“На беларускую дзяўчыну, калі тут праўду ёй аддаць, ніхто яшчэ каменем не кінуў. І не паважыцца кідаць”, — гэтыя радкі з твора Янкі Купалы не трацяць сваю актуальнасць і сёння. Беларуская жанчына ў традыцыйнай культуры атаясамліваецца з мацярынствам, працягам роду, духоўнай сілай. Яна ўвасабляе жыццё, прыродную гармонію і маральныя арыенціры. Яна з’яўляецца сімвалам прыгажосці, пяшчоты, жаноцкасці.
2026 год у нашай краіне аб’яўлены Годам беларускай жанчыны. На працягу дванаццаці месяцаўувага грамадства будзе скіравана ў бок яе — прыгожай, сціплай, працавітай, ахвярнай і самаадданай. Сапраўды, беларуская жанчына асаблівая.
Нядаўна, наведваючы адну з арганізацый, у дзвярах сутыкнулася з мужчынам гадоў шасцідзесяці. Ён адчыніў дзверы і прапанаваў прайсці першай, пасля дадаў: “Якія ж прыгожыя беларускі! Напэўна, каб раней наведаў вашу краіну, то знайшоў бы тут свой лёс”. Мужчына працягваў яшчэ штосьці гаварыць, але я ўжо зайшла ў патрэбны кабінет. Пазней злавіла сябе на думцы, што меркаванне гэтага чалавека мела рацыю. Беларускія жанчыны, сапраўды, прыгожыя. І гаворка ідзе не толькі пра знешнюю прыгажосць, а пра ўнутраную. У ментальнасці беларускай жанчыны закладзены лагода, пяшчота, паважлівыя адносіны да людзей.
Прыгожая палова чалавецтва заўжды імкнецца рэалізавацца ў трох накірунках — як маці, як жонка, як спецыяліст у сваёй справе. Паспяховая рэалізацыя ў гэтых напрамках робіць яе па-сапраўднаму шчаслівай. Мацярынства — гэта асаблівы дар, які ўзвышае, выдзяляе кожную. У болі і пакутах жанчына нараджае дзяцей, а пасля ўсё жыццё клапоціцца пра іх адукацыю і выхаванне.
Мацярынства выхоўвае здольнасць да бязмежнай любові, уменне ставіць патрэбы іншага вышэй за ўласныя, мудрасць у прыняцці рашэнняў і вытрымку перад цяжкасцямі. Пры гэтым жанчына не губляе сябе, а, наадварот, раскрываецца, становіцца больш поўнай і шматграннай асобай. Яна набывае здольнасць любіць усіх дзяцей аднолькава. Яе бязмежная любоў не падзяляецца на долі, бо гаворка тут ідзе не пра матэматыку пачуццяў, а пра веліч мацярынскага сэрца. Жанчына, якая стала маці, адкрывае ў сабе невычэрпныя рэсурсы, якіх не заўважала раней. І гэта акалічнасць выводзіць яе на іншы ўзровень.
Каханне таксама адыгрывае выключную ролю ў жыцці кожнай жанчыны. За плячыма кожнага моцнага і паспяховага мужчыны стаіць, на першы погляд, слабая і безабаронная жанчына, якая падтрымлівала яго, матывавала, дапамагала рухацца і развівацца. Гісторыя ведае безліч такіх прыкладаў. Каханне дае магчымасць жанчыне адчуць сябе патрэбнай, прынятай і каштоўнай. У стане закаханасці яна адкрывае ўласную ўнутраную прыгажосць, упэўненасць у сабе, натхненне для творчасці і штодзённых спраў. У светлым пачуцці жанчына знаходзіць апору, якая робіць яе мацнейшай перад жыццёвымі выклікамі.
Не менш істотнай з’яўляецца і прафесійная рэалізацыя. Аднойчы пачула думку аб тым, што дзяўчатам не патрэбна вышэйшая адукацыя. Іх задача — нараджаць дзяцей, сачыць за сямейным агменем. У многіх краінах прытрымліваюцца гэтай філасофіі. Жанчына знаходзіцца на некалькі прыступак ніжэй за мужчыну, яе правы значна абмежаваны. Прадстаўніцы прыгожай паловы не могуць займаць высокія пасады, свабодна перамяшчацца і ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. У многіх краінах жанчынам нельга публічна выступаць, чытаць уголас, спяваць і нават смяяцца на вуліцы. Беларускі, на шчасце, не абмежаваны ў гэтым сэнсе. Многія робяць выдатную кар’еру ў навуцы, адукацыі, палітыцы і іншых накірунках. Жанчыны не баяцца выказваць свае думкі, спрачацца з мужчынамі. У беларусак ёсць усё неабходнае, каб рэалізавацца ў абраным напрамку.
Год жанчыны заклікае кожную яшчэ раз паглядзець на сябе, заўважыць свае моцныя бакі, пазбавіцца няўпэўненасці і комплексаў, узяцца за любімую справу, закахацца, рэалізавацца ў мацярынстве. Проста жыць, атрымліваючы асалоду ад кожнага дня, купленай новай сукенкі, сонечнага святла, што заглядае ў акно, усмешак і абдымак дзяцей. Сакрэт жаночага шчасця просты, і складаецца ён з базавых рэчаў, таму адкрыць яго можа кожная з нас.
Марта БАГДАНОВІЧ.
