Сцяжынкамі пераможцы. Мікалай Краснабаеў

Общество

Сёлета Беларусь адзначыла васьмідзясятую гадавіну Вялікай Перамогі. Нашчадкі герояў-пераможцаў успамінаюць імёны тых, каму абавязаны свабодай і мірным небам, нізка схіляюць галовы перад іх слаўным, бессмяротным подзвігам. Свой уклад у справу захавання памяці пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны робіць і моладзь. Так, вучаніца Кальчунскай сярэдняй школы Маргарыта Каханская разам са сваёй настаўніцай Ганнай Бярнацкай прайшлі ваеннымі і жыццёвымі сцяжынкамі ветэрана вайны і педагагічнай працы Мікалая Краснабаева.

— Вайна стала найцяжэйшым выпрабаваннем і школай мужнасці. Аб суровым мінулым, гераізме і адданасці людзей мы павінны памятаць заўсёды, — упэўнена Маргарыта Каханская. — Менавіта таму мы вырашылі заняцца даследчай дзейнасцю і занатаваць гісторыю жыцця нашых землякоў. Як высветлілася, з тэрыторыі Кальчунскага сельсавета на франтах Вялікай Айчыннай вайны змагалася 76 чалавек, з іх 43 не вярнуліся. На жаль, ветэранаў не засталося, але іх подзвігі, адвага і слава будуць жыць вечна ў нашай памяці, бо задача кожнага — захаваць мінулае для наступных пакаленняў.

Шлях да Перамогі

Мікалай Міхайлавіч Краснабаеў — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ветэран педагагічнай працы, нарадзіўся 1 снежня 1919 года. Яго малая радзіма — вёска Кухары Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. Зусім мала вядома пра яго дзіцячыя і юнацкія гады, мабыць, толькі тое, што ў сямʼі, акрамя Мікалая Міхайлавіча, выхоўваліся яшчэ дзеці — Дзмітрый, Цімафей, Адам, Іван, Рыгор, Надзея.

У 1939 годзе Мікалай быў прызваны на вайсковую службу ў 547 артылерыйскі полк. Служыў камандзірам аддзялення ў званні сяржанта да 1944 года. З 3 кастрычніка 1944-га да лістапада 1945 года быў разведчыкам 666 гаўбічнага артылерыйскага палка.

— Разам з маладымі хлопцамі, якія мужна ваявалі поруч, зусім не парадным крокам прайшоў па падняволенай Еўропе. З Куйбышава да Буда-Кашалёва, з Нара-Фамінска да Вязьмы, з Оршы да Віцебска, з Мінска праз Маладзечна, Смаргонь, Ашмяны да Вільні, з Любліна да Варшавы і Варты, з Цыльтэндорфа і Візенау да самага Берліна, — успамінаў ветэран.
Лёс склаўся так, што вайну Мікалай Міхайлавіч скончыў на вуліцах Берліна і нават пакінуў свой подпіс на разбураных сценах Рэйхстага.

За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам «Чырвонай Зоркі», ордэнам Славы III ступені, медалямі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй». За выдатныя баявыя дзеянні пры прарыве варожай абароны на поўдзень ад Варшавы абʼяўлена падзяка загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Савецкага Саюза І.В. Сталіна. Галоўнакамандуючым групай савецкіх войскаў у Германіі Маршалам Савецкага Саюза Г. Жукавым ў 1945 годзе абʼяўлена падзяка «За сумленную службу на карысць нашай Радзімы».

«… Цяпер, пасля перамогі, Радзіма запрашае Вас дадому, да вашых семʼяў, да жонак і дзяцей. Вам трэба будзе змяніць зброю вайны на прылады працы. Працуйце, працуйце так добра, як ваявалі».

Настаўнік, грамадзянін, патрыёт

Пасля вайны Мікалай Міхайлавіч Краснабаеў прысвячае сваё жыццё навучанню і выхаванню дзяцей. Спачатку працуе завучам у дзіцячым доме ў горадзе Ашмяны. У 50-я гады накіраваны настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Граўжышкоўскую васьмігадовую школу, у 1954 годзе пераведзены ў Гародніцкую сямігадовую школу. У 1955 годзе скончыў Новавільнюскі настаўніцкі інстытут. У 70-я гады працаваў у Кальчунскай школе.

Да любой дзейнасці Мікалай Міхайлавіч падыходзіў з усёй адказнасцю, таму меў не толькі баявыя, але і педагагічныя заслугі перад Айчынай.

Экспанаты музея Кальчунскай сярэдняй школы сведчаць аб гэтым. Напрыклад, яго педагагічная характарыстыка, граматы, пасведчанне члена ўсесаюзнага таварыства «Веды». Захоўваецца і шмат асабістых школьных прылад настаўніка-ветэрана: канспекты ўрокаў, чарнільная ручка і чарніліца, перакідны каляндар, геаграфічны атлас, альбом партрэтаў рускіх пісьменнікаў, фотаапарат, а таксама наручны гадзіннік з гравіроўкай, які падарылі Мікалаю Міхайлавічу калегі на яго юбілей у 1979 годзе.
3 дакументаў, размешчаных у архіве школьнага музея, вынікае, што Мікалай Міхайлавіч падчас працы ў школе быў характарызаваны як выдатны педагог. Увесь час імкнуўся да высокай паспяховасці вучняў, а ўрокі выкладаў на высокім ідэйна-тэарэтычным узроўні. Шмат увагі надаваў развіццю мыслення вучняў. Таксама займаўся самаразвіццём, знаёміўся з навінкамі метадычнай літаратуры і прымяняў свае веды на ўроках.

Разам з жонкай Таццянай Сцяпанаўнай Краснабаевай, якая працавала настаўніцай пачатковых класаў, усё жыццё выхоўвалі любоў да Радзімы, патрыятызм, пачуццё абавязку.

У гонар земляка

Іменем славутага земляка Мікалая Міхайлавіча Краснабаева названа піянерская дружына Кальчунскай сярэдняй школы.

— Прайшло шмат часу. Мікалая Міхайлавіча ўжо няма ў жывых, але нам засталася вечная, светлая памяць пра людзей, дзякуючы якім мы сёння зʼяўляемся незалежнай дзяржавай. Мы расцём у мірнай краіне і пад сонечным небам, марым і здзяйсняем свае жаданні, дзякуючы тым, хто не зламаўся ў гады той страшнай вайны, хто коштам свайго жыцця даў магчымасць жыць іншым. І вельмі важна, каб кожны ветэран Вялікай Айчыннай вайны не быў забыты, — адзначаюць Маргарыта Каханская і Ганна Бярнацкая. — Падчас працы над біяграфіяй мы зацікавілі жыхароў Кальчун, вучняў і настаўнікаў школы лёсам славутага чалавека. Як вынік — сабралі неабходны матэрыял для правядзення класных, інфармацыйных гадзін, музейных заняткаў. Цяпер гэтыя звесткі актыўна выкарыстоўваюцца ў дзейнасці класных кіраўнікоў, школьнага музея і даследчай дзейнасці вучняў.
Валанцёры нашай школы заўсёды дзеляцца звесткамі пра вядомага земляка, наведваюць і даглядаюць магілу ў вёсцы Гароднікі, дзе пахаваны Мікалай Міхайлавіч.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *