Пятрусь Броўка пісаў пра прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва: “І ў полі вы спраўны, прыбрана і хата, якія ж вы добрыя, нашы дзяўчаты!” Сапраўды, беларуская жанчына можа рэалізавацца ў любой дзейнасці: медыцыне, культуры, будаўніцтве, адукацыі. Яна, бы руплівая пчолка, імкнецца быць карыснай, цалкам аддаецца сваёй прафесіі.
Вось ужо 22 гады ў сферы сельскай гаспадаркі працуе Ірына Кот, заатэхнік-селекцыянер МТФ “Міхайлоўшчына”. Усмешлівая і далікатная, яна з першых хвілін выклікае сімпатыю. Жанчына
з захапленнем расказвае пра сваю прафесію і свой шлях да сельскай гаспадаркі.
Нарадзілася Ірына Віктараўна ў вёсцы Міхайлоўшчына. З дзяцінства яна назірала за тым, як рупна і самааддана працуюць яе бацькі. На той час мама, Ірына Емяльянаўна, працавала аператарам машыннага даення. Маленькая Ірына часта прыбягала да матулі на працу, назірала за жывёлай. Яна заўважала, што кожная мае свой нораў і звычкі. Да кожнай неабходна знайсці падыход. Тады візіты на ферму сумяшчаліся з гульнёй, цікавым правядзеннем вольнага часу. У старэйшых класах Ірына зразумела, што сваё жыццё хоча звязаць з сельскай гаспадаркай, таму пасля заканчэння школы падала дакументы ў Смілавіцкае сельскагаспадарчае вучылішча, дзе атрымала спецыяльнасць “заатэхнік”. Працаваць выпускніца вярнулася ў свой раён. Адразу ж ёй давялося стаць загадчыцай фермы ў Валовіках.
— Праўду кажуць, што ў маладосці страху няма. Адразу ж мне выпала кіраваць фермай, у падначаленні быў досыць вялікі калектыў. Аднак верыла ў свае магчымасці і сілы. Акрамя таго, у якасці памочніка ў мяне быў муж Леанід. Ведала, што ён дапаможа справіцца з пытаннямі, якія будуць узнікаць, — расказвае жанчына.
Муж і жонка стараліся разам вучыцца і расці ў прафесіі. І Леанід, і Ірына ў свой час сталі студэнтамі аграрнага ўніверсітэта. Ірына працягнула атрыманую адукацыю, а Леаніда прывабіла агранамія. На сённяшні дзень ён працуе загадчыкам участка. А Ірына ў 2012 годзе перайшла працаваць на ферму ў Міхайлоўшчыне ў якасці заатэхніка-селекцыянера.
— Наша справа складаная. Яна патрабуе ўвагі, канцэнтрацыі, адказнасці. Тут нельга памыляцца, абыякава ставіцца да сваіх абавязкаў. Канешне, неабходна адчуваць жывёлу, яе настрой, стан. Штодня ажыццяўляю кантроль за ходам дойкі, аглядаю пагалоўе. Праца звязана таксама і з дакументамі. За 14 год праца даведзена да аўтаматызма, — разважае спецыяліст.
Не апошнюю ролю адыгрывае і калектыў. Ірына Віктараўна адзначае, што на ферме ён змешаны — складаецца як з мужчын, так і з жанчын. Большая частка мае вялікі стаж, а значыць — веды і вопыт.
— Нашы людзі вельмі простыя і шчырыя. Заўсёды магу звярнуцца за дапамогай. Ведаю, што не адмовяць, а да сваёй працы аднясуцца сур’ёзна. Гэта вельмі важна ў нашай справе. Я і сама першапачаткова вучылася ў старэйшых калег, пераймала вопыт. Зараз да нас прыходзіць моладзь. Прыемна, што ёсць сярод маладых людзей руплівыя і самаадданыя спецыялісты, якія не баяцца працы, — дзеліцца думкамі Ірына Віктараўна.
Хоць праца займае большую частку часу, не забывае Ірына Кот і пра сям’ю. Муж і сыны з’яўляюцца яе сапраўдным скарбам.
Старэйшаму сыну, Яўгенію, 24 гады. Мама ганарыцца, што ён выбраў прафесію ваеннага. Сярэдні, Андрэй, вучыцца ў 10 класе Гальшанскай сэрэдняй школы. Хлопца вабяць гуманітарныя дысцыпліны. Зараз Андрэй — правая рука матулі. Ён дапамагае выконваць хатнія абавязкі, можна заўважыць яго і на кухні за прыгатаваннем страў. Малодшы, Уладзік, у гэтым годзе стаў першакласнікам. Гарэзлівы і актыўны хлопчык з’яўляецца сапраўднай радасцю для бацькоў.
— Шчыра кажучы, не ўяўляю сябе мамай дзяўчат. Мае хлопцы — мая надзейная падтрымка і апора. Яны ведаюць, што праца мая няпростая, таму радуюць кветкамі без пэўнай нагоды або бяруць частку хатніх абавязкаў на сябе. Мы з мужам выхоўваем іх так, каб яны з пашанай ставіліся да сям’і, захоўвалі хрысціянскія каштоўнасці, любілі працу. На дадзены момант я не маю матэрыяльных мар. Усё неабходнае ўжо і так ёсць. Хачу, каб сыны сталі годнымі людзьмі, рэалізаваліся ў прафесіі. Для мяне прыкладам з’яўляецца мая мама, якая 40 год аддала сельскай гаспадарцы. Хочацца, каб і хлопцы вось так замацаваліся ў выбранай галіне, — расказвае пра свае мары жанчына.
У вольны час Ірына Віктараўна любіць чытаць. Яе прываблівае класічная літаратура. Зусім нядаўна яна перачытала твор Льва Талстога “Ганна Карэніна”. Жанчына прызнаецца, што з узростам прачытаныя некалі творы ўспрымаюцца зусім па-іншаму. Любіць Ірына таксама ўпрыгожваць свой прысядзібны ўчастак кветкамі і дэкаратыўнымі раслінамі, якія ствараюць асаблівае хараство і гармонію. Часта для сям’і яна арганізуе святочныя вячэры, што збіраюць усіх хатніх. За агульным сталом сям’я абмяркоўвае планы на будучыню, дзеліцца ўражаннямі ад перажытага дня. Такія моманты па-сапраўднаму збліжаюць і прыводзяць да высновы, што сапраўдная сіла — у сям’і.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.

