Нацыянальная культура беларусаў сваімі каранямі сыходзіць у глыбокую старажытнасць. Багатыя народныя традыцыі, велічныя помнікі архітэктуры, самабытныя рамёствы продкаў, адметная беларуская кухня, мілагучная родная мова — усё гэта мы павінны захаваць і перадаць сваім нашчадкам, бо толькі шэраг названых складнікаў робіць нас сапраўднымі сынамі і дочкамі сваёй краіны.
Менавіта таму такая ўвага скіравана на асаблівасці беларускай культуры, захаванне нацыянальных абрадаў і традыцый, адраджэнне народных промыслаў, збор фальклору, добраўпарадкаванне помнікаў архітэктуры, археалогіі… Аб гэтых і іншых накірунках работы ішла размова падчас раённага семінара работнікаў культуры «Дзейнасць устаноў культуры раёна па захаванні і папулярызацыі нацыянальнай культуры», які адбыўся на мінулым тыдні на базе сельскага клуба аграгарадка Баруны.
Вопытам работы па дадзеным накірунку абмяняліся работнікі бібліятэк, клубных устаноў, краязнаўчага музея імя Ф.Багушэвіча, дзіцячых школ мастацтваў.
Адкрыла семінар начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Каханоўская, якая нагадала аб стане культуры Ашмяншчыны і перспектывах яе развіцця.
З цікавай інфармацыяй пазнаёміў прысутных метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік. Спецыяліст на канкрэтных прыкладах паказаў адрозненне матэрыяльных і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, расказаў пра найбольш цікавыя манументы архітэктуры, гісторыі і культуры. Як адзначыў Сяргей Аляксандравіч, на сённяшні дзень у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей 18 аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі раёна. Сёлета такі статус, дарэчы, атрымалі касцёл Святога Міхаіла Архангела ў Ашмянах, царква Святога велікамучаніка Георгія Пераможцы ў Гальшанах, помнік Францішку Багушэвічу ў Жупранах.
Увагу жыхароў раёна і гасцей-турыстаў прыцягваюць і помнікі археалогіі, гарадзішчы і звязаныя з імі легенды. Прыклад таму — Нявесцін камень, які па праву можна лічыць папулярным турыстычным аб’ектам. Такі валун на Ашмяншчыне не адзін, а гэта значыць, што белыя плямы на старонках гістарычнай памяці чакаюць свайго запаўнення.
Шырокую дзейнасць у гэтым накірунку вядуць супрацоўнікі краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча. Аб ролі ўстановы ў захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны расказала дырэктар музея Настасся Навіцкая. Хто, як не супрацоўнікі музея знаёмяць нас з жыццём і побытам ашмянцаў у розныя часы?! Хто, як не супрацоўнікі музея ладзяць экскурсіі, лекцыі, музейныя заняткі, выставы?! Хто, як не захавальнікі гісторыі збіраюць прадметы побыту, узбраення, матэрыялы археалагічных раскопак і іншыя экспанаты?! Зараз у фондах раённага музея больш за 24 тысячы прадметаў, і працэс камплектавання працягваецца: у мінулым годзе фонды папоўнілі ручнікі, посцілкі, абрусы, была адрэстаўрыравана керасінавая лямпа пачатку ХХ стагоддзя.
Практычная частка семінара пачалася яшчэ да падзелу на секцыі — бібліятэчную і клубную: загадчык сельскага клуба аграгарадка Баруны пазнаёміла калег з вопытам работы ўстановы культуры, расказала пра дзейнасць бібліятэкара, а таксама пра народныя абрады і святы, якія разам з аднавяскоўцамі адзначаюць у Барунах.
Дарэчы, народныя абрады сталі своеасаблівым блокам, бо вопытам іх правядзення ахвотна дзяліліся з прысутнымі работнікі розных устаноў. Так, падчас відэапрэзентацыі можна было даведацца пра народны абрад «Загаўліны», зняты з удзелам работнікаў Кальчунскага цэнтра культуры. З цікавасцю сачылі ўдзельнікі семінара і за абрадам «Хрэсьбіны», або, як яго яшчэ называлі нашы продкі, «Радзіны». Даведацца, як, згодна з народнымі традыцыямі, правільна ўводзіць дзіця ў склад сваёй сям’і і ўсяго роду, можна было і па тэлебачанні: 13 лістапада на тэлеканале «Беларусь-3» у перадачы «Наперад у мінулае» адбылася трансляцыя абраду, запісанага ашмянскімі работнікамі культуры.
На «ура» прайшоў і бенефіс кнігі «Людзі на балоце» — анталогія палескага жыцця», які адбыўся ў рамках літаратурнага марафону «Творцы і кнігі: юбіляры 2016 года».
Шмат пазітыўных уражанняў пакінулі ў удзельнікаў семінара наведванне школьнага гісторыка-краязнаўчага музея «Спадчына» Барунскага ВПК, а таксама аглядная экскурсія па аграгарадку.
Шэрагам цікавых напрацовак падзяліліся з калегамі супрацоўнікі бібліятэк і клубных устаноў падчас работы секцый.
Належнае месца знайшлі падчас семінара і мастацкія здабыткі ашмянскіх майстроў, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай нацыянальнай культуры. На выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Нацыянальны каларыт Ашмяншчыны» да ўвагі наведвальнікаў былі прадстаўлены вырабы з саломкі, ільну, воўны. Аб аднаўленні традыцый ганчарства на Ашмяншчыне сведчыць і выстава Валерыя Ганевіча і Дар’і Сярпейкі, вырабы якіх уразілі дасканаласцю, прыгажосцю і канструктыўным рашэннем. Не абышлі ўвагай прысутныя і фотавыставу «Сведкі стагоддзяў», падрыхтаваную супрацоўнікамі краязнаўчага музея імя Ф.Багушэвіча, а таксама тэматычную кніжную выставу.
Разнастайныя мерапрыемствы семінару зацікавілі ўдзельнікаў, а яго невычэрпная тэма, відавочна, дапаможа ўвасобіць ідэі і задумкі, з якімі работнікі ўстаноў культуры раёна раз’ехаліся па сваіх працоўных месцах.
Людміла КОЗЕЛ.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



