Сёлета спаўняецца 90 гадоў з моманту ўводу ў эксплуатацыю гарадской электрастанцыі з воднай турбінай, ці, кажучы па-просту, гідраэлектрастанцыі. Збудаванне гэтага прадпрыемства, што захавалася да нашых дзён, цікава не толькі сваёй адметнай архітэктурай, але з’яўляецца прыкладам паспяховага гаспадарчага праекта, які рэалізаваў мясцовы магістрат у міжваенны час мінулага стагоддзя. Больш таго, яна прыцягвае ўвагу яшчэ з той нагоды, што ў свой час з’ўлялася адзінай і найбуйнейшай гідраўлічнай электрастанцыяй на тэрыторыі Віленшчыны. Пры гэтым сабекошт электраэнергіі быў самым танным, а тарыфы для спажыўцоў найменьшымі ў параўнанні з іншымі электрастанцыямі ваяводства.
У кароткім даследаванні пра водныя млыны краю (“Ашмянскі веснік”, №50 ад 6 ліпеня 2016г.) была ўзгадана гісторыя ашмянскага млына па вуліцы Барунскай, які папярэдне існаваў на гэтым прыдатным месцы. Не адно стагоддзе ён спраўна дапамагаў мясцовым жыхарам у гаспадарчай дзейнасці, паспяхова выкарыстоўваючы энэргію ракі Ашмянкі. У канцы Першай сусветнай вайны пажар знішчыў млын з турбінай і было вырашана перавезці ў горад невялікую частку абсталявання з акруговай нямецкай электрастанцыі ў Лошы.
Як вядома, акупацыйныя нямецкія ўлады стварылі на занятых тэрыторыях шэраг прадпрыемстваў па вытворчасці электрычнасці. Гэтыя электрастанцыі забяспячвалі токам у першую чаргу франтавыя і тылавыя пазіцыі, а з цягам часу пачалі пастаўляць электраэнергію для прадпрыемстваў, якія рабункова эксплуатавалі акупаваныя землі. З гэтай мэтай паўсталі электрастанцыі (самі немцы называлі іх электрацэнтралі) каля Смаргоні, Крэва, у Жупранах. Пра з’яўленне электрычнасці ў Багданаве і навакольных вёсках згадваў у тагачасных дзённікавых запісах Фердынанд Рушчыц, што сведчыць пра існаванне электрастанцыі ў тых мясцінах. Самая ж магутная з іх, звязаная з усімі электрацэнтралямі, была пабудавана на правым беразе ракі Лоша, побач з фальваркам Сяржанты. Гэтая мясціна ўваходзіла тады ў былы Ашмянскі павет, сёння гэта тэрыторыя з рэшткамі электрастанцыі належыць суседняму Астравецкаму раёну.

Менавіта адтуль у канцы 1918 года перавозіцца ў Ашмяны лакамабіль магутнасцю ў 24 конскія сілы і генератар у 16 кВт. Вельмі простая электрастанцыя вырабляла пастаянны ток напружаннем у 220 вольт, дзейнічала пры максімальнай нагрузцы штодня ад змяркання да першай гадзіны ночы. У лютым 1922 года магістрат г.Ашмяны на тры гады ўзяў у арэнду гэтае прадпрыемства, але яшчэ да завяршэння тэрміну гарадскія ўлады набылі ўсё абсталяванне электрастанцыі і электрасеткі ў камунальную ўласнасць.
Колькасць абанентаў складала ў гэты час крыху больш за 300 прыватных асоб і невялікіх кааператываў. Стан начыння і стан электрасетак быў нездавальняючым, таму генератар працаваў з перагрузкай, а свет быў вельмі слабым. З улікам гэтых фактараў было прынята рашэнне яшчэ раз выкарыстаць энергію вод Ашмянкі для пазітыўнай работы. Стары аб’ект быў ліквідаваны і заменены новай гідраэлектрастанцыяй. Пасля адбудавання маста з водазлівам і плацінай у 1927 годзе быў узведзены новы будынак з памяшканнем для турбіны, генератара і іншага тэхналагічнага абсталявання. Водную турбіну магутнасцю ў 92 конскія сілы і патрэбныя для турбіны механізмы выканала вядомая варшаўская фірма “К.Рудзкі і Кампанія”, а генератар у 65 кВт з размеркавальным шчытом і электрычныя сеткі паставіла найстарэйшая польская фірма “Браўн-Боверы СА”. Усё начынне электрастанцыі было выканана паводле новых тэхнічных дасягненняў: ток быў выбраны зменны трохфазны — 380 на 220 В, магістральныя і прымыкаючыя лініі выкананы з меднага дроту. Працягласць паветранай электрасеткі склала 9км 171м.
Ашмянская гідраэлектрастанцыя пачала сваю дзейнасць ў лістападзе 1927 года, а 22 чэрвеня 1929 года была ўрачыста асвечана. Ток, які яна выпрацоўвала, служыў для асвятлення памяшканняў, вуліц і гарадскіх пляцаў, па магчымасці забяспечваў токам работу электраматораў. Гідраэлектрастанцыя дзейнічала цэлыя суткі і з кожным годам набывала новых абанентаў. Так, у час пуску іх было 277, а ў 1932 годзе колькасць падключаных да сеткі карыстальнікаў дасягнула лічбы 692. Персанал станцыі складаўся з кіраўніка, кантралёра і чатырох манцёраў.
Агульны кошт праекта склаў амаль 250 тысяч злотых, з якіх на пабудову Барунскага маста пайшло 108 тысяч, на ўзвядзенне мураванага будынка станцыі каля 22 тысяч, на іншае электрычнае абсталяванне і электрычныя сеткі каля 120 тысяч злотых. Гарадскі ўрад для гэтых мэт скарыстаў пазыку і інвеставаў яе на пабудову гідраэлектрастанцыі. Такі падыход пазней быў прызнаны рацыянальным не толькі з гаспадарчага пункту гледжання, але і грамадскага. Прыбытак ад дзейнасці электрастанцыі не толькі пакрываў розныя крэдытныя ўзносы і амартызацыю, але яшчэ даваў кожны год прыбытак больш за 20 тысяч злотых, які накіроўваўся на патрэбы горада.
З невялікімі перапынкамі ашмянская гарадская электрастанцыя забяспечвала спажыўцоў электраэнергіяй да красавіка 1959 года. За гады свайго існавання прадпрыемства пакінула значны след у гісторыі горада. У міжваенны перыяд яна садзейнічала развіццю прадпрымальніцтва і дробнай прамысловасці, а ў пасляваенны час дапамагала адраджэнню народнай гаспадаркі краю, даючы людзям святло надзеі на лепшую будучыню.
Уладзімір ПРЫХАЧ.

