У Ашмянах прайшлі “Гальшанскія чытанні” (+ відэа)

Год малой родины Культура


Сёлета ашмянская зямля ў чарговы, восьмы, раз запрасіла да сябе навукоўцаў, краязнаўцаў і ўсіх зацікаўленых гісторыяй людзей на Міжнародныя гальшанскія чытанні. Распачатыя яшчэ ў 2006 годзе былым намеснікам старшыні райвыканкама, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцінай Лузінай пры падтрымцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, яны сталі штуршком у больш дасканалым вывучэнні нашага рэгіёна і далі магчымасць падняць глыбокі і багаты пласт нашай гісторыі.

IMG_4413

Высокі статус форуму дазволіў Ашмяншчыне набыць рознага кшталту стасункі з шэрагам краін Еўропы і заявіць аб сабе на міжнародным узроўні. Ён стаў стымулам для актывізацыі даследчай дзейнасці сярод маладога пакалення ашмянцаў. Адметна тое, што іх работы сёння займаюць дастойнае месца сярод прац сталых навукоўцаў у зборніках матэрыялаў, што рыхтуюцца Інстытутам гісторыі па выніках чарговых навуковых сустрэч. У скарбонцы гісторыі Ашмянскага краю знаходзяцца сёння тры выданні Інстытута гісторыі НАН Беларусі, падрыхтаваныя па матэрыялах “чытанняў”: “Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі: Ашмяны і Ашмянскі рэгіён”, “Ягелоны: дынастыя, эпоха, спадчына” і “Ашмяншчына: праблемы рэгіянальнай гісторыі Беларусі”.

IMG_4535

За гэты час пад эгідай Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праведзены грунтоўныя археалагічныя даследаванні гальшанскага гарадзішча і селішча. Геадэзічны пункт мерыдыяна Дугі Струвэ стаў адметнай кропкай не толькі на карце Ашмянскага раёна, але і набыў сусветную значнасць: спачатку праз усталяванне знака, затым праз кнігу дацэнта БНТУ Уладзіміра Мкртчана “Геодезическая дуга Струве: путь к историческому наследию” і віртуальны музей дугі ў Гальшанскай сельскай бібліятэцы. Памятны знак на месцы гібелі славутага экіпажа бамбардзіроўшчыка “Ілья Мурамец” паспрыяў наладжванню трывалых стасункаў з азербайджанскімі і расійскімі гісторыкамі, якія займаюцца вывучэннем Першай сусветнай вайны і адшукваюць землякоў, звязаных з гэтымі падзеямі. Гальшанскія чытанні прыцягнулі ўвагу грамадскасці да гістарычнай постаці нашай зямлячкі, заcнавальніцы роду Ягелонаў Соф’і Гальшанскай. Вобраз маці польскіх каралёў быў увекавечаны ў камені. Падчас першай навукова-практычнай канферэнцыі помнік быў урачыста ўсталяваны ў цэнтры Гальшан. Гэтыя абставіны падштурхнулі пісьменніка Анатоля Бутэвіча да напісання гістарычнага рамана “Каралева не здраджвала каралю”, прэзентацыя якога прайшла ў Гальшанах. А праз пяць год ля сцен замка адбыўся паказ першага беларускага нацыянальнага мюзікла, галоўнай гераіняй якога стала наша славутая зямлячка. Кіраўніцтва Інстытута гісторыі аказвае садзейнічанне ў справе па рэстаўрацыі і кансервацыі руінаў замка Сапегаў у Гальшанах.

IMG_4467

Каля дзвюх соцень навуковых артыкулаў і даследаванняў, падрыхтаваных да Гальшанскіх чытанняў краязнаўцамі і гісторыкамі, археолагамі і мастацтвазнаўцамі, архітэктарамі і літаратарамі, школьнікамі і іх настаўнікамі, паднімаюць глыбокі пласт гісторыі Ашмянскага краю і даюць магчымасць больш шырока і ўсебакова папулярызаваць нашу гісторыка-культурную спадчыну, раскрываючы непаўторнае гістарычнае багацце беларускага народа.

IMG_4426

Шмат новых звестак і цікавых фактаў можна было пачуць на навуковым форуме падчас восьмых Гальшанскіх чытанняў, якія пачаліся тэатралізаваным пралогам, падрыхтаваным работнікамі раённага цэнтра культуры. На пачатку пленарнага пасяджэння ад імя прадстаўнічай і выканаўчай улад гасцей і ўдзельнікаў канферэнцыі прывітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч. За значны ўклад у даследаванне гісторыі роднага краю намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза ўручыў падзякі інстытута намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Кальчунскай СШ Таццяне Давідовіч, загадчыцы народнага гісторыка-краязнаўчага музея імя Эдуарда Корзуна Гальшанскай СШ Яніне Корзун, дырэктару цэнтральнай раённай бібліятэкі Марыне Белавус, настаўніцы геаграфіі гімназіі №1 Святлане Ляпко, метадысту па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела метадычнай работы раённага цэнтра культуры Сяргею Жыліку.

IMG_4498

У рабоце навукова-практычнай канферэнцыі прыняў удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Маркевіч, які выступіў з паведамленнем “Прававыя асновы ўдзелу жыхароў Ашмяншчыны ў ахове межаў краю”, прымеркававаўшы сваё даследаванне да 100-годдзя органаў пагранічнай службы Беларусі. Выступоўца пры гэтым адзначыў, што фундамент дадзенай тэмы знаходзіцца значна глыбей, бо бярэ свой пачатак з часоў Вялікага Княства Літоўскага, калі для аховы межаў дзяржавы пачалі ўзводзіць гарады-крэпасці. З цікавасцю быў успрыняты ашмянцамі даклад Аляксандра Доўнара, загадчыка аддзела Інстытута гісторыі. Штодзённае жыццё Ашмян ён прааналізаваў, зыходзячы з судовай справы 1791 года. Справа гэта тычылася спрэчкі, што завязалася паміж войтам і падпаручыкам вайсковай часткі, якая спынілася на пастой у горадзе. Галоўны спецыяліст Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў, кандыдат гістарычных навук Дзмітрый Фельдман падрыхтаваў паведамленне на тэму: “Легенда ці быль: аб спробе захопу Напалеона ў Ашмянах у 1812 годзе пры дапамозе яўрэйскай “разведкі”. Хаця выступоўца так і не адказаў на пытанне, ці была спроба захопу французскага імператара ў нашым горадзе, аднак тое, што ён спыняўся ў нас па дарозе на Вільню, адназначна, так як і тое, што яўрэйскае насельніцтва аказвала дапамогу рускай арміі ў якасці тайных агентаў, праваднікоў і кур’ераў.

IMG_4509

Фота і кінадакументы Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, звязаныя з гісторыяй Ашмянскага народнага драматычнага тэатра, прадставіла супрацоўніца архіва Алена Траццяк. Ашмянцы змаглі ўбачыць урыўкі з фільмаў 1961 года “Наш народны” – аб дзейнасці тэатра і “Народны артыст” – аб прыездзе ў Ашмяны артыста Глеба Глебава, які выканаў ролю Пустарэвіча ў пастаноўцы “Паўлінка”.

IMG_4553

Аб мастацка-эстэтычным і маральна-этычным патэнцыяле паэмы Францішка Багушэвіча “Кепска будзе” зрабіў паведамленне старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Ігар Шаладонаў.

IMG_4563

Падчас працы ў секцыях было ўзнята шырокае кола тэм і пытанняў: шляхецкія роды на Ашмяншчыне, археалагічныя даследаванні на тэрыторыі Жупранскага і Гальшанскага сельсаветаў, сацыяльная прастора, культурная спадчына, сельская гаспадарка, рамёствы, матэрыяльная і духоўная культура краю, славутыя людзі…

Як адзначыў загадчык аддзела Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Доўнар, сёлетнія “чытанні” адметныя тым, што каля трыццаці працэнтаў выступоўцаў складаюць вучні школ раёна. Імі было падрыхтавана 13 паведамленняў, усе юныя даследчыкі атрымалі па выніках удзелу ў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі сертыфікаты Інстытута гісторыі.

IMG_4572

Значная колькасць дакладаў навукоўцаў была падрыхтавана па выніках археалагічных раскопак, праведзеных за апошнія два гады. Гэта і далейшае вывучэнне гальшанскага гарадзішча, і даследаванні на тэрыторыі касцёла Святых Пятра і Паўла ў Жупранах, а таксама могільніка каля вёскі Маркіняты, які датуецца дзесьці ХIII стагоддзем. З дакладамі па гэтай тэме выступілі навуковыя супрацоўнікі інстытута Павел Кенька, Яўген Уласавец, Вольга Мядзведзева і Кірыл Мядзведзеў. Пра цыліндрычны камень-ахвярнік з чашападобным паглыбленнем, які быў знойдзены на Гальшанскім замку, распавёў дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрый Скварчэўскі. Дарэчы, супрацоўнікі Інстытута гісторыі ўнеслі прапанову гэтаму каменю знайсці належнае месца, так як ён адносіцца да гістарычнай і прыроднай спадчыны.

IMG_4584

Аб радаводзе Славінскіх зрабіў даклад наш зямляк, гісторык-краязнаўца Васіль Юрша. Дактарант Інстытута гісторыі Літвы Эймантас Гудас даследаваў тэму “Тышкевічы герба “Ляліва” ў Ашмянскім павеце ў XVI-XVII стагоддзях: улада, маёмасць, прэстыж”. Цікавыя звесткі можна было атрымаць з даклада прафесара БДПУ імя Танка Эмануіла Іоффе пра знакамітых яўрэяў, якія жылі на Ашмяншчыне, а таксама з выступлення дацэнта БДУ Вольгі Гарбачовай пра жыццё і побыт ашмянскіх эмігрантаў у Парыжы.

IMG_4587

Падводзячы вынікі плённай працы ў секцыях, загадчык аддзела Інстытута гісторыі НАН Аляксандр Доўнар унёс прапанову праводзіць Гальшанскія чытанні на працягу двух дзён, бо падчас паралельнай работы секцый зацікаўленыя людзі губляюць магчымасць пазнаёміцца з усімі дакладамі і выказаў шчырую падзяку настаўнікам школ раёна, якія вядуць значную краязнаўчую і выхаваўчую работу са сваімі вучнямі, прывіваюць дзецям цікавасць да гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *