвыя сцежкі прывялі яго на радзіму Алены, якая нарадзілася ў Барунах.

Каб пракарміць сям’ю, Алег Анатольевіч уладкаваўся на мясакамбінат электрагазазваршчыкам. У асобе дырэктара Тамары Уладзіміраўны Філіповіч знайшоў надзейную падтрымку  Яна не толькі давала магчымасць зарабіць дзякуючы звышурочнай працы, але і дапамагала ў складаных жыццёвых абставінах. Захварэлі дзеці, сарвала падчас урагану крышу — Тамара Уладзіміраўна, бы анёл-ахоўнік, апякала сям’ю.

Разам яны — сіла

Калі Вера, Надзя і Люба падраслі, пачалі, як і ўсе дзеці, свавольнічаць, толькі ў трайным памеры — разумелі, што разам яны — сіла. Попел з печкі па хаце рассыпалі, цукар па пакоях сеялі. Вабілі малечу то студня, то рэчка. А яшчэ вельмі хацелася бегчы за старэйшым братам, які часам уцякаў ад сясцёр да вясковых хлопцаў. Колькі ж можна быць ім нянькай?!

У дзіцячы садок дзяўчаты не хадзілі, застаючыся пад пільным наглядам бацькоў і  бабулі.

— Дапамагала і суседка, цёця Анця, — кажа Алена Казіміраўна.

І ўсё ж без здарэнняў не абыходзілася. Хоць завадатарам і ініцыятарам часцей за ўсё была Надзя, больш за іншых даставалася Веры: то зваліцца адкуль, то конь ногаць адгрызе…

Дзіцячыя свавольствы засталіся ў мінулым, але разуменне таго, што побач заўсёды ёсць людзі, якія дапамогуць, падтрымаюць, шчыра парадуюцца твайму шчасцю, і сёння надае ім упэўненасці ў сабе. Яны, як і ў дзяцінстве, калі Уладзік вучыў сясцёр гуляць у футбол, — адна каманда і заўсёды будуць абараняць свае вароты.

З маленства бацькі прывучалі дзяцей да работы. Трымалі вялікую гаспадарку (жылі з яе): свінні, тры каровы, куры, калгасны конь. Цэлае лета сенавалі, пасвілі «кулейку», шчыравалі на агародзе і «сотках», дапамагалі маці на ферме. Дзяўчаты выраслі сапраўднымі гаспадынямі, ніякай работай іх не напалохаеш.

У кожнай — свой шлях

Трайняшак у школе ніколі не блыталі, таму да ўрокаў прыходзілася рыхтавацца як след і адказваць кожнай за сябе.

Па традыцыі спачатку бацькі апраналі сястрычак аднолькава, а пасля, у класе трэцім дзяўчаты пачалі бунтаваць.

— Я і сам не любіў, калі нам з братам куплялі аднолькавую вопратку, — адзначае Алег Анатольевіч, — таму добра разумеў дачок.

З цягам часу Люба, Вера і Надзя вызначыліся не толькі з уласным стылем і гардыробам, але і са сваёй жыццёвай дарогай. Вера пасля 9 класа паступіла ў Маладзечанскі палітэхнічны каледж, працавала на Смаргонскім хлебазаводзе, зараз перайшла ў гандаль. Люба і Надзя пасля 11 класаў паступілі ў Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж на бухгалтара.

У Надзі і старэйшага Улада ўжо свае сем’і. Сапраўднай пацехай для бабулі з дзядулем сталі ўнукі Арцём і Яўгеній. Сёлета сям’я Педчанка рыхтуецца да чарговага вяселля — знайшла свайго абранніка Вера.

— Сыграць тры ў адным не атрымліваецца, — апярэджвае маё пытанне Алена Казіміраўна. — Жыццё вызначае па-свойму, ды і госці не згадзіліся б на такі баль з трыма падарункамі.

Гэта для бацькоў звычайная справа — рыхтаваць няхай сабе і сімвалічныя, але адразу тры падарункі, спраўляць трайныя хрэсьбіны, выпускныя, збіраць за адным сталом дружную сям’ю: сына з нявесткай Надзяй, дачок з пакуль што адным зяцем Аляксандрам, унукаў, якіх, дасць Бог, яшчэ прыбавіцца. Аб адным мараць сёння Алена Казіміраўна і Алег Анатольевіч — каб іх дзеці і ўнукі былі здаровыя.

Людміла РЫБІК.

Фото Святланы МУЦЯНСКАЙ  і з архіва сям’і Педчанка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *