Ашмянская «Ноч музеяў»

Культура

Гісторыя Дня музеяў такая ж выключная і ўнікальная, як і самі музеі і тое, што яны экспануюць. І хаця свой адлік яна пачынае з 1977 года, традыцыя прымяркоўваць да гэтага дня акцыю «Ноч музеяў» у нашай краіне мае крыху больш за дзесяць год. Гэтую ноч падчас называюць чароўнай, бо і насамрэч у музеях адбываюцца цуды.

IMG_10602

Тэхніка, якая доўгі час стаяла без справы, на радасць наведвальнікам пачынае працаваць. Гістарычныя асобы, адлюстраваныя на пажоўклых здымках у шкляных вітрынах, на карцінах і ў гравюрах, ажываюць. У музейных пакоях ладзяцца нязвыклыя для гэтай установы мерапрыемствы, на якія завітваюць творчыя і цікавыя людзі.

IMG_1079

Еўрапейская акцыя займела ў нас крыху іншую канцэпцыю і форму. У Еўропе традыцыйна дзверы музеяў для наведвальнікаў адчынены ўсю ноч, прычым бясплатна. На Беларусі акцыя год ад года развіваецца. Па-першае, павялічваецца колькасць музеяў, якія прымаюць у ёй удзел, а па-другое, музейныя калектывы прапануюць публіцы ўсё больш цікавыя і разнастайныя мерапрыемствы, расце і ўзровень іх падрыхтоўкі. Так, некаторыя музеі абмяжоўваюцца традыцыйным адкрыццём выстаў альбо паказам рарытэтаў са сваіх фондаў, але большасць рыхтуе цэлую праграму. Варта адзначыць і яшчэ адзін аспект. Калі раней музейныя калектывы ладзілі гэтую імпрэзу сваімі сіламі, цяпер яны ўсё больш актыўна супрацоўнічаюць з творчымі арганізацыямі і ўстановамі, запрашаюць сваіх калег.

IMG_1086

Цікава праходзіць гэта акцыя і ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча. Калектыў установы заўсёды знаходзіць «цікавосткі» для сваіх наведвальнікаў, а таму мерапрыемства атрымліваецца душэўным і цёплым. Напачатку мне было неяк няёмка ад таго, што невялікая колькасць прыхільнікаў музейнай справы далучаецца да гэтай акцыі ў нашым раёне, аднак затым злавіла сябе на думцы, што прыходзіць менавіта той, каму гэта на самой справе цікава, хто атрымлівае асалоду, а разам з уражаннямі і новую інфармацыю.

IMG_1091

Чарговая акцыя прайшла ў нашым музеі ў святочны для музейшчыкаў дзень. Праграма пад назвай «У свеце муз» абяцала шмат сюрпрызаў і адкрыццяў. Узнёслую атмасферу ствараў у гэты дзень творчы калектыў Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў «Карусель». Музыка, якая чулася ў двары музея, прымушала ашмянцаў прыпыніцца і паназіраць за дзеяй. На цэнтральнай вуліцы горада можна было сустрэць незвычайных асоб у шыкоўных строях дзесьці васямнаццатага стагоддзя. Як пасля аказалася, гэта супрацоўнікі музея-сядзібы кампазітара і дыпламата Міхала Клеафаса Агінскага, што ў Залессі, завіталі ў госці да Багушэвічаў.

IMG_1110

Свята пачалося прывітальным словам дырэктара музея Настассі Навіцкай і навуковага супрацоўніка Ірыны Бусловіч. Свае паслугі перад уваходам у залу прапанавала ўвішная і хітрая цыганка, у ролі якой выступіла Марыя Горыд. Цыганка прапаноўвала прадказаць будучыню па выцягнутай ігральнай карце, пры гэтым грошай за «спраўджванне мараў» не брала.

IMG_1174

Супрацоўнікі музея-сядзібы князёў Агінскіх падрыхтавалі прэзентацыю пра сваю музейную ўстанову і запрасілі ашмянцаў да сябе ў госці. Так як у Залессі часта ладзяцца шляхецкія балі, то музейныя работнікі прапанавалі наведвальнікам майстар-клас па бальных танцах, у які з радасцю ўключылася і моладзь, і дарослыя. А пасля ўсе разам гулялі ў фанты, прыдумваючы для ўдзельнікаў жартоўныя заданні. З задавальненнем танчылі на імправізаваным балі Францішак Багушэвіч (Эдуард Булкевіч) і яго дачка Канстанцыя (Алена Галамбоўская).

IMG_1213

Мініквэст-гульня «Зямля і людзі» дазволіла ў чарговы раз звярнуцца да гістарычнай спадчыны ашмянскай зямлі і ўзгадаць імёны нашых слаўных землякоў: аўтара «Гіпікі» Крыштафа Монвіда Дарагастайскага, паэта-дэмакрата Францішка Багушэвіча, хіміка Енджэя Снядэцкага, публіцыста Чэслава Янкоўскага, паэта Андрэя Зязюлю…

IMG_1249

А напрыканцы святочнай дзеі ўсіх, хто завітаў падвечар у музей, чакала незабыўная сустрэча з Андрэем Рэцікавым — кіраўніком народнага тэатра лялек «Капялюш» з Наваполацку і героямі яго пастановак. Госць з Віцебшчыны запрасіў у чароўны свет батлейкі, расказаў аб тым, як ён захапіўся лялечным тэатрам, аб герояў яго спектакляў.

IMG_1257

— Больш прыхільнікаў лялечнага тэатра ўсё-такі сярод дарослых, — адзначыў Андрэй. — Яны напачатку і не здагадваюцца, што такія спектаклі могуць іх захапіць.

Пасля наведвання Ашмянаў прыхільнікаў у тэатра «Капялюш» стане яшчэ больш, бо выступленне заезджага госця ўсім прыйшлося па душы. І насмяяліся, і інфармацыю цікавую атрымалі пра гісторыю развіцця лялечнага тэатра, і з цудоўным чалавекам пазнаёміліся.

Завяршыў праграму, прысвечаную Міжнароднаму дню музеяў, народны сямейны ансамбль «Граўжанцы». Па-сямейнаму цёпла і ўтульна было ў той вечар у музеі. Сярод аднадумцаў і музаў, што жывуць не толькі на Парнасе і Геліконе, але і ў нашай душы, час праляцеў непрыкметна.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *