Выкладчык Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў: «Спевы — гэта самае цудоўнае з музычных мастацтваў, але і адно з самых складаных»

Культура

Любоў да музыкі жыве ў сэрцы

З гэтай ісцінай не паспрачаешся, бо толькі таленавіты чалавек можа навучыць чуць музыку, захапляцца ёй і разумець… Да такіх смела можна аднесці вопытнага выкладчыка Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Ганну Буйко. Яе прафесіяналізм, вялікае жаданне перадаць свае веды, майстэрства і любоў да музыкі, яе няспынныя творчыя пошукі знаходзяць шматлікія водгукі ў сэрцах вучняў. Вучняў, якія не спыняюцца на дасягнутым, а смела крочаць за сваім настаўнікам.

IMG_7340

На старонках газеты мы часта пісалі пра поспехі вучняў Ганны Буйко — удзельнікаў хору «Сугучча», сачылі за іх канцэртнай дзейнасцю і радаваліся іх поспехам. Вось і нядаўна прыйшла добрая навіна — калектыў атрымаў званне «ўзорны».

Ганна Эдуардаўна расказвае, што цяпер павялічылася адказнасць, яшчэ больш трэба працаваць, каб даказваць сабе і людзям, што гэта званне яны атрымалі не проста так.

Нягледзячы на тое, што ў сценах школы хор існуе больш шасці гадоў, яго склад неаднаразова змяняўся. Былыя ўдзельнікі хору, учарашнія выпускнікі школы мастацтваў з цеплынёй успамінаюць кіраўніка і сваіх аднакласнікаў. Ганна Буйко ўпэўнена, што атрыманне звання «ўзорны» — гэта менавіта іх заслуга, таму  разам з вучнямі адправілі падзячныя лісты былым вакалістам.

У гэтым навучальным годзе хор будзе займацца ў абноўленым складзе — пяцьдзясят чалавек, сярод іх — вучні другіх, чацвёртых, сёмых (выпускных) класаў, а таксама выпускніцы школы, якія сёлета не змаглі развітацца з калектывам.

IMG_7344

Ганна Эдуардаўна ўпэўнена, што хор — падмурак музычнага развіцця. Тут дзеці вучацца не толькі спяваць, але і сябраваць, фарміраваць свой музычны густ.

Няхай год толькі пачаўся, юныя таленты ўжо пачалі працу — вучацца спяваць у новым складзе, выконваюць розныя кампазіцыі. Праўда, працы яшчэ шмат, таму што ў новым складзе вакалісты могуць выканаць толькі пяць твораў, пры гэтым раней у рэпертуары іх было  больш дваццаці.

Кіраўнік хору «Сугучча» Ганна Буйко нядаўна была ўзнагароджана граматай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама за высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад ў развіццё творчых здольнасцей падрастаючага пакалення.

Вопытны педагог умее зацікавіць дзяцей,  таму яны цягнуцца за ёй. Вось выпускнікі прывялі ў гэтым годзе сваіх малодшых братоў і сёстраў.

— Кажуць, што спевы — гэта самае цудоўнае з музычных мастацтваў, а на самай справе — адно з самых складаных, — адзначае Ганна Буйко. — Тут з дапамогай эмоцый, інтанацыі трэба паказаць і перадаць тое, аб чым гаворыцца ў творы.

У такой справе важна і падтрымка,  і дапамога, і згуртаванасць калектыву. Таму, заўсёды яна можа звярнуцца да сваіх калегаў — Тамары Фёдараўны Ждановіч, Алены Дзмітрыеўны Рагачовай, Браніславы Станіславаўны Аніхоўскай, якія дадуць шчырую параду.

Такіх настаўнікаў у жыцці Ганны Эдуардаўны было шмат. Выкладчыкі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў, выкладчыкі Лідскага музычнага каледжа і ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якія яна калісьці паспяхова скончыла.

Спецыяліст пачынала працу ў Гальшанскай школе мастацтваў, затым адкрывала чароўнае вучням эстэтычных класаў у СШ №3, дзе вялікі ўплыў на прафесійнае станаўленне аказала Валянціна Фёдараўна Рэут.

Амаль дзесяць гадоў спецыяліст працуе ў дзіцячай школе мастацтваў, куды яе калісьці запрасіла на працу дырэктар Жанна Алойзьеўна Мажэйка.

Ганна Эдуардаўна выкладае вакальныя і харавыя дысцыпліны, ігру на фартэпіяна, сальфеджыа і музычную літаратуру. Яе вучні-вакалісты не раз станавіліся пераможцамі прэстыжных конкурсаў і фестываляў. Звонкія галасы юных выканаўцаў гучаць далёка за межамі школы.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.

На здымку: Ганна Буйко займаецца з вучаніцай Валерыяй Канцавой.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *