Напярэдадні навагодніх святаў Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К. Багушэвіча запрасіў на цікавую імпрэзу. 22 снежня адкрылася выстава “Ашмянскімі шляхамі Фердынанда Рушчыца”, прысвечаная 145 гадавіне таленавітага мастака-пейзажыста, графіка, тэатральнага дэкаратара, які пакінуў глыбокі след у культуры і грамадскім жыцці Беларусі, Польшчы і Літвы.
Пачэснымі гасцямі і ўдзельнікамі мерапрыемства сталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Кучынская, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Яўген Шунейка, кіраўнік мастацкай суполкі “Абуджэнне” Уладзімір Сайко, член гэтай суполкі Юрый Самко, прадстаўнікі дызайн-студыі Алены Матросавай з Мінска, а ашмянскі край прадставілі мастак, даўні сябар музея і дырэктар школы-інтэрната Уладзімір Бізюк, бацька мастака Сяргея Шэмета Лявон Дзям’янавіч, а таксама мясцовы аматар прыгожага мастацтва Іван Раманоўскі.
Падчас адкрыцця выставы высокія госці звярнуліся са словамі прывітання да прысутных. Прамова кожнага з іх завяршалася заклікам да маладога пакалення пераймаць лепшыя ўзоры мінулага.
Гэта заклік невыпадковы – на адкрыцці выставы прысутнічалі юныя мастакі з СШ № 3 – вучні 5-7 класаў разам са сваімі настаўнікамі Людмілай Яжэвіч і кіраўніком студыі выяўленчага мастацтва “Чароўны пэндзаль” Наталляй Пронінай. Яна прыгадала, як у 1997 годзе мела магчымасць разам з першымі вучнямі эстэт-класаў наведаць выставу работ Рушчыца ў Гальшанах, якая праездам знаходзілася там. Вядомы ашмянец Іван Раманоўскі прыгадаў часы, калі яму давялося пазнаёміцца з палотнамі Рушчыца ў віленскім музеі.
Але галоўным госцем – завочна – стаў сам славуты зямляк Фердынанд Рушчыц. Ён прысутнічаў на палотнах, нібыта ажываючы ў сілуэтах і партрэтах, размешчаных у храналагічным парадку. І нават на карцінах, дзе славутага мастака глядач не знаходзіць, так і чакаеш, што вось-вось з-за бярозкі ці на сцяжыне з’явіцца постаць генія.
Сапраўды, хоць Фердынанд Эдуардавіч і нарадзіўся на тэрыторыі Валожынскага раёна, у маёнтку Багданаў (сучаснае Багаданава), ён меў вельмі цесныя сувязі з ашмянскай шляхтай і простым людам – бо ўсе гэтыя землі ўваходзілі ў адзін Ашмянскі павет, да таго ж Рушчыц быў вельмі прыязны і адкрыты чалавек. І нават дабіўшыся славы і прызнання ў свеце, заставаўся верным сваёй малой радзіме.
Спіс ашмянскіх мястэчак і сядзіб, дзе бываў Рушчыц, налічвае мноства пунктаў: Гальшаны, Бянюны, Баруны… Быў знаёмы мастак з уладальнікамі Гейстун, Дакурнішак, Рамейкішак, Палян… З аповяду вядучай імпрэзы Настассі Навіцкай прысутныя даведаліся, што, хоць мастак вельмі любіў ашмянскія краявіды і вёскі, цэнтр павету – Ашмяны – чамусьці яго не вельмі ўражваў. Захаваўся яго запіс, дзе мэтр іранічна заўважае: “…сёння я ў мядзведжым футры, у глыбокіх гамашах, буславым крокам шпацырую па балоце малога мястэчка, саджуся абедаць у “клубным” рэстаране са штучнымі пальмамі на сталах!” Але не трэба думаць, што ён грэбаваў нашым горадам – 1 кастрычніка 1918 года ён прыстунічаў на адкрыцці ашмянскай гімназіі, пазней быў абраны ў склад павятовага камітэту Ашмяншчыны і менавіта ён напісаў адозву “Да паветнікаў”. Вядомы некалькі яго замалёвак, напрыклад “Вуліца ў Ашмяне” (1900 год) і “Ашмяна. Млын” (1904 год). Бываў ён і ў Барунах: у тым жа 1918-м ён прысутнічаў там на ўрачыстым асвячэнні касцёла і прыняў удзел у стварэнні барунскай школы, падчас адкрыцця якой выступіў з палымянай прамовай.
Музычнае афармленне мерапрыемства стварыў дуэт настаўнікаў школы мастацтваў у складзе Ірыны Асмольскай і Алесі Місюкевіч.
Мінскія мастакі зрабілі выдатны навагодні падарунак – усе карціны, якія прадстаўлены на выставе, былі перададзены ў ашмянскі музей. А завяршыў мерапрыемства майстар-клас, на якім таленавітыя госці ў імгненне вока стваралі бясплатныя партрэты ўсім жадаючым.
Выстава працягнецца да 10 студзеня, таму жыхарам і гасцям нашага горада мы рэкамендуем не пашкадаваць часу і наведаць музей.
Дзмітрый РАДКЕВІЧ.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.





