На старонках перыядычных выданняў міжваеннай Польшчы звяртаюць на сябе ўвагу паведамленні з ашмянскага Антанова. Артыкулы і абвесткі ў друку рэгулярна інфарміруюць чытачоў пра дзейнасць мясцовай сельскагаспадарчай школы, якая паступова набывае вядомасць не толькі ў нашым павеце, а і далёка за яго межамі. Даволі папулярная ў 30-я гады мінулага стагоддзя і амаль невядомая сёння, гэтая аграрная навучальная ўстанова варта таго, каб былі ўзноўлены некаторыя звесткі з яе гісторыі.
Мужчынская сельскагаспадарчая школа ў Антанове з аднагадовым курсам навучання працягнула асветніцкія традыцыі, якія раней заклалі ў Барунах базыліянская школа, беларуская настаўніцкая семінарыя і няпоўная польская семінарыя. Спачатку было незразумелым, чаму школа арганізоўваецца на базе суседняга маёнтка, а не ў саміх Барунах. Разгадка знайшлася ў матэрыялах Маладзечанскага занальнага архіва. Справа ў тым, што пасля Першай сусветнай вайны маёнтак Антанова застаецца без гаспадароў, яго ранейшы ўладальнік Каўрыгін прапаў дзесьці ў віхуры Кастрычніцкай рэвалюцыі. Па стану на 22 чэрвеня 1921 года ў раёне Ашмянскага лясніцтва заставаліся пакінутымі гаспадарамі 16 маёнткаў, у тым ліку прыватнаўласніцкі маёнтак Антанова з 423 дзесяцінамі зямлі. Таму ён пераходзіць у дзяржаўную ўласнасць, частка зямель перадаецца сем’ям вайсковых асаднікаў, а ў самім маёнтку, са згоды сяброў ашмянскага сейміка, 5 сакавіка 1930 года распачынае сваю дзейнасць самаўрадавая народная сельскагаспадарчая школа. Пасля рэарганізацыі ў 1936 годзе народных школ яна пераўтвараецца ў публічную школу сельскагаспадарчай падрыхтоўкі.
Новая навучальная ўстанова павінна была перабудаваць гаспадарчае жыццё сялян, даць павету не толькі прафесіянальнага земляроба, але і такога сацыялізаванага гаспадара, які мог бы праводзіць сацыяльныя змены на вёсцы. Як адзначалася ў адной абвестцы, самым лепшым вучнем для такой справы мог стаць малады чалавек, які меў самастойную працу на ўласнай гаспадарцы памерам не менш за 5 гектараў зямлі.
У сельскагаспадарчую школу прымаюцца хлопцы ва ўзросце з 17 да 24 год, з моцным здароўем і любоўю да працы на зямлі. Першынство пры паступленні аддавалася дзецям сялян, якія вярталіся па заканчэнні вучобы ва ўласныя гаспадаркі. Кандыдаты павінны былі на момант паступлення атрымаць адукацыю ў межах не менш як чатырох класаў “паўшэхнай” школы, уласнаручна напісаць аўтабіяграфію, мець дазвол і абавязацельства бацькоў ці апекуноў аб рэгулярнай аплаце за школу. Сама аплата за вучобу, апрача ўступнага ўзносу ў 10 злотых, у школе адсутнічала. Аднак падчас вучобы навучэнцы былі абавязаны пражываць у інтэрнаце, які быў арганізаваны пры школе і пакрываць кошт свайго ўтрымання ў памеры 15-25 злотых за месяц. Вучням незаможных бацькоў прадстаўлялася магчымасць поўнай ці частковай зніжкі гэтых выдаткаў.
Вучэбны год у школе працягваўся 11 месяцаў, распачынаўся 15 студзеня і заканчваўся 15 снежня. Прычым, летам вучні адбывалі абавязковую практыку пад кіраўніцтвам настаўнікаў у бацькоўскай ці школьнай гаспадарцы. Праграма навучання ў сельскагаспадарчай школе ахоплівала такія прафесійныя прадметы як рахункаводства, апрацоўка зямлі, раслінаводства, пладаводства, гадаванне жывёлы, пчалярства. У праграмы гэтых школ уваходзілі таксама дапаможныя прадметы: навука аб сучаснай Польшчы, польская мова і рэлігія.
Пры падрыхтоўцы прафесійных земляробаў ухіл рабіўся на практычны бок навучання. Для гэтага выкарыстоўвалася ўзорна арганізаваная прышкольная гаспадарка. Яна была не толькі тэрыторыяй навучання і вопытаў, але і месцам, дзе іншыя земляробы і госці маглі на месцы атрымаць каштоўныя практычныя парады.
Па стану на верасень 1934 года гаспадарка ў Антанове складалася з 12 кароў польскай чырвонай пароды, элітнага быка, 5 свіней вялікай белай англійскай пароды, 6 авец краёвых парод і 5 коней ашмянскай пароды. Такая колькасць жывёлы забяспечвала дастатковае ўгнаенне зямлі і належнае выкарыстанне пашы. У гаспадарцы быў укаранёны чатырохпалёвы севазварот, так званы “норфолк”.
У час правядзення льняной акцыі, натхняльнікам якой быў наш вядомы зямляк Люцыян Жалігоўскі, сельскагаспадарчая школа ў Антанове становіцца апорным пунктам па закупе льну і пляцоўкай па ўкараненні новых дасягненняў у гэтай галіне раслінаводства. З інфармацыі “Кур’ера Віленскага” за 12 лістапада 1936 года стала вядома, што ў рамках акцыі тут пабудавалі за 3300 злотых узорную сушыльню-лазню для льну.
На базе школы праводзіцца шэраг мерапрыемстваў асветніцкага зместу. Так, 30 чэрвеня 1935 года на з’езд кіраўнікоў і сакратароў сельскагаспадарчых гурткоў павета ў Антанова прыехала 140 дэлегатаў. Пасля дакладу дырэктара школы інж. Яцэка Еленеўскага і абмеркавання надзённых пытанняў адбыўся супольны абед, потым госці наведалі гаспадарчы двор, доследнае поле і школьныя кабінеты.
У навучальнай установе актыўна дзейнічаюць розныя грамадскія аб’яднанні. Але накіраванасць іх была прапольскай, яны ні якім чынам не садзейнічалі развіццю самасвядомасці беларускіх хлопцаў, якія ў ёй вучыліся. А пра тое, што тут набывала веды менавіта мясцовая моладзь, сведчыць наступны факт. За чатыры першыя гады свайго існавання Антаноўскую сельскагаспадарчую школу скончылі 77 вучняў, 65 з іх паходзілі з Ашмянскага павета, 4 – з Маладзечанскага і 8 – з іншых, больш далёкіх паветаў.
Даследуючы летапіс мясцовых устаноў, заўсёды звяртаеш увагу на тых людзей, якія сваім лёсам былі з імі звязаны. Менавіта нашы землякі з’яўляюцца галоўнымі дзеючымі асобамі любой гісторыі. Таму мне прыгадалася размова з Іосіфам Грынчуком, якая адбылася ў 2008 годзе ў Зарэччы. Акрамя розных цікавых краязнаўчых тэм Іосіф Баляслававіч паведаміў, што ў 1939 годзе яго за кошт сольскай гміны накіравалі на вучобу ў Антанова. Яго навука ў сельскагаспадарчай школе скончылася ў верасні таго ж года, пасля пачатку Другой сусветнай вайны. Аднак суразмоўца з цеплынёй і павагай узгадваў час знаходжання ў школе. Былы вучань быў удзячны ёй за тое, што на ўсё жыццё палюбіў садоўніцтва і кветкаводства. Праца ў садзе прыносіла яму вялікае задавальненне, а вакол хаты і ў самой хаце радавалі фарбамі пяшчотна дагледжаныя кветкі.
Іншыя прозвішчы навучэнцаў сустрэліся ў інфармацыі пра злёт сельскагаспадарчых школ Віленскай школьнай акругі, які прайшоў з 15 па 17 ліпеня 1933 года ў Ражанцы Шчучынскага павета. У мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі 12 школ. Вучні школы ў Антанове вызначыліся ў трох прафесійных спаборніцтвах. У конкурсе на лепшае шчапанне дрэва Ян Буйвід і Алексі Шведаў атрымалі адпаведна першае і другое месцы, у конкурсе “Распазнаванне ўзросту каня” пераможцамі сталі Іосіф Замара і Альберт Барысевіч, а ў конкурсе “Распазнаванне якасці сена” другое месца антаноўскай камандзе прынёс Ян Акушка.
Лепш уявіць час і школьны асяродак дапамог фотаздымак, які беражна захоўваецца ў калекцыі вядомага крэўскага краязнаўца Аляксандра Камінскага. На фота адлюстраваны калектыў настаўнікаў і навучэнцаў аднаго з выпускаў школы ў Антанове, на заднім плане можна разглядзець будынак самой школы. Бачна, што новыя кіраўнікі ўласных гаспадарак зрабілі правільны выбар жыццёвага шляху, а педагогі задаволены вынікамі працы. Потым лёсы гэтых 43 мужчын апаліць сусветная вайна, іх чакаюць выпрабаванні калектывізацыі, пакуль жа яны з надзеяй і аптымізмам глядзяць у будучыню.
Уладзімір ПРЫХАЧ.

