Ашмяншчына ─ цудоўны край, з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай. На тэрыторыі раёна знаходзяцца могілкі беларускага паэта Францішка Багушэвіча і асветніка Енджэя Снядэцкага. Праз тэрыторыю раёна, каля вёскі Цюпішкі праходзіць Дуга Струвэ, якая ўключана ў спіс міжнароднай спадчыны ЮНЭСКА, а ў Гальшанах высяцца руіны замка Сапегаў. Менавіта аб мінулых падзеях сведчаць помнікі гісторыі, архітэктуры і археалогіі.
Ашмяншчына ─ калыска таленавітых і працалюбівых людзей, якія сваімі поспехамі ўслаўляюць наш край. Прыгажосць гэтай зямлі натхніла не аднаго майстра на стварэнне мастацкіх шэдэўраў. Пра мястэчкі раёна і іх жыхароў ствараюць вершы, складаюць легенды і пішуць карціны.
У раёне жыве шмат неабыякавых людзей, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю і працягваюць пісаць новыя старонкі ў яго летапісе. Гальшанцы даўно знаёмыя з блогам Таццяны Лаўрыновіч, са шматлікімі суполкамі аб Гальшанах і Ашмянах у сацыяльных сетках.
З першых фотаальбомаў прываблівае “Чорна-белы архіў Гальшан”, які стварыла ў сацсетцы ок.ru Людміла Кунігель. Жанчына не толькі збірае здымкі з гісторыяй, але і праз сваё захапленне фотасправай паказвае любоў да маленькай радзімы і людзей, якія тут жывуць. У кожным маленькім фотаздымку, створаным жанчынай, здаецца, засталася часцінка людской душы, багатага ўнутранага свету. Сярод герояў фотаальбомаў кожны знойдзе сваіх суседзяў, знаёмых і родных – народных майстроў, паэтаў і пісьменнікаў, святароў, фатографаў і мастакоў, заслужаных дзеячаў і простых жыхароў мястэчка і ваколіцаў.
Нядаўна на вочы трапіў блог аб горадзе (ashmyany.blogspot.com.by), над якім працуе ашмянец Павел Кураловіч. Яшчэ падчас вучобы ў школе Павел стаў цікавіцца краязнаўствам. Юнака заўсёды прыцягвала інфармацыя аб гісторыі, геаграфіі і людзях роднага краю. Гэты інтарэс падмацаваўся выхадам у 2003 годзе кнігі «Памяць. Ашмянскі раён», якая на доўгі час стала для Паўла настольнай энцыклапедыяй.

Падчас вучобы на геаграфічным факультэце БДУ інтарэс да краязнаўства ўзмацніўся, з’явіліся сябры, якія яго раздзялілі. Ды і жыццё ў новым горадзе, падарожжы па Беларусi дазволілі інакш паглядзець на свой родны горад.
— У той час гэты занятак абмяжоўваўся выключна чытаннем артыкулаў, кніг, фатаграфаваннем і падарожжамі па славутых мясцінах, — падкрэслівае Павел. — І сур’ёзна да гэтага я не ставіўся, ды і не стаўлюся: хтосьці гуляе ў камп’ютарныя гульні, хтосьці любіць чытаць дэтэктывы, хтосьці збірае коркі ад піва, а хтосьці цікавіцца краязнаўствам…
Тры гады таму Павел вырашыў паспрабаваць усё ж выказаць сваё захапленне краязнаўствам ў больш сур’ёзнай форме і стварыў блог аб Ашмянах. Юнак расказвае, што падставай для яго стварэння стала з’яўленне ў інтэрнэце такіх матэрыялаў, як відэа Ашмянаў 1920-30 гг. і план старога касцёла Св.Міхаіла Арханёла (сфатаграфаваны Таццянай Лаўрыновіч). Менавіта яны паслужылі асновай для першых публікацый у блогу. Гартаючы старонкі работ Антона Францішка Брыля, які выявіў элементы готыкі ў францысканскім касцёле, Павел пераканаўся, што ў горадзе знаходзіцца шмат цікавага і дзіўнага.
Сёння блог складаецца з некалькіх рубрык: “Новае”, “Архітэктура”, “Карты”, “Людзі”, “Фота” і “Ашмяншчына”. Інфармацыю для яго Павел ў асноўным выкарыстоўвае з інтэрнэт-рэсурсаў, але стараецца дапоўніць яе сваімі фотаздымкамі і малюнкамі. Павел упэўнены, што ў гісторыі горада яшчэ шмат белых плям, якія абавязкова патрэбна запоўніць.

Краязнаўца прызнаецца: пры стварэнні блога ён спадзяваўся, што, магчыма, людзі будуць дзяліцца інфармацыяй або дапаўняць тое, што было апублікавана. Таму, кожны, хто ведае якія-небудзь цікавыя звесткі, можа напісаць Паўлу і яго даведкі папоўняць цікавы гістарычны блог, які калі-небудзь Павел зменіць на паўнавартасны, зручны для любога карыстальніка, краязнаўчы сайт аб горадзе.
Найбольш значным для аўтара блога стаў цікавы артыкул аб старым касцёле Святога Міхаіла Архангела і Благавешчанскай царкве, таму што там сабрана шмат малавядовых фактаў аб гэтых аб’ектах і яны дапоўнены фотаздымкамі, малюнкамі і 3D рэканструкцыямі. Некаторыя з 3D – мадэляў Павел стварыў сам спецыяльна для блога. Цяпер яны не проста прыгожая ілюстрацыя да артыкула, але і своеасаблівы дапаможнік. Таксама наведвальнікаў зацікавіць серыя артыкулаў “Фотагісторыя”, у якіх мінулае пераплятаецца з сучасным.

На пытанне аб тым, што яму, як не толькі географу і краязнаўцу, але і як простаму чалавеку, падабаецца на Ашмяншчыне, ён адказаў так:
— З асаблівасцей Ашмянскага краю, перш за ўсё, хацелася б адзначыць яго ўзгорысты рэльеф. Пасля наведвання раўніннага Палесся, я быў вельмі рады, што нарадзіўся менавіта на ўзвышшы, — раўнінны рэльеф вельмі прыгнятае. Таму ў Ашмянскім раёне варта вылучыць гальшанскае гарадзішча. Я часта праязджаў побач, але ніколі не звяртаў на яго належнай увагі, таму што з-за дрэў яно не вылучаецца нічым асаблівым. Аднойчы, калі вырашыў усё-такі падысці бліжэй, быў моцна ўражаны яго стромкімі схіламі і вышынёй.
Сярод шматлікіх мясцін раёна Павел вылучыў ашмянскую Гару крыжоў і гару Пелікан каля Жупранаў. Прываблівае зрок юнака і незвычайны выгляд барунскага кар’еру, моцныя эмоцыі выклікае наведванне вялікіх валуноў (Нявесцін камень каля вёскі Агароднікі і Вялікі камень недалёка ад вёскі Гароднікі) і вядома, самыя цікавыя і прыгожыя мясціны Гальшан, Жупран і Барунаў.
Калі размаўляеш з такім харызматычным, поўным творчай энергіі чалавекам, разумееш, што ён зможа натхніць такіх жа актыўных, неабыякавых і разумных людзей. Аб сваім тварэнні Павел Кураловіч можа гаварыць гадзінамі. Нядаўна ён зацікавіўся міжваенным перыядычным друкам Віленшчыны (газеты “Слова”, “Кур’ер Віленскі” і інш), дзе часта можна сустрэць цікавыя факты аб Ашмянах.
Юнак упэўнены, што кожны перыяд у біяграфіі роднага горада па-свойму захапляльны і важны. Чытачам ён парэкамендаваў прачытаць аповесць Вінцука Адважнага «Хлапец», а пасля працягнуць знаёмства з работамі сваіх землякоў.
— Звярніце ўвагу на польскую суполку ў Facebook Oszmiana, дзе сабрана мноства старых фотаздымкаў і малюнкаў горада Ашмяны, — адзначыў Павел Кураловіч. — Праўда, вельмі прыкра, што ў Польшчы, людзей, якія цікавяцца гісторыяй Ашмянаў, больш, чым у саміх Ашмянах…
Кацярына РУДЗІК.
