У віры штодзённай мітусні як часта нам не стае часу і смеласці спыніцца, каб азірнуцца наўкол. Адна пара года змяняе другую, падаюць у росную траву жнівеньскія знічкі, а мы, паставіўшы перад сабой чарговую мэту, імчым насустрач “канцу”, у пагоні за матэрыяльным губляем бясцэннае – здароўе, сяброў, родных, забруджваем душу зайздрасцю, хцівасцю і хлуснёй. Манім самі сабе. Не заўважаем, як вырастаюць дзеці, а нам усё не хапае хвілінкі, каб сесці і шчыра з імі пагаварыць. Глядзіш, ужо і ўнукі пайшлі ў школу. Суседская бабуля, здаецца, зусім нядаўна ішла на пенсію, а ўжо колькі год як памерла, трава на яе ціхім падворку раўняецца з плотам.
Не заўсёды, безумоўна, але настае час, калі мы ловім сябе на думцы, што нядрэнна было б сустрэцца з тым ці іншым чалавекам, калегам, сваяком або даўнім сябрам. Накоцяцца ўспаміны, сентыментальныя пачуцці, і, здаецца, птушкай паляцеў бы на сустрэчу з блізкімі людзьмі… Але… Гэтае шматзначнае “але” апускае з нябёсаў на зямлю. І толькі самыя моцныя здольны сказаць “стоп” і павярнуць ход падзей у іншае русла, пачаць радавацца кожнаму пражытаму дню, знаходзіць час на цікавыя спатканні, з замілаваннем глядзець на белую шапку язміну ля ганку і дзівіцца, чаму столькі год яго не заўважалі. Піць духмяную гарбату за вялікім сталом са сваімі роднымі і блізкімі, і пры гэтым анікуды не спяшацца.
З такіх вось разваг пачалася сустрэча з паэзіяй у Кальчунскай сельскай бібліятэцы, на якой не было выпадковых людзей. Алена Адольфаўна Шкелда і Сняжана Іосіфаўна Кагадоўская зладзілі сумеснае мерапрыемства, прымеркаванае да Года культуры. Яно стала яшчэ адным прыпынкам распрацаванага раённай бібліятэкай літаратурнага марафону-конкурсу “Кнігі і творцы: юбіляры 2016 года”. З мэтай папулярызацыі чытання і беларускай літаратурнай спадчыны Алена Адольфаўна запрасіла на творчую вечарыну мясцовага паэта, актыўнага чытача бібліятэкі Ігара Спірыдовіча.
На спатканне з земляком прыйшло шмат людзей. Большасць з іх добра знаёма з творчасцю аўтара, таксама ведае яго як апантанага калекцыянера, стараннага і працавітага чалавека, дбайнага гаспадара, які ператварыў свой дом у сапраўдны музей этнаграфіі. Для кагосьці мерапрыемства стала магчымасцю пазнаёміцца з цікавым чалавекам, узбагаціць веды пра культуру роднай старонкі.
Напрыканцы мая Ігар Вікенцьевіч святкаваў 50-гадовы юбілей, таму літаратурная вечарына стала ў дадатак і днём нараджэння, падчас якога знайшлося месца цёплым словам-віншаванням, паэзіі і песням, што падарылі свайму госцю ўдзельнікі творчых фарміраванняў мясцовага аддзела культуры і вольнага часу.
Знаёмства з галоўным героем імпрэзы пачалося з выставы, арганізаванай спецыяльна да мерапрыемства. На ёй — свет шматгадовых захапленняў Ігара Спірыдовіча: калекцыі манет і ключоў (маленькіх і вялікіх, ад свірнавых і вытанчаных замкоў), таксама галерэя малюнкаў вучняў Кальчунскай школы, якая была зроблена па творчасці аўтара. Арганізатары гасцёўні падрыхтавалі фотапрэзентацыю жыццёвага і творчага шляху свайго земляка. Для кагосьці, мажліва, стала адкрыццём, што нарадзіўся Ігар не на Беларусі, а ва ўкраінскім горадзе Роўна. Пэўны час бацькам прыйшлося пажыць і ў Карэліі. Тут Тамара Анатольеўна працавала майстрам на лесасплавах, а Вікенцій Браніслававіч — токарам. Паматаўшыся па свеце, Спірыдовічы ўсё ж знайшлі прыпынак у Беларусі, на радзіме бацькі. А калі ў Кальчунах пабудавалі торфабрыкетны завод, маладая сям’я ўладкавалася сюды на працу. Спірыдовічы атрымалі двухпакаёвую кватэру і пачалі наладжваць быт. Тут у 1971 годзе нарадзілася дачка Ліля, якая і зараз жыве і Кальчунах: выхоўвае ў дзіцячым садку юных аднавяскоўцаў. Пасля заканчэння Кальчунскай школы Ігар, насуперак рэкамендацыям настаўнікаў паступаць у Аршанскі тэхнікум на настаўніка працоўнага навучання, пайшоў вучыцца ў Ашмянскае СПТВ — 192 на слесара. У калгасе “Ясная Паляна” працаваў ён затым трактарыстам, вадзіцелем, інжынерам, галоўным энергетыкам, намеснікам старшыні калгаса.
Сёння яго спрытным, старанным рукам знайшлося прымяненне ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У гэтым годзе калектыў РУП ЖКГ прапанаваў кандыдатуру рабочага па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў участка ЖЭС Ігара Спірыдовіча для занясення на раённую Дошку гонару. Паважаюць Ігара аднавяскоўцы. Яго дом у вёсцы Мардасы – узор гаспадарлівасці і любові да роднага кута. Двор Спірыдовічаў нагадвае музей пад адкрытым небам. Тэрыторыя вымашчана камянямі з жорнаў. Брамкі звараны з ножак ад швейных машын. А колькім падковам знайшлося месца ў двары, не ведае нават гаспадар! Пад сцяной гаспадарчай пабудовы – бязмены, колы ад воза, замкі, начоўкі, жалезныя прасы, шалі, чыгункі, сякеры, элементы вупражу, керасінавыя лямпы…Можа хто і палічыць гэта дзівацтвам, але сабраны гаспадаром няхітры рыштунак нішто іншае, як магчымасць захаваць сувязь са сваімі продкамі. Канешне, прасцей сёння паехаць на рынак ці ў магазін і купіць сучасныя будаўнічыя матэрыялы, каб быць як усе, а калі пашчасціць, дык і абскакаць суседа ці калегу. Але ў сучасным начынні няма душы, няма таго цяпла, якое захоўвае, напрыклад, праржавелая газнічка ці драўляная лапата, на якой увішныя гаспадыні вымалі з печы духмяныя боханы хлеба.
Шмат часу аддае Ігар Спірыдовіч гаспадарцы. Усё нешта ладзіць, майструе, прыводзіць у належны стан свае экспанаты. А разам з тым робіць добрыя справы для сваіх аднавяскоўцаў. Падчас рэалізацыі Аленай Адольфаўнай Шкелда і мясцовым сельвыканкамам праекта “Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў вёсак “КУТ” былі арганізаваны конкурсы на лепшага гаспадара і добрую справу. Вядома ж, актыўны ўдзел прыняў у іх Ігар Спірыдовіч. Як вынік, дзякуючы выдаткам праекта руплівы гаспадар разам з аднавяскоўцамі пасадзіў у Мардасах пладовы сад. Ганарацца сваім няўрымслівым бацькам дзеці. Сын Леў паспяхова вучыцца ў мясцовай школе, а дачка Вікторыя працуе дзіцячым урачом у сталіцы.
На пытанне, як пішуцца вершы, паэт не ведае адказу, бо працэс гэты немагчыма апісаць. Між тым мужчына прызнаўся, што героі яго баек узяты з жыцця. Ён можа тонка пасмяяцца не толькі над чужымі заганамі, але і ўласнымі.
Пачуццё гумару і самаіроніі крочыць з ім па жыцці, раскрашвае яго прыемнымі фарбамі, дапамагае ў зносінах з людзьмі. Іпад час творчых мерапрыемстваў Ігара часцей просяць расказваць менавіта байкі. Любімая з іх – “Жончына навука” прагучала на творчай сустрэчы. У паэтычным сшытку аўтара шмат філасофскіх разважанняў, патрыятычна-грамадскай лірыкі. Не абмінае творца тэму Вялікай Айчыннай вайны, падзей у Афганістане, павагі да свайго краю і продкаў. На вечарыне іх больш чыталі вучні Кальчунскай школы. Байку “Пляткарка” прачытала бібліятэкар Будзёнаўскай сельскай бібліятэкі Марыя Пазняк. Віншаванні прымаў віноўнік урачыстасці ад калегі па пяры, майстра дэкаратыўна-прыкладной творчасці Святланы Сярпейкі, сястры Ліліі Заруба, кіраўніка арт-клуба “Званы госць” Валерыя Готкі, кіраўніка літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі раённай газеты Аліны Санюк, калектыву Кальчунскага аддзела культуры і вольнага часу і бібліятэкара Алены Адольфаўны Шкелда, загадчыка аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі Святланы Галінскай.
Аліна БЕЛІЦКАЯ.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.







