Вестачка да свята ад Ашмянскага музея

Культура

Да акцыі “Нашы дзеці” далучыліся і супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея імя  Францішка Багушэвіча.

Зусім мала часу засталося да любімых не толькі дзецьмі, але і дарослымі свят – Божага Нараджэння і Новага года. Гэтыя напоўненыя цяплом і дабрынёй дні дораць людзям казку і надзею на спаўненне самых патаемных жаданняў. Дзеці чакаюць падарункаў ад Дзеда Мароза і з цікавасцю заглядваюць пад ёлачку. А дарослыя ўспамінаюць той час, калі і яны верылі ў казачнага персанажа з белай барадой, радаваліся яго прыходу і станавіліся на табурэтку, каб расказаць загадкаваму дзеду вершык. Людзі сталага ўзросту вялікае задавальненне атрымлівалі ад цёплых вестачак – паштовак, якія ў значнай колькасці прыходзілі  падчас святаў ад родных і сяброў. Візіту паштальёна радаваліся не менш, чым Дзеду Марозу. Паштоўкі  ляцелі ў нашы дамы і кватэры з розных куткоў свету. Здавалася нават, што гэтыя лісточкі кардону разам з цёплынёў душы адпраўніка былі напоўнены пахам мандарынаў, цукерак і прыгажуні-ялінкі. І сёння ў многіх сем’ях захоўваюцца гэтыя душэўныя атрыбуты свята, якія нагадваюць аб блізкіх  сэрцу людзях і з’яўляюцца часткай нашага жыцця, а разам з  тым і сімвалам цэлай эпохі.

Супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея імя  Францішка Багушэвіча  перад Калядамі і Новым годам падрыхтавалі для ашмянцаў, у большай меры, канешне, для людзей сталага ўзросту, прыемны сюрпрыз: арганізавалі выставу святочных паштовак пад назвай “Вестачка да свята”. На мінулым тыдні ў музеі адбылося яе ўрачыстае адкрыццё. Галоўнымі віноўнікамі ўрачыстасці ў музеі сталі краязнавец з Гальшан Валянціна Сцяпанаўна Лабуніна і калекцыянер, заснавальнік прыватнага музея з Іўя Іван Мечыслававіч Буйко, без якіх не адбылася б гэта прыгожая і светлая выстава.

Вучні СШ №1 і СШ №3, якія наведаліся ў гэты дзень у музей, атрымалі шмат інфармацыі аб гісторыі паштоўкі і навагодніх святах, даведаліся, адкуль прыйшла традыцыя адзначаць Новы год і чаму святкаваўся ён калісьці ў сакавіку,  як з’явіўся галоўны персанаж свята —  Дзед Мароз.

Шмат цікавых звестак данеслі гасцям выставы вядучыя Сяргей Жылік і Аліна Кеда. Не менш цікава было паслухаць і саміх калекцыянераў. Напрыклад, Валянціна Сцяпанаўна сябе калекцыянерам не лічыць зусім. Паштоўкі, якія яна перадала ў дар музею – гэта невялікая частка тых цёплых “адкрытых пісем”, што прыйшлі да яе па пошце ад родных і сяброў. Яна сабрала больш дзвюх тысяч паштовак, пачынаючы з канца пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя і да нашых дзён. Валянціна Сцяпанаўна і ў нашы дні пасылае лісты  сваім сябрам, падпісвае да святаў паштоўкі і з хваляваннем атрымлівае вестачкі ад дарагіх ёй людзей.

У гэтым годзе ў краязнаўчым музеі стартаваў праект “Нядзеля калекцыянера”, які падразумявае правядзенне выстаў з прыватных калекцый жыхароў Ашмяншчыны і другіх рэгіёнаў Прынёманскага краю. Сваім захапленнем філакарціяй падзяліўся з ашмянцамі на гэты раз жыхар Іўя Іван Мечыслававіч Буйко. Ім арганізавана ўжо больш за сорак выстаў, сабраных з экспанатаў уласнага музея. У калекцыі нашага суседа з Іўя налічваецца каля 1000 паштовак каляднай тэматыкі. Самая старая з іх датуецца 1903 годам: начальнік Слонімскага водаканала віншуе гэтай паштоўкай  свайго калегу.  Шмат у яго і паштовак да іншых свят, аднак Каляды Іван Мечыслававіч лічыць самым светлым і важным святам у сваім жыцці.

Цёплыя словы падзякі за ўнікальную магчымасць успомніць дзяцінства, якое не абыходзілася без паштовых картачак, выказала гасцям і падарыла сувеніры  спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля  Скурновіч.

Віншаванні прымалі ўдзельнікі ўрачыстага адкрыцця выставы і ад Дзеда Мароза, у ролі якога выступіў работнік музея Валерый Піхтулаў. Дзядуля прынёс з сабой казачны мех, адкуль высыпаліся гульні, віктарыны, вясёлы смех і салодкія пачастункі з пажаданнямі. Музычныя падарункі гучалі ў гэты дзень  ад Марыі Горыд.  Хацелася разам з ёй спяваць,  закружыцца ў  хараводзе разам з чароўнымі казачнымі персанажамі. А прыйшоўшы дадому, заглянуць у паштовую скрыню: ці не прыйшла там часам вестачка да свята.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

IMG_6779

IMG_6780

IMG_6794

IMG_6802

IMG_6805

IMG_6816

 

Ученики СШ №1 и СШ №3, которые заглянули в этот день в музей, получили много информации об истории открытки и о самих праздниках, узнали, откуда пришла традиция отмечать Новый год и как появился главный персонаж праздника — Дед Мороз. Этот сказочный герой пожаловал и в музей, принеся с собой игры, смех и веселье, и, конечно же, сладкие угощения.

 



1 комментарий по теме “Вестачка да свята ад Ашмянскага музея

  1. И я там был) В музее душевные мероприятия

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *