У Ашмянах прайшла акцыя «Чытаем разам»

Культура

Напрыканцы красавіка ў межах абласной акцыі «Чытаем разам» у раённай бібліятэцы адбыліся чытанні «Францыск Скарына — гуманіст, асветнік, першадрукар», прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

IMG_7724

Вядучыя мерапрыемства Святлана Галінская і Вольга Швец расказалі аб друкарскай дзейнасці Скарыны, які за сваё жыццё  выдаў дваццаць пяць кніг, але гэта былі не проста кнігі: яны прызначаліся для распаўсюджвання сярод звычайных людзей і таму былі надрукаваны простай мовай. Асаблівай увагі заслугоўвае аб’ёмная «Прадмова доктара Францыска Скарыны з Полацка да ўсёй рускай Бібліі», якая мае пяць аркушаў тэксту. У ёй перакладчык і выдавец растлумачыў значэнне слова «біблія», абгрунтаваў важнасць гэтай кнігі для развіцця еўрапейскага грамадства, адзначыў структуру і паслядоўнасць біблейскіх кніг, іх падзел на Стары і Новы Запаветы.

IMG_7706

Пранікнёныя, шчырыя вершы, прысвечаныя першадрукару, прадмовы да кніг Скарыны гучалі ў выкананні намесніка дырэктара раённай бібліятэкі Вольгі Тарашкевіч, бібліятэкара Кацярыны Гарлуковіч, псіхолага ТЦСАН Алесі Карповіч, педагога-ветэрана Надзеі Мотус, вучаніцы Кальчунскай СШ Ангеліны Галінскай. Кожны з прысутных пачуў творы Янкі Сіпакова, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка, Анатоля Іверса, напісаныя ў гонар вядомага земляка.

— Пра людзей мы мяркуем па справах, якія яны здзейснілі, па спадчыне, якую яны пакінулі сваім нашчадкам, — адзначыла Святлана Галінская. — Наш славуты зямляк Францыск Скарына — у гэтым сэнсе найярчэйшы прыклад. Нам жа застаецца толькі праслаўляць імя асветніка і першадрукара ў стагоддзях.

 Напрыканцы мерапрыемства супрацоўнікі бібліятэкі правялі агляд кніжнай выставы «Слова Скарыны — спадчына чалавецтва», дзе на паліцах размясціліся выданні, прысвечаныя кнігадрукаванню, багатай спадчыне беларусаў, творы, напісаныя ў гонар Скарыны.  А пасля ўсе разам прачыталі верш Ніла Гілевіча «Мара Скарыны».

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *