У Ашмяны наша сям’я пераехала з вёскі ў 1951 годзе. Бацькі пачалі будаваць дом па вуліцы Барунскай, каля рэчкі. Пакуль вялося будаўніцтва, мы жылі ў адной з кватэр старэнькага, уросшага ў зямлю дома насупраць пошты. Жыллё гэта мы атрымалі ад прамкамбіната, куды мой бацька Анатолій Міхайлавіч Сопач уладкаваўся на працу.
У гэтым жа годзе была адкрыта новая школа (СШ №2) па вуліцы Міцкевіча, дзе затым размяшчаўся Дом юнага турыста. Спачатку гэта была школа з сямігадовым тэрмінам навучання. Праз некалькі год яна стала сярэдняй. Загадваў школай Уладзімір Аляксандравіч Пятроўскі. Нямецкую мову выкладаў у нас Міхаіл Захаравіч Аксельрод, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ветэранам вайны была і Ганна Іванаўна Бабарыкіна. Заўсёды з павагай ставіліся мы да Зінаіды Яфімаўны Арцем’евай, Станіславы Антонаўны Громавай, Раісы Яўгенаўны Зайцавай.

Жыць нам, так як і многім сем’ям ашмянцаў, было ў 50-я гады нялёгка. Летам дзеці хадзілі босымі. Неяк перад школай мы з мамай паехалі ў Вільнюс, спецыяльна за абуткам. Тады з Ашмян хадзіла ў Літву машына-палутарка з крытай брызентам будой. Чамусьці ў Вільнюсе мы так нічога і не падабралі. Аднак на вакзале нам трапіўся на вочы мужчына, які нёс на плячы мужчынскія і жаночыя туфлі і чаравікі. Сплаканая, я ўпрасіла маму звярнуцца да гандляра і прымераць яго тавар. Маёй радасці не было канца, калі адны з туфляў прыйшліся мне па назе. З тымі туфлікамі я нават спала. Аднак шчасце маё хутка скончылася. Неяк пасля школы прабеглася я па мокрай ад дажджу траве ў гарадскім парку. Вярнуўшыся дамоў, працерла абутак чыстай анучкай і паставіла сушыцца недалёка ад печкі. Раніцай туфлі было не пазнаць: яны цалкам расклеіліся. Калі мы панеслі іх да майстра, той сказаў, што гэта абутак на нябожчыка, папяровы, і адрамантаваць яго, на жаль, ужо немагчыма. Так і прахадзіла я ажно да самага снегу ў галошыках.

Часта ў сваіх успамінах ашмянцы ўзгадваюць дом пані Пляўговай, што стаяў у цэнтры горада. У гэты дом часам наведвалася і я. За 20 капеек тут можна было набыць некалькі кавалачкаў цукру — ласунку, з якім наўрад ці што магло на той час параўнацца. А яшчэ там побач стаяла лаўка, у якой прадавалі адзенне. Спачатку трэба было прайсці краму, куды наведваліся мужчыны-гаспадары за цвікамі (імі гандляваў Віктар Станулевіч), а затым можна было патрапіць у сапраўдную казку. Часам цуды спраўджваліся, асабліва, калі ў іх моцна верыш. Так, за 8 рублёў купіла я сабе ў гэтай краме сукенку: жоўценькую, у чорныя конікі. Тады мне здавалася, што я самая прыгожая дзяўчынка на свеце, і сукенка ў мяне такая ж.
Добра памятаецца, як ва ўрачыстай абстаноўцы, з горнам і барабанамі, прымалі нас у піянеры. Мы давалі клятву добра вучыцца, актыўна ўдзельнічаць у жыцці школы і горада, дапамагаць малодшым і паважаць людзей сталага ўзросту. Экзамены на той час мы здавалі штогод, а яшчэ прымалі ўдзел амаль ва ўсіх мерапрыемствах, што ладзіліся ў школе. У шостым класе на раённым лыжным кросе я заняла другое прызавое месца. Мне тады ўручылі грамату, якуя я вельмі доўга захоўвала. Урэзаўся ў дзіцячую памяць і дзень, калі памёр Сталін. Наша настаўніца Грэта Фамінічна (прозвішча не памятаю) прыйшла ў клас, села за настаўніцкі стол і заплакала. Мы баяліся запытацца, што здарылася, і сядзелі моўчкі. Дзесьці ў канцы ўрока настаўніца сабралася з духам і сказала, што памёр кіраўнік нашай дзяржавы і нас адпусцілі дахаты (заняткаў у той дзень не было).
У вольны ад вучобы час дзеці прападалі на Маладзечанскай абласной станцыі юных натуралістаў (чамусьці так яна называлася). Размяшчаўся яе будынак якраз на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца новая СШ №1. Крыху воддаль, ужо па вуліцы Чырвонаармейскай, стаяла яшчэ адно памяшканне станцыі. Тут была гаспадарка, а побач іншыя пабудовы і цяпліца (гэты будынак стаіць і цяпер). Сюды я хадзіла спачатку як вучаніца, а затым як работніца. Мой тата загадваў гаспадаркай станцыі юнатаў, а мяне пасля сямі класаў уладкаваў сюды паліць печкі. Бацька печкі, канешне, паліў сам. Я ж з вясны па восень была занята на агародзе. Палола градкі, а затым разам з юнатамі збірала ўраджай. Метадыстамі станцыі ў свой час былі Кацярына Ігнацьеўна Янкоўская, Крысціна Іосіфаўна Гайдаровіч (Тарэева), узначальваў установу Касяк.
Гаспадарка была немалая. Зямлю абраблялі на конях. Садзілі моркву, буракі, агуркі, памідоры, бульбу. Сеялі збожжа, а затым самастойна яго ўбіралі. Агародніну здавалі ў сталовую. Нам таксама дазвалялі есці дары агарода ў неабмежаванай колькасці.

Дзеці не толькі дапамагалі па гаспадарцы, садзілі расаду, збіралі насенне, даглядалі за трусамі. На станцыі было шмат гурткоў. Хлопчыкі з задавальненнем займаліся фотасправай, нешта выпілоўвалі і майстравалі. Сталярнай справе вучыў дзяцей Міфодзій Андрэевіч Рудзь. Дзяўчынкі больш вышывалі. Гэты гурток наведвала і я. У мяне і зараз захоўваюцца вышытыя гладдзю (тады крыжыкам яшчэ не вышывалі) чырвоныя макі. Для дзяцей арганізоўвалі сустрэчы з цікавымі людзьмі. У маім альбоме захаваўся здымак, на якім адлюстравана сустрэча ў Мінску нашых вучняў з замежнай дэлегацыяй. І хаця сама я ў той паездцы ўдзел не прымала, аднак юнаты доўгі час дзяліліся ўражаннямі аб ўбачанных людзях з чорнай скурай.
У маёй дзіцячай памяці захаваліся рэдкія, але такія прыемныя імгненні ад наведвання сталовай, якая размяшчалася ў тым будынку, дзе раённая статыстыка. Босая, моцна заціснуўшы ў маленькім кулачку капейкі, я паднімалася па лесвіцы ў сталоўку, каб купіць там марожанага. Такое свята было не часта. Куды часцей стаялі мы ў чарзе за хлебам. Чаргу трэба было займаць з 4 гадзін раніцы. Не ведаю, адкуль гэты хлеб прывозілі, але ён быў як сапраўдная цэгла, такі ж цвёрды. Аднак на гэта ніхто не звяртаў увагі. Каліпадыходзіла машына, людзі так націскалі на акенца, з якога выдавалі буханкі, што дзяцей часам выштурхоўвалі з чаргі. Тады я, плачучы, з адтаптанымі нагамі і пустымі рукамі вярталася дахаты.
За рубель мама купляла кілаграм кісялю. Яшчэ заставаліся грошы і на булку хлеба. Хоць і жылі мы бедна, але ніколі не наракалі на лёс. Радаваліся, што жывём без вайны. Кожная капейка ў нашай мям’і збіралася на будаўніцтва ўласнага дома. І мы былі вельмі шчаслівымі, калі перайшлі жыць на вуліцу Барунскую. З нашых вокнаў адкрывалася вельмі прыгожая панарама ракі. Тады яна была больш шырокай і чыстай. Аб яе глыбіні сведчыць той факт, што побач з мастом, каля дражджавога завода, размяшчалася гідраэлектрастанцыя. Цякла Ашмянка воддаль ад нашага дому, дзесьці метраў за 25. Гэта пасля, калі сталі рабіць дарогу на Барунскай, паднімаць зямлю, хата наша атрымалася ў нізіне. Замест твараў людзей бачым мы цяпер толькі ногі.

Раней насупраць нашага дома размяшчаўся барак, крыты гонтай. Там, дзе цяпер магазін «Квецень», стаяла палатка, у якой прадавалі агародніну. Дзе магазін будаўнічых матэрыялаў «Муравей», быў адміністрацыйны будынак «Консула», прыватнай фірмы, занятай вырабам паддонаў. Па тым баку, дзе друкарня, стаяў белы барак, у якім жылі цыгане. Крыху бліжэй да нас жылі сем’і Дубеніных і Чырыкавых. У друкарню, да Мікалая Мікалаевіча Калядкі, мы хадзілі пад восень за паперай, каб абклеіць вокны. У будынку друкарні размяшчалася рэдакцыя раённай газеты. У 1990 годзе пра маіх бацькоў Аляксандр Каранеўскі напісаў вялікі артыкул. Тую газету, як рэліквію, я захоўваю і цяпер.
Там, дзе на сённяшні дзень стаіць аўташкола, была сталоўка вучылішча механізацыі. У гэту сталоўку мяне ўзялі пасудамыйкай. У мае абавязкі ўваходзіла таксама скрэбсці бульбу. Нялёгка гэта было, асабліва калі ўлічыць, што вучылася тады каля 700 чалавек. Так як у той час шырока вялася прапаганда на правядзенне меліярацыйных работ, вучылішча шмат рыхтавала экскаватаршчыкаў. Было набрана некалькі груп хлопцаў пасля арміі. З адным з іх я пазнаёмілася, а пасля выйшла за яго замуж.
Тут, у Ашмянах, нарадзіліся нашы сыны. Тут мы жывём і зараз.
Дамініка РЫЖКО.
Праект “Ашмянскія замалёўкі. З запаснікаў памяці…”
