Адна з легендаў пра заснаванне Ашмян звязана з пабудовай тут вадзянога млына. Згодна з паданнем, тутэйшы жыхар Ляўко вырашыў прыстасаваць для свайго новага млына вялікі камень, які ў літоўскай гаворцы меў назву “ашмян”. Як задумаў, так і зрабіў. Перасунуў гэты і яшчэ адзін камень да млына, змайстраваў з іх жорны. Энергія ракі прыводзіла іх у рух: моцны струмень вады спадаў на млынавое кола, а тое, у сваю чаргу, круціла жорны-ашмяны. Ад каменя, які гэткім чынам спатрэбіўся майстру, Ляўкоў млын пачалі называць Ашмяна, а потым назва распаўсюдзілася на ўсё паселішча.
Мінуў час, не засталося і следу ад былога млына, які спраўна дапамагаў людзям. Сёння мы можам толькі рабіць здагадкі пра яго месцазнаходжанне. У межах горада існавалі два месцы, дзе з даўніх часоў рака Ашмянка прыводзіла ў рух вадзяныя колы млыноў. Адзін з іх быў размешчаны ў Старых Ашмянах, побач з касцёлам францысканцаў. Але больш вядомым у гісторыі горада стаў млын, які знаходзіўся на вуліцы Барунскай. Паводле звестак з інвентару Ашмян і воласці за 1637 год і пазнейшых інвентароў, гарадскі млын з адным колам стаяў на р. Ашмянцы, на зручным месцы каля гарадскога рынку. Магчыма, менавіта з ім звязана ўзнікненне падання пра заснаванне Ашмян.

Летам 1904 года мастак Фердынанд Рушчыц зафіксаваў выгляд драўлянага будынка млына на гэтым месцы. Тэма вадзяных млыноў была ў творчасці земляка выдатна распрацавана, да яе ён не аднойчы звяртаўся, пра што і нагадвае гэты малюнак. Амаль не зменены стан пабудовы можна таксама ўбачыць на нямецкім фотаздымку з часоў Першай сусветнай вайны. Так як на гэтых выявах адсутнічае вадзяное кола, то верагодна, што механізмы млына рухаліся з дапамогай гідраўлічнай турбіны. У далейшым млын пераўтвараецца ў электрастанцыю. Мясцовая кніга “Памяць” падае наступную інфармацыю пра падзею: “Першапачаткова гідраэлектрастанцыя ў Ашмянах на рацэ Ашмянцы з’явілася ў 1918 годзе. Немцы перавезлі яе з ракі Лошы і ўстанавілі на месцы млына. Будынак ГЭС, які захаваўся, пабудаваны ў 1927 годзе. У красавіку 1959 года электрастанцыя спыніла дзейнасць”.
Знаёмячыся са звесткамі пра ашмянскі млын, адкрываў усё багацце нашай гісторыка-матэрыяльнай спадчыны, якая звязана з вадзянымі млынамі. Каб уявіць ролю млыноў у жыцці продкаў і зразумець маштаб пазнейшых страт, патрэбна звярнуцца да вопісаў парафій Ашмянскага і Віленскага дэканатаў за 1784 год. У гэты час пробашчамі мясцовых касцёлаў быў праведзены не толькі падрабязны ўлік населеных пунктаў сваіх парафій, але і былі адзначаны ўсе месцы млыноў, якія працавалі. Згодна з гэтымі дадзенымі, у межах сучаснага Ашмянскага раёна знаходзілася не менш за 38 вадзяных млыноў. Лічба ўражвае!
Найбольшая іх колькасць была размешчана ў Гальшанскай парафіі. Тут круцілі колы 11 млыноў, Ашмянскай парафіі належалі 9 млыноў, Граўжышкоўскай – 6, Жупранскай – 5. Адзін ці два млыны прыпадалі Цудзенішскай, Сольскай, Нарвілішскай, Тургельскай і Крэўскай парафіям. Сярод рэчак з найбольшай іх колькасцю лідарамі з’ўляліся Ашмянка і Гальшанка, на якіх працавала па 6 млыноў.
Трэба адзначыць таксама, што на Ашмянцы ў Харанжышках, Ашмянах і Старых Ашмянах і на Панарцы ў Гудзенятах, Куцавічах у той час існавалі фолюшы. Так у мінулым называліся сукнавальныя млыны, якія “фалявалі”, гэта значыць выпрамлялі сукно. Куцавіцкі млын, акрамя памолу зерня і апрацоўкі воўны, вырабляў ячныя крупы. Што цікава, у тутэйшых мясцінах некаторыя фолюшы называліся вельмі рэдкім словам “ватушы”. Вопісы парафій 1784 года можна лічыць першымі каталогамі вадзяных млыноў нашага рэгіёна.
Большасць з даўнейшых млыноў захавалася да першай паловы ХХ стагоддзя. У пераробленых будынках, але на сваіх першапачатковых месцах, яны працягвалі сваю спрадвечную мукамольную справу. Па афіцыйных звестках за 1930 год, на тэрыторыі сучаснага Ашмянскага раёна працавала 30 вадзяных млыноў.
Змрочныя часы Другой сусветнай вайны не нанеслі сур’ёзнай шкоды пабудовам, што нельга сказаць пра лёс іх гаспадароў. Млынары яўрэйскага паходжання і іх сем’і загінулі ў час халакосту, многіх уласнікаў чакала прымусовая высылка і цяжкія выпрабаванні ў сібірскіх лагерах. Застаўшыся ў пасляваенны час без гаспадароў, стаўшы калгаснай маёмасцю, іх чакала паступовае занядбанне і канчатковае знікненне. Паскорыла працэс заняпаду млыноў электрафікацыя раёна, калі электрычныя рухавікі склалі канкурэнцыю вадзяным колам. Пры тэхнічным прагрэсе штосьці набывае новы ўзровень развіцця, а штосьці знікае. Але паспрабаваць захаваць памяткі мінулага заўсёды магчыма.
У гэтай сувязі прыгадаю гісторыю гальшанскага млына. Дзякуючы пераабсталяванню, калі энергія руху вады была заменена на электрычную, млын захаваўся да нашых дзён. Сёння ён, як вартавы, сустракае падарожнікаў з лідскага напрамку і з’ўляецца адным са знакавых турыстычных аб’ектаў старажытнага мястэчка. Найлепш пра яго гісторыю ў мінулым стагоддзі распавяла В.С.Лабуніна ў артыкуле “Млын”. Каб не паўтарацца, раю зацікаўленым гэтым аб’ектам яшчэ раз азнаёміцца з публікацыяй раёнкі за 27 студзеня 2007 года.

Дапоўніць матэрыял пра гальшанскі млын можа фотаздымак, які паходзіць з часоў Першай сусветнай вайны. На ім адлюстраваны большы па памерах драўляны млын з двума коламі. Гэта сведка значнасці і магутнасці тагачаснага прадпрыемства. Варта таксама нагадаць пра яшчэ адзін унікальны аб’ект старажытнага паселішча. З канца XVI стагоддзя Гальшаны былі вядомы і тым, што тут дзейнічаў папяровы млын, ці паперня. Пабудаваў яе Павел Стэфан Сапега, праіснала паперня да канца XVII стагоддзя. Паперу розных гатункаў, якую выраблялі на ёй, майстры пазначалі спецыяльнымі вадзянымі знакамі. Як адзначаў літоўскі даследчык Э.Лаўцявічус, папера з Гальшан была высокай якасці і выкарыстоўвалася на ўсёй тэрыторыі Польшчы і ВКЛ.
Апошнім часам шмат дзе па краіне і асабліва ў замежжы пачалі актыўна ўзнаўляць млыны. Дзесьці, каб прыцягнуць увагу гасцей і ўзбагаціць турыстычныя магчымасці рэгіёна. У іншых мясцінах перспектыўным стала аднаўляць па сучасных тэхналогіях малыя гідраэлектрастанцыі, якія выкарыстоўваюць дармовую энергію руху рачной вады. Таму ёсць надзея, што вадзяныя млыны Ашмяншчыны не застануцца ў мінулым, а вернуцца ў наша жыццё і спатрэбяцца людзям.
Уладзімір ПРЫХАЧ.

