Упэўнена робіць першыя крокі ў творчую прафесію малады спецыяліст, выкладчык па класе фартэпіяна Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Ганна Валер’еўна Мацкевіч.
Выпускніца школы вярнулася ў храм музыкі пасля вучобы ў Лідскім музычным каледжы. Любоў да музычнага мастацтва і ўвогуле да творчасці маленькай дзяўчынцы, якая ў восем гадоў нясмела пераступіла парог школы мастацтваў, прывіла Таццяна Васільеўна Каралёва. Менавіта дзякуючы яе прафесіяналізму, любові да музыкі Ганна стала кваліфікаваным спецыялістам.
Ганне Мацкевіч музыка падабалася заўсёды, таму бацькі нават і не сумняваліся, што дзяўчынка будзе спасцігаць таямніцы мастацтва, вучыцца іграць на фартэпіяна. Дарэчы, мама і тата Ганны творчасцю прафесійна не займаліся, але мелі пэўны вопыт у гэтай справе. Музыка адкрыла Ганне чароўны свет, у які дзяўчынка ішла разам з настаўнікамі Таццянай Каралёвай і Аленай Рагачовай. Яшчэ падчас навучання ў школе будучы выкладчык удзельнічала ў конкурсах і выступала на канцэртах. Насычаны творчай дзейнасцю графік чакаў Ганну Мацкевіч і ў каледжы, дзе з ёй займалася Алена Тарарака.
У жніўні Ганна Валер’еўна прыйшла на працу ў Ашмянскую школу мастацтваў. Здавалася, яшчэ нядаўна Ганна Мацкевіч слухала парады настаўнікаў, седзячы за фартэпіяна на ўроках спецыяльнасці і за партай на ўроках сальфеджыа і музычнай літаратуры. Зараз жа яна калега для тых, для каго калісьці была вучаніцай. Выкладаць музычную дысцыпліну дзецям у сценах роднай школы не толькі радасна, але адначасова хвалююча, таму што на плячах маладога педагога ляжыць вялікая адказнасць і перад сваімі былымі настаўнікамі, і перад вучнямі школы.
Малады спецыяліст выкладае ігру на фартэпіяна ў першых, другіх, трэціх і шостых класах. Заняткі доўжацца з раніцы і да вечара. Нягледзячы на тое, што ў школе Ганна працуе нядаўна, яна ўжо знайшла са сваімі выхаванцамі ўзаемаразуменне. А з вучаніцай Янай Стэфаноўскай яны рыхтуюцца да агляду-конкурсу таленавітай моладзі, які пройдзе ў Лідзе. Дарэчы, Ганна Валер’еўна некалькі гадоў таму ездзіла туды ў якасці ўдзельніцы. Сёння на ёй ляжыць адказнасць за сваю вучаніцу, якую яна падтрымае на сцэне, — будзе ёй акампанаваць.
— Мне вельмі падабаецца працаваць са сваімі былымі выкладчыкамі, — расказвае Ганна Мацкевіч, — яны мяне добра ведаюць, я магу да іх звярнуцца, калі мне будзе патрэбна дапамога ці добрая парада.
Сёння Ганна Валер’еўна актыўна ўдзельнічае ў жыцці школы. Выступае на канцэртах і конкурсах. Асабліва ёй запомніўся навагодні канцэрт «Зімовая фантазія», імпрэза «Музыка ХХ стагоддзя» ў кафэ «Стары горад», а таксама канцэрт, падчас якога дэманстравалі свае музычныя здольнасці навучэнцы Лідскага і Гродзенскага каледжаў. Часта праходзяць мерапрыемствы і конкурсы ў сценах школы мастацтваў.
Таленавіты, творчы педагог, асоба адказная, зацікаўленая ў сваёй прафесіі… Урокі праходзяць незвычайна, здаецца, Ганна вучыць не толькі розумам, але і сэрцам. Дзеці з вялікім задавальненнем ходзяць да маладой і ўважлівай выкладчыцы. Ганна Мацкевіч разумее, што сучасных дзяцей цяжка зацікавіць і накіраваць іх энергію і талент ў патрэбны бок. Таму творы для заняткаў яна выбірае разам з імі. Юным зоркам падабаецца іграць творы сучасных аўтараў ці тыя кампазіцыі, якія яны часта чуюць па тэлебачанні ці знаходзяць у інтэрнэце. Настаўніца дзяцей у гэтым падтрымлівае, таму што сама любіць слухаць розную музыку. Дарэчы, каб прывіць любоў да класічнай музыкі, яна нядаўна прыносіла дзецям мультфільм пра піяніста, з-пад пальцаў якога даносілася цудоўная сусветная музыка.
Няхай Ганна Валер’еўна ў нечым саступае дзецям, але яна патрабавальны і строгі настаўнік, які ўмее падтрымаць і стварыць бадзёры настрой.
У вольны час малады спецыяліст любіць пачытаць што-небудзь фантастычнае ці класічнае, але большую частку часу яна прысвячае музыцы. Дома любіць іграць сучасныя мелодыі, тое, што асабліва падабаецца. Калі Ганна грае, здаецца, дома ўсё замірае, а маці ціхутка прыадчыняе дзверы ў пакой і прыслухоўваецца да незвычайных кампазіцый…
У гэтым годзе Ганна Валер’еўна збіраецца прадоўжыць навучанне ва ўніверсітэце. Але вялікіх планаў на будучае яна не складае, толькі дакладна ведае, што ціхія і гучныя, эмацыянальныя і спакойныя гукі фартэпіяннай музыкі будуць разам з ёй крочыць па жыцці.
Кацярына РУДЗІК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

