Міцкевічскі ўчастак для галасавання прымае выбаршчыкаў

Главное

Сёння ў Беларусі праходзяць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання. Усе 23 участкі для галасавання, створаныя ў Ашмянскім раёне, пачалі сваю работу ў 8.00. З васьмі гадзін адчыніў свае дзверы і Міцкевічскі ўчастак  №22, які размяшчаецца ў сярэдняй школе №1. Члены выбарчай камісіі, а іх на самым вялікім у раёне ўчастку налічваецца 17, прыйшлі загадзя, каб падрыхтаваць рабочыя месцы, апячатаць урну для галасавання і сустрэць выбаршчыкаў.

viber image2

Сёння работа ў іх будзе нялёгкай, аднак у складзе камісіі няма навічкоў: усе яны маюць дастатковы вопыт, каб выконваць ускладзеныя на іх абавязкі. З 2007 года працуе ў выбарчых камісіях Святлана Рамуальдаўна Жукоўская. У свой час была яна і членам камісіі, і сакратаром, і намеснікам. Трэці раз — старшыні ўчастковай камісіі.

— На нашым участку створаны ўсе ўмовы, каб выбаршчыкі змаглі выканаць свой грамадзянскі абавязак, — адзначыла Святлана Рамуальдаўна. – Для большасці жыхароў наша раёна сённяшні дзень – гэта свята. У людзей ёсць магчымасць адкласці клопаты і не толькі прагаласаваць, але і паглядзець канцэрт. Мастацкія кіраўнікі нашых дзіцячых узорных калектываў Мікалай Паўлавіч і Вера Іванаўна Федрэнкі вельмі адказна ставяцца да падрыхтоўкі канцэртнай праграмы. Жанчыны цікавяцца асартыментам ў буфеце і абавязкова набываюць нешта да абедзеннага стала, альбо каб паласаваць дзяцей ці ўнукаў. Прадпрыемства грамадскага харчавання Ашмянскага філіяла спажывецкага таварыства да гэтага дня рыхтуецца вельмі адказна. У гандлёвай кропцы можна набыць таксама тавары з дзяржаўнай сімволікай і розныя сувеніры.

viber image3 viber image4

Многія прыходзяць на ўчасткі сем’ямі. Хтосьці ўжо добра знаёмы з кандыдатамі ў народныя абраннікі, а некаторыя адразу ж падыходзяць да стэнда, каб прачытаць неабходную інфармацыю пра кандыдата.

viber image5Наталля Осіпаўна Молчан, бібліятэкар Будзёнаўскай сельскай бібліятэкі, шматдзетная маці:

— З кандыдатамі ў дэпутаты пазнаёмілася загадзя. Такую магчымасць мела праз раённую газету. Сёння патрэбныя звесткі можна знайсці і на сайце Цэнтрвыбаркама. Прысутнічала нават на адной сустрэчы з кандыдатам. Хаця ён быў не з маёй выбарчай акругі, аднак цікава было пачуць, чым жыве гэты чалавек, чаму захацеў вылучыць сваю кандыдатуру.

У сваім жыцці мне не даводзілася звяртацца да дэпутатаў. Лічу, што ў іх не так і шмат паўнамоцтваў, аднак плюсам будзе ўжо тое, што яны нашы праблемы змогуць агучыць на больш высокім узроўні.

Галіна Міхайлаўна Багдановіч, пенсіянерка:

— Прыйшла на выбары не таму, што чакаю перамен ад дэпутата, за якога аддам свой голас. Я ў такім узросце, што больш разлічваю на сябе і сваіх родных і блізкіх. А ў цэлым хацелася б, каб жыць нам стала лягчэй, каб пенсія прыбавілася. Я ўсё жыццё аддала рабоце на заводзе “Радыётэхніка”, нават і цяпер працую, аднак заробку не хапае, бо трэба і дзецям дапамагчы. Хочацца спадзявацца на лепшае. З гэтай надзеяй і прыйшла на выбары.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *