Зубаўшчына. Вёску з такой назвай можна адшукаць у кнізе-хроніцы “Памяць. Ашмянскі раён”. Размяшчалася яна паміж Смаленкай і Балванішкамі (Зялёным Борам). Па інфармацыі з той жа кнігі, у 2002 годзе стаяла тут чатыры хаты, у якіх пражывала 7 чалавек. На жаль, сёння не знойдзеш у гэтай мясцовасці ўказальніка, які прывядзе вас да населенага пункта з вышэйузгаданай назвай, хаця ў дакументах Барунскага сельвыканкама вёска гэта яшчэ значыцца. Магчыма таму, што хатка адна тут усё ж такі ўцалела. Калісьці жыла ў ёй сям’я Віктара Адамавіча Грынкевіча — вядомага на ўсю акругу печніка. Зараз хата з’яўляецца “паляўнічай рэзідэнцыяй”. А пра астатнія двары нагадваюць хіба што высокія дрэвы пасярод поля ці ссунутыя да кучы бульдозерам кусты і рэшткі некалі пасаджанага з любоўю саду.
Старэйшыя насельнікі ўжо не існуючай вёскі знайшлі спачын на могілках. У залежнасці ад веравызнання пахаваны яны ў Трасечанятах (праваслаўныя) і Барунах (каталікі). Малодшыя, “павылятаўшы” з бацькоўскага гнязда, вяртаюцца сюды больш у думках.
Можа падацца дзіўным, але практычна ўсе жыхары Зубаўшчыны – радня. Менавіта адсюль пайшоў род Гарлуковічаў. Напачатку і прозвішча ва ўсіх было адно (нават на рускай мове яно пісалася з літарай “а”), але з часам дзяўчаты, павыходзіўшы замуж, унеслі ў роднасныя сувязі пэўныя карэктывы. Так з’явілася ў вёсцы сям’я Грынкевічаў. Сённяшніх нашчадкаў гэтага роду параскідаў лёс не толькі па Беларусі, але і па суседняй Літве. Асноўная ж частка вялікай сям’і жыве побач: у райцэнтры, Навасёлках, Барунах, Солах.


Зладзіць сустрэчу аднавяскоўцаў Гарлуковічы планавалі даўно, аднак усё неяк не атрымлівалася. Вядома ж, ва ўсіх свае клопаты: то работа не адпускае, то дзеці ці ўнукі ўвагі патрабуюць, то неспадзяванка набяжыць. Кропку ва ўсіх гэтых сумненнях і абяцаннях-адгаворках паставіў Анатолій Гарлуковіч. Цвёрда і ўпэўнена, як і належыць сапраўднаму праваахоўніку (у свой час працаваў ён у аддзяленні ДАІ раённага аддзела ўнутраных спраў), вызначыў адзін з выхадных чэрвеньскіх дзён, час і месца спаткання, падключыў сясцёр, каб дапамаглі звязацца з раднёй.
— У каго атрымаецца, той прыедзе, — зрабіў выснову арганізатар спаткання. – Астатнія ў другі раз далучацца.
Сустрэліся ўраджэнцы Зубаўшчыны на могілках у Трасечанятах, куды прыйшлі пакланіцца сваім бацькам і дзядам. У Анатолія Дзмітрыевіча тут пахаваны бацькі, дзве бабулі і дзед, а таксама сястра Соф’я. У іх была адна з самых вялікіх у вёсцы сямей – чацвёра дзяцей нарадзілася ў Яўгеніі Пракоф’еўны і Дзмітрыя Фёдаравіча. Анатолій з Тамарай (па мужу Ляшчэвіч) жывуць зараз у Ашмянах. Малодшая, Таццяна (Баравіцкая) — у Навасёлках. Да старшага пакалення далучыліся маладыя – сын Анатолія Дзмітрый і дачка Таццяны Аляксандра, – якія з задавальненнем назіралі за сваімі роднымі, бо даўно не бачылі іх такімі ўзрушанымі і расчуленымі і лавілі кожнае іх слова.

Успаміны раіліся: усплывалі і прасіліся наверх шчымлівыя моманты маленства, камічныя гісторыі, дзіцячыя перажыванні. Тамара Дзмітрыеўна ўзгадала, як чакала з сёстрамі святаў. Тады бацька запрагаў каня і сям’я накіроўвалася ў Гальшаны. Маці абавязкова спраўляла для дачок абновы: у царкву ехалі дзеці ў прыгожых сукеначках. Гарлуковічы строга прытрымліваліся рэлігійных канонаў і народных традыцый. Важнейшымі сямейнымі святамі былі Вялікдзень і Каляды. А на Сёмуху ўпрыгожвалі хату галінкамі бярозы, плялі каровам вянкі з палявых кветак.

Калі Анатолій успомніў, як ажыццяўлялася ў 1968 годзе электрыфікацыя, да размовы падключыўся Уладзімір Грынкевіч. Назіраючы за цудам, які на вачах мясцовых жыхароў ствараюць электрыкі, ён таксама вырашыў звязаць сваё жыццё з работай у гэтай галіне. На сённяшні дзень працуе мужчына энергетыкам на гравійна-сартавальным заводзе “Баруны”. І хаця да дзівосаў электрычны ток ён ужо не адносіць, пачуцці, якія перажываў разам з аднавяскоўцамі, калі на змену керасінавай лямпе і лучыне, што курэла вечарамі ў хаце, прыйшла лямпачка, можа перадаць даслоўна. Тады, напрыканцы шасцідзясятых, згодна з пастановай на кожную хату прыходзілася па дзве лямпачкі: адна – у вялікім пакоі, другая – на кухні. Электрыкі, якія цягнулі лінію электраперадач, ставілі слупы, у вёсцы жылі па некалькі тыдняў. Хлопцы з імі дружылі, а дзяўчаты нават і замуж выходзілі. Анатолій тымі сяброўскімі зносінамі нават скарыстаўся – лямпачка ў іх гарэла нават у хляве, не кажучы ўжо пра ўсе пакоі ў хаце. Запамінальным днём для сям’і стала з’яўленне ў хаце тэлевізара. На новенькі невялічкі “Рэкорд” маліліся, як на ікону. “На кіно” прыходзіла да іх уся вёска.

За размовай і не заўважылі, як да кампаніі падключыўся дзядзька Станіслаў. Станіслаў Казіміравіч Гарлуковіч – адзін са старэйшых прадстаўнікоў роду Гарлуковічаў. Нягледзячы на тое, што нарадзіўся ён у 1948 годзе, на ўзрост свой не выглядае. А сакрэт вельмі просты – жыццё мужчыны суправаджае фізічная культура і спорт. У школе займаўся ён футболам і валейболам. Вясковая спартыўная пляцоўка заўсёды была занята: падлеткі ганялі там мяч. Дзеці былі ў пастаянным руху. Зімой каталіся на самаробных лыжах. І хаця рабіў іх майстар на ўсе рукі, вядомы на ўсю акругу сталяр Варановіч па мянушцы Шаршубаль, лыжы тыя былі вельмі цяжкімі. Асабліва недасканалым было да іх мацаванне: кірзавыя боты можна было “з’ездзіць” да дзірак за адзін раз. Таму прыходзілася абуваць дзеравякі, у якіх ногі не гнуліся. Аднак і такі “камфорт” быў за шчасце. Калі цяплела, дзеці высыпалі на пляц: гулялі ў штандара і пікера.
У школу хадзілі за блізкі свет – у Шанцілаўшчыну. Дырэктарстваваў у свой час там Пётр Пятровіч Сымановіч. Да школы было кіламетры тры-чатыры. Нават калі намятала шмат снегу ці паводка вясной размывала дарогу, усё адно ішлі “за ведамі”. Уперадзе хлопцы, за імі, патрапляючы ў замецены след, дзяўчаты. Тамара і Таццяна Гарлуковіч успомнілі, што ў непагадзь бацькі дазвалялі застацца дома, часам нават настойвалі сядзець у хаце, але тады і да слёз магло дайсці – дзяўчаты пачыналі хліпаць носам. І раззлаванаму бацьку нічога не заставалася, як запрагаць каня. Пазней, калі школа зачынілася, сталі хадзіць месцічы ў Барунскую школу. Зімой можна было застацца жыць у прышкольным інтэрнаце, які размяшчаўся ў кляштары. Дзяўчаты той час успамінаюць з усмешкай: увесь час хацелася есці. Кармілі дзяцей дзесьці каля шасці вечара. Пакуль спаць клаліся, кішкі ўжо “марша ігралі”. Пасля выхадных маці ладавала дзецям торбу, аднак тая ежа з’ядалася падлеткамі ўжо ў панядзелак.
— А нас наогул не кармілі ў школе, — прыгадаў Станіслаў Казіміравіч. – Гэта ўжо пазней пачалі даваць салодкі чай з хлебам, а пасля і з булкай.

Станіслаў Гарлуковіч, нягледзячы на тое, што даўно дасягнуў пенсійнага ўзросту, на адпачынак не збіраецца. Хутка 50 год споўніцца, як прыйшоў ён у сферу будаўніцтва. Яшчэ падчас службы ў арміі атрымаў ён спецыяльнасць муляра 5 разраду. Сёння Станіслаў Гарлуковіч начальнік аднаго з участкаў ААТ “Будаўнік” – вопытны спецыяліст і прафесіянал сваёй справы. Без работы ён не ўяўляе свайго жыцця, таму што перад вачыма заўсёды быў прыклад дзеда, а пасля і бацькоў. Бацька служыў у пані Мілейкавай у Балванішках. Знакаміта гэта вёска была тым, што ў 1840 годзе нарадзіўся там наш слаўны зямляк Зыгмунт Мінейка. Кожны вечар прыносіў Казімір заробак у адзін злоты і сёе-тое з прадуктаў. Пры Саветах працаваў у калгасе. За работу ставілі тады толькі палачкі-працадні. Па выніках года давалі збожжа. Аднак яно ўмяшчалася ў торбачку, якую бацька пад Новы год прыносіў на плячы. Памятае Станіслаў, як яшчэ школьнікам летам працаваў у саўгасе “Гінеўцы”. Тады ўжо плацілі зарплату. І ён, падрашчак, абганяючы бульбу, зарабляў вялікія, як яму тады здавалася, грошы – па дзесяць рублёў.

У Зубаўшчыне нарадзіўся таксама стрыечны брат Анатолія Гарлуковіча Іван, але дзесьці праз месяц бацькі пераехалі ў суседнюю вёску. Аднак дзяцінства яго прайшло тут, на гэтых абшарах. Пры самым лесе жыла Іванава бабуля Вольга Іванаўна, і хлопец часта прападаў з мясцовымі падлеткамі. Быў ён свавольнікам. Увесь час прыдумляў з сябрамі нейкія забаўкі. Неяк змайстравалі сябры “самапал”. Спачатку хлопцы пабойваліся і стралялі ў лесе: цалялі па птушках і кустах. Аднак хутка страляніна такая надакучыла. І ўнук, прыўшоўшы ў двор да бабулі, “расстраляў” яе эмаліраванае вядро.
Часта даставалася Івану ад бацькоў. Каб суняць празмерную энергію сына, прывучалі яго да працы. Гаспадарка ў Гарлуковічаў была неабдымнай: каровы, свінні, коні, куры, качкі. Пазней пачалі гадаваць авечак. На ўсю гэту араву патрэбна было шмат сена. Сенавалі ўсё лета. Кожны чубок травы наўкруг быў выкашаны. За дзялкі вякоўцы сварыліся. Цяпер вось касі – не хачу, нікому не патрэбны гэтыя абшары: ні людзям, ні “калгасу”.
Летам па некалькі разоў праполвала Марыя Антонаўна з сынам калгасныя буракі. Побач была дзялка аднавяскоўкі, якая заўсёды на работу гэту “забівала”. І калі пустазелле ўрастала да калена, браліся за праполку Гарлуковічы (за буракі давалі “працэнт” сена). Маці на вёсцы празывалі Гарлахваткай – казалі, што ёй увесь час мала. Ніхто не памятаў, каб яна адпачывала.
Самай ненавіснай работай для Івана было рваць лён. Па самыя локці, ажно да крыві, былі тады ў хлопца падзёртыя рукі. Не зажывалі яны аж да самай восені. Маці змазвала сынавы раны нейкай гаючай маззю, але зацягнуцца драпіны не паспявалі. Жвавы хлапчук тут жа скакаў у сажалку і раны ізноў пачыналі смылець.

Любіў Іван з бацькамі ездзіць на рынак у Ашмяны. Размяшчалася гэта бойкае месца насупраць цяперашняга завода “Радыётэхніка”. Ехалі рана, яшчэ зацемна, бо звычайна прадавалі жыўнасць. Дамоў вярталіся з рознымі пачастункамі і неабходнымі ў гаспадарцы рэчамі. Ездзілі Гарлуковічы і ў царкву ў Гальшаны. На Пятра і Паўла ладзіўся там фэст. Воз пачынаў падскокваць на брукаванай дарозе ўжо каля Цюпішак. Брук гэты клалі яшчэ немцы. У Гальшанах бразгат колаў аб каменне зліваўся з мелодыяй царкоўных званоў, што прыдавала падзеі яшчэ больш урачыстасці і ўзнёсласці.
Аднак найвялікшай радасцю для хлопца была паездка ў Літву. Туды ездзілі ашмянцы за пытляванай (дробна змолатай і прасеянай) мукой. У нас такой наогул не было. Атаварваліся там месцічы і на пахаванне, і на вяселле. Праз кожныя дзве нядзелі Франак Дзюль, які збіраў па вёсках малако, садзіў пасажыраў у сваю “лятучку” і вёз у Вільню. Вярталіся месцічы з поўнымі торбамі. Лепшыя прадукты, да іх адносіўся і сервілат, маці Івана пакідала для “чужых людзей”. Хаця і сабе перападала тады розных ласункаў.

Уласная гаспадарка дазваляла існаваць бязбедна. На працягу года звычайна калолі двух свіней: на Каляды і перад Вялікаднем. На гарышчы вісеў кош з вечкам, дзе ляжалі пальцам піханыя каўбасы. Вясной і пад восень рэзалі авечак. Бараніна не псавалася так, як свініна, магла месяц правісець падсушанай на круку. Авечы тлушч (лой) ішоў на лекі. Калі дзеці зімою прастуджаваліся, лой быў першым лякарствам ад кашлю. Лоем часам і блінцы “мазалі”, але гэта страва была на любіцеля. Асаблівасць лою заключалася не толькі ў спецыфічным паху, але і ў хуткім застыванні тлушчу. У роце ён затым “колам станавіўся”.
Гаспадарка Марыі і Івана Гарлуковічаў была дагледжанай. Парадак быў і дома, і ў полі, і ў хляве. Скуры авечыя вазілі вырабляць у Гальшаны ці ў Журавы. З воўны пралі ніткі, вязалі рукавіцы. Цёця Геня (маці Анатолія Гарлуковіча) біла валёнкі. Не толькі для сваёй радні: да яе звярталіся нават людзі з навакольных вёсак. Так як наўкруг былі лясы, то з лета ажно да позняй восені збіралі ягады і грыбы. Асабліва шмат іх было за бабулінай хатай, у маладзенькім яляшку (ельніку). Грыбы тыя і ягады, а таксама яблыкі, як пацеркі, віселі пананізваныя на печы. Там заўсёды было цёпла. На кухні ў сцюдзёную зіму вада ў вядры замярзала, а на печы заўжды быў рай. На печы і сталыя людзі косці грэлі, і дзеці дурэлі, і моладзь свае сакрэтныя размовы вяла.

Здавалася, што ўспаміны з дзяцінства ў той вечар не скончацца. Столькі камічных і вясёлых падзей і гісторый узгадалі, што нават і не верылася, як такое магло быць.
Іван Гарлуковіч узгадаў, як зарабіў свае першыя грошы. У бабулі Вольгі была звяглівая сучачка. Чамусьці яе вырашылі аддаць дзядзьку Казюку, мясцоваму жыхару. Аднаго разу яна сарвалася і зноў прыбегла дахаты. Першы раз, калі Іван, вярнуў жывёлу новым гаспадарам, жонка Казюка дала хлопцу 20 капеек. Іван затым прывязваў сучку так, каб яна ізноў магла сарвацца. І так некалькі разоў запар хітры хлопец атрымліваў узнагароду.
— Відаць, ужо тады ў ва мне былі задаткі прадпрымальніка, — смяецца з той гісторыі ашмянскі фермер Іван Іванавіч Гарлуковіч. У 2003 годзе ён “кінуў” свае грошы ў зямлю і не прагадаў. Сёння Іван Гарлуковіч мае вялікую дагледжаную гаспадарку, свінаферму, пладовы сад, яблыкі з якога захоўваюцца ажно да новага ўраджаю, сажалку, дзе разводзіць рыбу… Па тэмах, якія фермер узнімае ў размове, адразу відаць, што захварэў ён гэтай справай невылечна. Ён, як і яго продкі, не разумее, як гэта — працаваць спусціўшы рукавы і не быць удзячным зямлі. У фермера “сэрца кроўю абліваецца”, калі ён бачыць вакол безгаспадарлівасць і занядбаныя абшары.
У тую нядзельку за святочным сталом успомнілі Гарлуковічы дзеда Фёдара, лёс якога склаўся трагічна (ён прапаў без вестак падчас Вялікай Айчыннай вайны, пасля ў 1946 годзе вярнуўся дамоў, увесь час маўчаў, а праз год пайшоў з жыцця), дзеда Алёксу, які служыў у Войску польскім, дзядзьку Анатоля (ён і сёння жыве ў Вільнюсе), жартаўніка і гаваруна, ад аповедаў якога ажно жываты балелі. Узгадалі, напэўна, усіх сваіх аднавяскоўцаў, старых і малых, мясцовае начальства, участковага міліцыянера Харашуна, сваіх равеснікаў і аднакласнікаў.
А на завяршэнне Уладзімір Грынкевіч прывёз даўнейшыя здымкі з сямейнага альбома. І ўспаміны пакаціліся па другім крузе. Фатаграфаваліся на памяць. Ганна Гарлуковіч (Балахомская), якая жыве зараз у Солах і працуе на мясцовай птушкафабрыцы, сфатаграфавалася ў двары суседа на фоне адзінокіх дрэў – сведкаў яе дзяцінства.



На развітанне ўраджэнцы Зубаўшчыны паабяцалі спаткацца і на наступны год, толькі ў больш расшыраным складзе, разам з дзецьмі, а можа і з унукамі. Хай ведаюць пра карані сваіх родных, якія бяруць свой пачатак з вёскі Зубаўшчына.
Аліна САНЮК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

