У Ашмянах рыхтуецца спектакль пра гісторыю горада

Культура

Бязлітасны час знішчае ўсё на сваім шляху. Адыходзяць у нябыт мільярды пясчынак чалавечых жыццяў. Сціраюцца з памяці даты. Руйнуюцца з зямлёй некалі велічныя палацы і храмы. Асабліва балюча назіраць за пабудовамі, якія разбураюцца на вачах.

IMG_4768

Горка глядзець, напраклад, на здымкі пачатку XX стагоддзя, на якіх адлюстравана візітоўка Ашмянскага краю — Гальшанскі замак з яшчэ практычна цэлымі сценамі і вежамі, і нават не хочацца верыць, што пакаленне, якое прыйдзе праз год пяцьдзясят, наўрад ці зможа застаць і руіны.

Разам з тым, у бясконца ўзнаўляемым сусвеце ўсё ж такі ёсць катэгорыя, прыбліжаная да вечнасці. Гэта нашы гарады, якія нашмат перажылі сваіх заснавальнікаў. Бясспрэчна, далёка не ўсім з іх лёс даруе даўгалецце. Мы прывыклі называць вечным горадам Рым. І нашы Ашмяны, якія сёлета адзначаюць сваё 675-годдзе, не могуць спрачацца з ім па колькасці пражытых гадоў. А рабіць гэта і не трэба. Горад наш жыве амаль сем стагоддзяў. Цвёрда стаіць на зямлі беларускай яго падмурак, закладзены яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Мацуецца людской памяццю і плённай працай сваіх жыхароў.

IMG_4732

Час – вялікі рэжысёр, што ставіць спектакль пад назвай «Гісторыя», у якім мы іграем галоўныя ролі. Гэта сцвярджэнне лягло ў аснову праекта “Спадчына і сучаснасць”, рэалізуемага ў Ашмянах грамадскім аб’яднаннем “Беларускі камітэт Міжнароднага савета па захаванні помнікаў і славутых мясцін ICOMOS”. Такая выснова прагучыць з вуснаў нашага слаўнага земляка Чэслава Янкоўскага, які пакінуў нам у спадчыну грунтоўную працу «Павет Ашмянскі» і вярнуўся праз стагоддзі ў якасці героя дзеі, што адбудзецца ў цэнтры Ашмян. Па словах прадстаўніка аб’яднання Ганны Выгоннай, горад жыве таму, што пастаянна ў нашай свядомасці адбываецца яго рэстаўрацыя. Цаглінкі нашай памяці дапамагаюць узводзіць цэлыя сцены. Таму на пачатку ажыццяўлення праекта была пастаўлена задача сабраць успаміны жыхароў Ашмян пра гістарычны цэнтр нашага горада. Разам з Ганнай Альбертаўнай да гэтай работы далучыліся супрацоўнікі краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча. Заклік падзяліцца сваімі ўспамінамі (праект “Ашмянскія замалёўкі. З запаснікаў памяці…”) быў змешчаны на старонках раённай газеты. На яго адразу ж адгукнуліся зацікаўленыя ашмянцы. Сабраная інфармацыя лягла ў аснову пастаноўкі пра Ашмяны, якую жыхары нашага горада змогуць пабачыць у канцы верасня. Пад кіраўніцтвам рэжысёра Таццяны Шылавай і сцэнарыста Аляксея Стрэльнікава актыўна праходзяць рэпетыцыі. Ролі ў гэтым спектаклі выконваюць самі ашмянцы. Разам з дарослымі “праігрываюць гісторыю” роднага краю дзеці. З задавальненнем уключыліся ў гэту работу вучні і выпускнікі СШ №2 разам са сваімі настаўнікамі.

13770356_1042338349168415_1621342170841918224_n

На аснове сабраных успамінаў супрацоўнікі краязнаўчага музея рыхтуюць карту гістарычнага цэнтра горада, якая будзе размешчана на сайце музейнай установы.

Значную дапамогу ў зборы матэрыялаў рэалізатарам праекта аказала ўраджэнка Ашмян Роза Левіт. Жыхарка канадскага Таронта перапісваецца ў сацыяльных сетках з ашмянскімі аднакласнікамі і сябрамі, у групе “Ашмяны” дзеліцца з імі шчымлівымі ўспамінамі пра горад дзяцінства і атрымлівае цёплыя весткі з роднай старонкі.

Мы прывыклі лічыць, што гісторыя – гэта нешта вельмі далёкае, што адбывалася не менш, чым год сто-дзвесце назад. Але ж і ўчарашні дзень – гэта таксама гісторыя. Чамусьці ўзгадаліся Ашмяны 1989 года, калі я ўпершыню з імі пазнаёмілася. Як непазнавальна змяніўся горад за гэты, здаецца, зусім невялікі адрэзак часу. Побач з будынкам пракуратуры стаяла тады невялічкая драўляная хатка. Насупраць раённага аддзялення паштовай сувязі мясціліся ўросшыя па самыя вокны ў зямлю “развалюхі”. Не было тады ў цэнтры прыгожых сучасных будынкаў Белаграпрамбанка і Беларусбанка. Добра памятаю, як разбіралі старыя пашаляваныя дамы на вуліцы Першамайскай. Як праз вокны рэдакцыі можна было назіраць за бабуляй, якая штораніцы выходзіла са сваёй кватэры карміць нічыйных чорных катоў. Вясной яны грэлі спіны на даху гаспадарчых пабудоў, а зімой рассыпаліся чорнымі плямамі па бялюткім снезе…Той, хто нарадзіўся ў 2000-я гады, намалюе ў сваёй памяці зусім іншыя карціны.

І толькі ад нас залежыць, наколькі змястоўнай будзе наша карцінная галерэя, і якім будзе даўгалецце нашага горада.

Аліна САНЮК.

НА  ЗДЫМКАХ: падчас рэпетыцый спектакля каля краязнаўчага музея.

Фота Аляксандра Наумчыка і з старонкі Facebook Алены Апанэль



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *