У Гальшанскай бібліятэцы ведаюць, як вызначыць форму і памер Зямлі

Культура

Як вызначыць памеры і форму Зямлі? На гэта пытанне ведаюць дакладны адказ у сельскай бібліятэцы аграгарадка Гальшаны. Мала таго, тут вам прадэманструюць геадэзічныя прыборы, якімі праводзілася раней вымярэнне, і нават пакажуць, дзе знаходзіцца адзін з пунктаў той загадкавай сеткі пад назвай Дуга Струвэ. На шматлікія пытанні пра гэты аб’ект XIX стагоддзя, 34 пункты якога ўнесены ў Спіс помнікаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, адкажа старшыня мясцовага сельвыканкама Войцех Коўзан. Не разгубяцца жыхары Гальшан, калі знянацку спыніць іх на вуліцы і запытацца пра арганізатараў і ўдзельнікаў той значнай справы Васіля Струвэ, Карла Тэнера і Іосіфа Ходзьку.

А ўсё гэта таму, што вось ужо шэсць год як пры гальшанскай бібліятэцы існуе музей Дугі Струвэ – запланаваны напачатку як віртуальны, аднак у хуткім часе стаўшы рэальным носьбітам самай рознай інфармацыі пра ўнікальны помнік навукі і тэхнікі. Музей гэты створаны дзякуючы намаганням работнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, бібліятэкараў, мясцовай грамадскасці. Узнік ён не на пустым месцы. Пачалося ўсё з зацікаўленасці мясцовых краязнаўцаў драўлянай геадэзічнай вышкай, што размясцілася на лясістым узгорку за вёскай Цюпішкі. Як расказала жыхарка Гальшан Валянціна Лабуніна, разам з вучнямі школы быў арганізаваны лыжны паход да гэтага знака. Першапачатковую інфармацыю пра дугу ўдалося адшукаць з дапамогай супрацоўніцы Нацыянальнай акадэміі навук Лізаветы Каралевіч. Сур’ёзным штуршком у вывучэнні загадкавага аб’екта стала міжнародная навуковая канферэнцыя “Гальшанскія чытанні”.

— Гальшанскія чытанні і тыя даследаванні, што праводзіліся навукоўцамі і зацікаўленымі гісторыяй краю людзьмі, далі вёсцы новае дыханне. За гэта мы найперш удзячны колішняму намесніку старшыні райвыканкама Валянціне Лузінай, — падкрэсліла краязнаўца. – У 2007 годзе ў Цюпішках, на месцы геадэзічнага пункта мерыдыяна Дугі Струвэ, быў усталяваны памятны знак.

Інфармацыя пра Дугу Струвэ хутка абляцела краіну, тым больш што яшчэ ў 2005 годзе пункт Тупішкі, а разам з ім і яшчэ 33 пункты ў 10 краінах Еўропы былі ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Праз Гальшаны ў Цюпішкі пасыпаліся турысты.

Першым крокам у папулярызацыі аб’екта на турыстычнай карце Ашмяншчыны стала ажыццяўленне ў 2012 годзе праекта па стварэнні музея Дугі Струвэ. Праект фінансаваўся па праграме ТАНДЭМ-1 асацыяцыяй ALDA ў рамках бязвыплатнай гуманітарнай дапамогі. Гэта быў першы праект пры падтрымцы Фонда імя Льва Сапегі на Ашмяншчыне. Тады работнікі культуры, Гальшанскай і раённай бібліятэк з дапамогай мясцовых органаў улады і грамадскасці зрабілі вялікую і карысную ва ўсіх адносінах справу.

Да работы падключыліся ўсе. Кіраўніцтва сельвыканкама выдзеліла памяшканне, у якім быў праведзены рамонт. Мясцовая моладзь сабрала цікавы матэрыял аб культуры і традыцыях дзяржаў, праз якія прайшла Дуга Струвэ. Былі выдадзены фотаагляды па гісторыі, культуры і дэкаратыўна-прыкладной творчасці гэтых краін. Спецыяльна для музея РУП “Белкартаграфія” выпусціла карту Дугі Струвэ.

— У нас завязаліся партнёрскія ўзаеміны з Гулбенскім краем Латвіі, дзе таксама рэалізоўваўся падобны праект, — заўважыла загадчык раённай бібліятэкі, член рабочай групы праекта Марына Белавус. – Падчас паездкі ў Латвію мы мелі магчымасць не толькі пабываць на ўрачыстым адкрыцці знака на геадэзічным пункце, але і пазнаёміцца з работай латвійскіх устаноў культуры. Працуючы над праектам, мы пасябравалі з літоўскімі калегамі. Да нас прыязджалі ўдзельнікі міжнароднага каардынацыйнага Савета па Дузе Струвэ, пасяджэнне якога праходзіла ў Беларусі.

Цеснае супрацоўніцтва завязалася ў ашмянцаў з дацэнтам кафедры геадэзіі БНТУ, аўтарам кнігі “Дуга Струвэ: шлях да сусветнага прызнання” Уладзімірам Мкртычанам. Ён не аднойчы бываў у Ашмянах, выступаў перад грамадскасцю. Прывозіў сюды сваіх студэнтаў. Яго грунтоўнае выданне разышлося па ўсіх бібліятэках Гродзеншчыны. Карыстаецца кніга попытам і сярод ашмянцаў.

Гэты праект быў выключна праектам культурнага кшталту. З часам, калі наведвальнікі музея пачалі задаваць пытанне: “А чым усё ж такі мералі Зямлю?”, бібліятэкары задумаліся аб працягу музейнай справы.

Так у мінулым годзе, ізноў жа, дзякуючы фінансавай праграме ТАНДЭМ-4 і старшыні праўлення грамадскага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі” Міраславу Кабасе з’явіўся новы праект, мэтай якога стала пашырыць музей, бліжэй пазнаёміцца з геадэзічным згуртаваннем і прафесіяй геадэзіста, павысіць турыстычную прыцягальнасць пункта Тупішкі.

Праца над праектам “Дуга Струвэ – спадчына стагоддзяў” доўжылася цягам аднаго года. Заключным акордам цікавай і вартай увагі справы стаў “круглы стол”, у пасяджэнні якога прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч, старшыня райсавета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч, старшыня Гальшанскага сельвыканкама Войцех Коўзан, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, кіраўнік праекта Людміла Каханоўская, старшыня праўлення грамадскага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі” Міраслаў Кабаса, дырэктар раённай бібліятэкі Марына Белавус, краязнаўцы, прадстаўнікі грамадскасці Валянціна Лабуніна і Яніна Корзун, былы начальнік аддзела культуры, пад кіраўніцтвам якой ажыццяўляўся першы праект, Галіна Балінская, бібліятэкар Кальчунскай бібліятэкі Алена Шкелда, член рабочай групы, метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны Сяргей Жылік, удзельнікі грамадскага савета музея, вучні і педагогі школ раёна.

На пасяджэнні падведзены вынікі работы над праектам, яшчэ раз узгаданы этапы яго ажыццяўлення і той плён, які ён прынёс. Сяргей Жылік расказаў аб конкурсе даследчых работ сярод вучняў школ раёна. Пераможцамі конкурсу “Дуга Струвэ і яе значэннеў гісторыі навукі аб Зямлі” сталі выпускніца Гальшанскай СШ Вікторыя Янушкевіч, Аліна Галамбоўская (СШ №3), Павел Дудойць (Граўжышкоўскі ВПК), Кацярына Тарасевіч (СШ №2), Таццяна Буткевіч (СШ №3).

Летам мінулага года ў Ашмянах прайшла міжнародная канферэнцыя з удзелам спецыялістаў геадэзічных служб і навукоўцаў са Швецыі, Латвіі і Беларусі. У канферэнцыі прынялі ўдзел пасол Каралеўства Швецыі ў Беларусі, прадстаўнікі РУП “Белгеадэзія” і Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. Падчас канферэнцыі музею былі падораны геадэзічныя інструменты і прыборы, макеты геадэзічных вышак. Яны занялі сваё пачэснае месца сярод экспанатаў. Музей зараз размяшчаецца ў двух пакоях, набыты дадатковыя вітрыны і стэнды. Інфармацыйныя стэнды з’явіліся ў Гальшанах і на пункце Тупішкі.

Падчас пасяджэння адбылася прэзентацыя абноўленай экспазіцыі. Тэатралізаваную кампазіцыю падрыхтавалі работнікі мясцовага Дома культуры. Экскурсію для гасцей правяла бібліятэкар Таццяна Іванова.

На працягу года вялася работа па добраўпарадкаванні пункта Дугі Струвэ. Былі закуплены антывандальныя лаўкі і сметніцы. Вясной завершацца работы па ўзвядзенні глядзельнай пляцоўкі на аб’екце.

— Пачынаючы з 2012 года, шмат зроблена як па папулярызацыі пункта Тупішкі Дугі Струвэ, так і па яго вывучэнні і добраўпарадкаванні, — адзначыў старшыня райсавета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч. – Разам з тым хочацца сказаць, што мы знаходзімся яшчэ на самым пачатку шляху. Усім нам і нашым прадаўжальнікам – моладзі належыць зрабіць яшчэ вельмі шмат. Прыемна тое, што сярод 99 праектаў, якія ажыццявіў Фонд імя Льва Сапегі ў межах праграмы ТАНДЭМ, пяць праектаў – Ашмянскага раёна. Такога рэзультату не мае ніводзін раён рэспублікі. Гэта сведчыць аб тым, што на Ашмяншчыне жывуць таленавітыя, працавітыя і старанныя людзі, дзякуючы намаганням якіх развіваецца і ўзбагачаецца наш край.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *