Жанчына была і застаецца берагіняй духоўнасці, носьбітам мудрасці, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. На Гродзеншчыне асаблівым зместам напаўняецца бібліямарафон “Жаночыя лёсы Гродзеншчыны”, які расказвае пра выдатных дачок сваёй зямлі. Чарговая сустрэча ў межах гэтага праекта адбылася ў сельскай бібліятэцы аграгарадка Гальшаны.
Тут прайшла сустрэча “Жанчына – крыніца духоўнай мудрасці”, якая дапамагла пазнаёміцца з лёсам выдатных дачок беларускай зямлі і Гальшаншчыны. Вядучыя мерапрыемства зрабілі акцэнт на тым, што беларуская зямля стала калыскай для многіх выбітных жанчын, чые імёны ўпісаны ў гісторыю роднага краю. На сустрэчу былі запрошаны госці, а таксама вучні Гальшанскай сярэдняй школы.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся настаяцель храма святога Георгія ў Гальшанах Уладзімір Семяняка. Ён адзначыў вялікую ролю жанчыны ў фарміраванні духоўнасці, прыгадаў евангельскіх жанчын, а таксама звярнуўся да постаці Іўліяніі Гальшанскай, якая пражыла кароткае жыццё, але паспела стаць духоўным прыкладам для многіх. Святар заклікаў прысутных жанчын натхняцца жыццём святых заступніц, імкнуцца да дасканаласці і праведнага жыцця.
Алена Пятрына і Святлана Шыдлоўская, удзельніцы царкоўнага хору, падарылі прысутным шчымлівыя кампазіцыі, якія прымусілі задумацца над каштоўнасцю мацярынства.
Музыкальныя нумары ў выкананні настаўнікаў і вучняў Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў дапамаглі дакрануцца да прыгожага і здолелі расчуліць прысутных.
Былі запрошаны на мерапрыемства і мясцовыя жыхаркі Валянціна Лабуніна, Сабіна Азаровіч і Марта Багдановіч. Былы бібліятэкар, фатограф, краязнавец Валянціна Лабуніна расказала пра сваё жыццё, уплыў маці на станаўленне і жыццёвыя погляды моладзі. Валянціна Сцяпанаўна прыгадала розныя жыццёвыя этапы, рупную працу ў біблятэцы і свае захапленні. Вучні з вялікай увагай слухалі гэты аповед, напоўнены сапраўднай шчырасцю. Пасля выступіла настаўніца замежнай мовы Гальшанскай сярэдняй школы Сабіна Азаровіч, якая расказала аб метадах выхавання маладога пакалення, а таксама аб вопыце ўдзелу ў конкурсе педагагічнага майстэрства “Настаўнік года”. На мерапрыемства яна прыйшла разам з сынам Дамірам, які разам з мамай ўдзельнічае ў шматлікіх конкурсах, выступае не толькі на школьнай сцэне, але і на раённай і абласной. Свае вершы, прысвечаныя жанчыне, прачытала Марта Багдановіч.
У канцы мерапрыемства вучні паразважалі над тым, якой павінна быць жанчына – берагіняй хатняга агменю, крыніцай мудрасці і духоўным асветнікам. Іх разважанні паказалі, што маладое пакаленне глыбока шануе традыцыйныя каштоўнасці, але разам з тым бачыць у жанчыне моцную асобу, здольную ўплываць на лёс сям’і, грамадства, краіны.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.






