Сто гадоў таму, летам 1916 года, пад Крэвам і Смаргонню адбыліся першыя на беларускім участку руска-нямецкага фронту хвалевыя выпускі атрутных рэчываў. У час гэтых атак рускім бокам была прадэманстравана для суперніка наяўнасць у сваім арсенале хімічнай зброі. Выкарыстанне ж газаў немцамі мела на мэце вывад са строю як мага большай колькасці салдат рускай арміі. Пры гэтым псіхалагічнае ўздзеянне новага віду зброі было настолькі моцным, што тысячы воінаў рускай арміі былі страчаны як баявая сіла на некаторы час, а перажыты жах першай газавай атакі яны памяталі ўсё жыццё.
Кожная газабалонная атака добра даследавана ў спецыяльнай літаратуры, вывучана ў працах ваенных гісторыкаў, таму нагадаю некаторыя факты пра адну з іх. Пра самую маштабную па колькасці ахвяр і працягласці атаку немцаў, якая адбылася пад Смаргонню ў ноч на 20 ліпеня (02.08 па н.ст.) 1916 года. Тым больш, што апошнім часам краязнаўцам сталі вядомы новыя архіўныя звесткі і фотаматэрыялы пра яе. А сведка падзеі класік рускай літаратуры М.Зошчанка адлюстраваў перажытае ў замалёўцы пад назвай “20 ліпеня”.
Глыбокай цёмнай летняй ноччу, прыкладна ў 1 гадзіну 00 хвілін немцы адкрылі моцны артылерыйскі агонь хімічнымі снарадамі, а затым правялі хвалявы выпуск атрутных рэчываў з балонаў. Газапуск быў накіраваны на лінію размяшчэння акопаў, якія займалі часткі Каўказкай грэнадзёрскай дывізіі 2 каўказскага армейскага корпуса 10 рускай арміі. З-за слабога ветру першая хваля газапуску рухалася даволі павольна, і таму яна адрознівалася ад наступных хваляў найбольшай працягласцю і канцэнтрацыяй атрутных газаў. Сакрэты і разведчыкі, якія знаходзіліся ў 300 кроках уперадзе акопаў, некалькі разгубіліся і замарудзіліся з апавяшчэннем. Хваля атрутных рэчываў дайшла ад сакрэтаў да акопаў за 1-2 хвіліны, а для надзявання вільготных марлевых масак патрабавалася не менш 6 хвілін. Такім чынам уладальнікі марлевых масак на працягу некаторага часу знаходзіліся неабароненымі ў атручаным паветры. Да ўсяго, у значнай колькасці салдат процівагазы знаходзіліся пад скаткамі шынеляў, таму быў страчаны час на іх хуткае надзяванне.
Трагічныя наступствы меў і той факт, што ў момант газавай атакі адбывалася змена аднаго палка другім. 14 грэнадзёрскі Грузінскі полк здаваў участак 15 грэнадзёрскаму Тыфліскаму палку. З-за цемры і цеснаты ў перапоўненых акопах пачалася паніка: людзі збівалі адзін аднаго з ног, кідалі вязанкі з сухім галлём для кастроў на зямлю, з прычыны чаго другія людзі падалі і перашкаджалі рух вайскоўцаў.
Да 6 гадзін раніцы адбылося шэсць выпускаў газу. Немцы спрабавалі выпусціць і сёмую хвалю, але ён у выніку змены ветру накіраваўся ўздоўж лініі сваіх акопаў і таму выпуск газу быў неадкладна спынены.
Для абароны ад атрутных газаў былі падпалены кастры, але з-за працягласці хімічнага нападу не хапала гаручага матэрыялу для падтрымання ў іх агню. Ад кастроў, якія былі раскладзены ў акопах, загарэлася драўляная абшыўка акопаў. Для яе тушэння была выкарыстана вада, якую падрыхтавалі для змочвання марлевых працівагазаў. Адсутнасць вады была яшчэ больш страшнай. У салдат былі забраны для замены бутэлечкі з растворам для змочвання процівагазаў.
Выпадкі атручэння назіраліся за некалькі кіламетраў ад перадавых пазіцый, калі змененыя батальёны накіроўваліся ў тыл. Тут таксама было прамаруджванне з надзяваннем процівагазаў, пакуль камандзіры відавочна не ўпэўніваліся ў наяўнасці атрутнага паветра. Адзначаны два выпадкі: у адной роце, якая праходзіла каля палкавога медыцынскага пункту, стаў адчувацца пах хлору, але спачатку меркавалася, што пах зыходзіць з прыбіральні, засыпанай хлорнай вапнай. У другой роце пах атрутных рэчываў быў прыняты за пах яблыкаў і фруктаў з вясковых садоў. Уся сукупнасць знешніх прымет атручванняў дазваляла зрабіць выснову, што ў якасці ўдушлівых газаў былі выкарыстаны хлор і фасген.
Нельга не адзначыць, што на працягу ўсёй атакі ў перадавых акопах быў парадак і зладжанасць у дзеяннях, салдаты вялі ўзмоцнены агонь па суперніку. Афіцэры з першых хвілін газабалоннай атакі арганізавалі абарону сваіх участкаў. Каб лепш чуць загады, многія з вайскоўцаў здымалі процівагазы і былі атручаны газамі. Паказальны ў гэтай сувязі геройскі ўчынак палкоўніка 14 грэнадзёрскага Грузінскага палка Акакія Атхмезуры. У адказе з Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва (РДВГА) смаргонскім краязнаўцам пра подзвіг вайскоўца паведамлялася, што А.Атхмезуры “в ночь с 19 на 20 июля 1916 года у м.Сморгони, когда немцы выпустили ядовитые газы, одев маску, обошел окопы проверить, приняты ли все меры к отражению атаки. Так как голоса его не было слышно, презрев явную опасность, являя доблестный пример неустрашимости, присутствия духа и самоотверженность, снял маску, стал отдавать приказания, и, открыв огонь, отбил наступление немцев, при чем сам был отравлен ядовитыми газами и смертью своею запечатлел содеянный геройский подвиг”. Загадам па арміі і флоце ад 04.03.1917 г. палкоўнік Акакій Гаўрылавіч Атхмезуры быў узнагароджаны ордэнам св. Георгія 4 ступені.
Па выніковых звестках аб пацярпелых ад удушлівых газаў у час гэтай газавай атакі праз эвакуацыйныя пункты ў Прудах і Маладзечне прайшлі 5726 абаронцаў смаргонскіх пазіцый. Усяго ад газаў памерлі 5 афіцэраў і 574 — ніжнія чыны. Без хвалявання нельга разглядаць фотаздымкі гэтай трагедыі, якія знаходзяцца на сайце РДВГА і выстаўлены ў віртуальнай экспазіцыі. Пакуты і смяртэльны сум у вачах атручаных, жудасныя шэрагі памерлых ад газаў, выгляд разбуранага горада нікога не пакідаюць абыякавымі.
Большасць ахвяраў той трагедыі знайшлі вечны спачын на беларускай зямлі. З цягам часу брацкія і адзіночныя пахаванні страцілі адметкі ў выглядзе драўляных крыжоў, паступова зраўняліся магільныя пагоркі на іх і, напэўна, іх чакала поўнае забыццё.
Апошнім часам некалькі гэтых мемарыяльных мясцін былі ўзноўлены і адзначаны новымі знакамі. У 2008 годзе пры дапамозе грузінскай дыяспары паўстаў каля муру Міхневічскай царквы каменны помнік на магіле палкоўніка А.Атхмезуры. На мемарыяльным стэндзе ўнутры гэтага храма таксама было зафіксавана некалькі імён ахвяр той жудаснай падзеі. Некалькі год таму адноўлена месца брацкай магілы на залескіх могілках. Па ініцыятыве фонда “Крокі” гэта месца пазначана драўляным праваслаўным крыжам і шыльдай з надпісам: “Здесь покоятся гренадёры 14 Грузинского, 15 Тифлисского, 16 Мингрельского и нижние чины 6 пех. Либавского полков, отравленные газами 20 июля 1916 года”. Адноўлены тэкст прысутнічаў на першапачатковым магільным крыжы, яго можна расчытаць на рарытэтным фотаздымку таго часу. Сімвалічна, што праз стагоддзе такімі пачэснымі справамі ўшаноўваецца памяць пра наша мінулае.
Уладзімір ПРЫХАЧ.




