Так сталася, што чарговая сустрэча з даследчыкам, краязнаўцам, перакладчыкам і калекцыянерам Васілём Юршам адбылася ў раённай бібліятэцы роўна праз дзесяць гадоў пасля першага спаткання. Тады размова з земляком вялася пра паэзію, а таксама пра “Фамільную кнігу”, якая стала рэзультатам шасцігадовай настойлівай работы яе аўтара ў архівах Беларусі і Літвы. Васіль Адамавіч узнавіў сямейны радавод да трынаццатага калена (пачынаючы з 1650-х гадоў), а разам з ім “выбудаваў” радаводы каля пяцідзесяці другіх сямей ашмянскай шляхты. На сёлетняй сустрэчы Васіль Адамавіч “трымаў” справаздачу перад землякамі як прадаўжальнік даследчыцкай дзейнасці па геніалогіі сваёй сям’і, а паралельна і некалькіх соцень родаў, пражываючых на тэрыторыі былога Ашмянскага павета.
Што адбылося ў жыцці Васіля Юршы за гэты адрэзак часу? Над чым ён працуе зараз? З чаго пачынаць збор звестак пра свой род? Размова ў аматарскім клубе пры раённай бібліятэцы “Сустрэчы” атрымалася цікавай і душэўнай, лёгкай і нязмушанай. Нязменная вядучая творчай гасцёўні Святлана Галінская прапанавала ўдзельнікам мерапрыемства экскурс у мінулае, на 60 год назад, калі з’явіўся на свет Васіль Адамавіч. А нарадзіўся ён у Ашмянах, тут прайшлі яго дзяцінства і юнацтва. Пасля заканчэння школы №2 працаваў на маслазаводзе. Вучыўся ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце. Значны час служыў на розных афіцэрскіх пасадах у Хабараўскім краі і Прымор’і. Вярнуўшыся на радзіму, інжынер-сістэматэхнік уладкаваўся на Мінскі завод гадзіннікаў.
Васіль Адамавіч у інтэрв’ю рэспубліканскай газеце прызнаўся, што гісторыя — гэта адзін з двух кітоў, на якіх трымаецца яго жыццё. І сапраўды, каб заняцца вывучэннем і стварэннем радаводу, у Васіля Юршы была вельмі сур’ёзная матывацыя. У 2000 годзе ён перанёс складаную аперацыю. Урачы не маглі паставіць дыягназ. Здароўе пагаршалася. Менавіта тады, у 44-гадовым узросце, да яго прыйшла думка, што ён нічога важкага ў жыцці так і не зрабіў. У гэты час мужчыну чакае яшчэ адзін удар: памірае бацька, Адам Людвікавіч.
—Бацька, калі я яшчэ быў малым, часта браў мяне з сабой, — успамінае Васіль Адамавіч. — Мы ездзілі да сваякоў у вёскі. Але калі я пытаўся, што гэта за родныя, ён не мог патлумачыць — радня і радня, а якая, па кім — не ведаў.
Васіль Юрша слаба памятаў свайго дзядулю па бацькоўскай лініі, бо не стала яго, калі хлопцу было ўсяго сем год. Другі дзядуля згінуў у лагерах у Якуціі. Усе гэтыя, сабраныя да кучы, абставіны падштырхнулі да думкі зрабіць нешта сур’ёзнае – сабраць разам і сістэматызаваць звесткі пра сваю радню.
Узводзіць незвычайны помнік сваім родным Васіль Адамавіч пачаў з наведвання касцёлаў Ашмянскага дэканата і ЗАГСаў. Значную дапамогу аказала яму былая загадчыца Ашмянскага краязнаўчага музея Жанна Іванаўна Іванова. Сціплыя звесткі былі сабраны па метрыках Цудзенішскага касцёла. Упарты даследчык дайшоў да архіваў Ашмянскага павета ў Вільнюсе. Тут, у літоўскім архіве ён знайшоў вывадную справу сваіх родных. Аказалася, яны падавалі на дваранства ў 1819 годзе. Віленскі дваранскі дэпутацкі сход прызнаў старажытнасць гэтага шляхецкага роду. Аднак усе дакументы пасля гэтага ішлі ў Пецярбург на разгляд сената па герольдыі. Матывуючы адсутнасцю на той момант уласнага фальварка і прыгонных сялян, сям’і ў пацвярджэнні дваранства адмовілі, як і дзясяткам тысяч іншых шляхціцаў. Яны былі пераведзены спачатку ў разрад аднадворцаў, а пасля паўстання 1863 года — у разрад сялян.
Па дакументах Васіль Юрша высветліў, што ў 1650-х гадах яго прапрапра… дзед Ян Сымон Скірмант-Юрша за слаўныя дзеянні атрымаў зямлю ў Ашмянскім павеце і «пабудаваў фартэцыю (крэпасць), Юршаны званую». Відавочна, што назва Юршаны ўтворана ад прозвішча Юрша. Гэту вёску ў Каменналогскім сельсавеце даследчык наведваў не раз, аднак там ужо не засталося людзей, якія маглі б праліць свет на шматлікія пытанні нашчадка.
З часам даследчая справа так захапіла Васіля Адамавіча, што нават рознага кшталту перашкоды пачалі пераадольвацца самі сабой. Ён вывучыў польскую мову і навучыўся чытаць рукапісныя дакументы. Само сабой прыйшло разуменне, што “сеў ён усё-такі ў свае сані” і ўсё ў яго атрымаецца. Калі адшукваў значныя звесткі – шчасце перапаўняла: ён мог займацца тым, што прыносіла задавальненне, што падабалася.
— У кожным з нас заложана пэўная задача, — прызнаўся наш зямляк. – Шчаслівы той, хто зразумее: дзе ты? для чаго ты? Аднак для гэтага трэба адрынуць штодзённую мітусню, спыніцца і паслухаць унутраны голас.
Працуючы і збіраючы інфармацыю ў архівах, Васіль Адамавіч спрабаваў вярнуць памяць пра кожнага свайго земляка:
— Калі я пра іх штосьці ведаю, значыць, ужо аднаму чалавеку яны патрэбныя. Калі яшчэ хтосьці прачытае — некалькі чалавек будзе іх ведаць, і яны не знікнуць бясследна.
Пошукі нястомнага даследчыка выліліся ва ўзгаданую вышэй “Фамільную кнігу”, якая пабачыла свет у 2006 годзе. Год назад быў выдадзены першы том грунтоўнай працы “Ашмянскі край”, у якім распавядаецца пра шляхецкія роды на Ашмяншчыне. Практычна гатовы (сёння-заўтра яго ўжо можна будзе патрымаць у руках) другі том – “Ашмянскі дэканат. Ксяндзы і касцёлы”. На гэтым праца не завершыцца, бо ўжо ёсць напрацоўкі па наступнай тэме – “Вёскі і ваколіцы, фальваркі і засценкі”.
Паралельна з вывучэннем шляхецкіх родаў Васіль Юрша займаецца геральдыкай. Ён нават стварыў уласную калекцыю. Частку яе госць творчай імпрэзы прынёс на мерапрыемства. Пазнаёміцца з ёй можна ў нашым краязнаўчым музеі. Часам Васіль Адамавіч выстаўляе яе ў нашых школах. Зацікаўленыя маглі пабачыць калекцыю на фестывалі сярэднявечнай культуры ў Гальшанах.
Ёсць у Васіля Адамавіча яшчэ адна аддушына – паэзія. “Ашмянскі салавей”, “Девушка без комплексов” і “Ворона Российской империи” (пад такімі псеўданімамі выступае паэт) як рыба ў вадзе адчувае сябе ў сусветным сеціве. Папулярнасць яго ў інтэрнэце зашкальвае. Васіля Адамавіча запрашаюць на паэтычныя фэсты ў Расію. Свае філасофска-гумарыстычныя творы аўтар сабраў у зборніку вершаў і анекдотаў “Белая варона”. Дарэчы, пазнаёміцца з ім можна ў нашай раённай бібліятэцы.
Падчас сустрэчы з ашмянцамі Васіль Адамавіч назваў вершы сваімі дзецьмі, сярод якіх няма лепшага ці горшага – усе яны любімыя. Рок-група з Украіны на словы аднаго з іх нават напісала песню. Сяброўскі шарж на верш Васіля Юршы (у якім ёсць радкі: “…и так достали дураки, что просто тянет рухнуть в пропасть») напісаў і мясцовы паэт Пётр Шакола:
— Да ну их к черту, дураков,
Нам не изжить их никогда.
Не посвящайте им стихов,
Пройдите мимо – и тогда
Вас ждут прекрасные года.
На памяць аб сустрэчы ў бібліятэцы Васіль Юрша падарыў землякам сваю “Белую варону”, а таксама надзею на чарговае спатканне – такое ж змястоўнае і цікавае.
Аліна САНЮК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.


