Сціплы, маўклівы, стрыманы — такім застаўся ў маёй памяці ашмянскі педагог і таленавіты паэт Леанід Каркотка.
Прызнаюся, зносіны з ім былі нячастымі. Ужо нават і не памятаю, як даведалася пра яго паэтычны дар, які ён умела “хаваў” ад старонняга вока. Узгадваецца, як рэдакцыя аб’явіла творчы конкурс да чарговага юбілею Ашмян. На гэты конкурс Леанід Міхайлавіч даслаў некалькі сваіх невялікіх, але ёмкіх і глыбокіх (як заўсёды!) разважанняў пра Радзіму — і стаў пераможцам.
Зрэдку ён прыносіў свае вершы ў раёнку. Абменьваўся парай-тройкай слоў падчас выпадковых спатканняў на вуліцы. І пасля доўгіх ваганняў нават згадзіўся, каб пра яго творчасць напісалі ў “Ашмянскім весніку”. А пасля яго не стала — у 57 гадоў неспадзявана і рэзка абарвалася жыццё.
Леанід Каркотка пісаў шмат — у спадчыну пакінуў сям’і некалькі тоўстых сшыткаў — і марыў выдаць зборнік сваіх вершаў. На жаль, яго мара не спраўдзілася пры жыцці. Аднак дзякуючы намаганням сям’і, калег і знаёмых, землякоў мы маем магчымасць працягваць знаёмства з гэтым таленавітым і мудрым творцам, які пісаў на прыгожай роднай мове.
Першая (саматужная) кніга паэзіі Леаніда Каркоткі “З паэтычных сшыткаў” пабачыла свет у 2009 годзе. Выдадзена яна была пры падтрымцы колішняга дырэктара СШ № 1 Міхаіла Гружэўскага настаўнікамі гэтай установы адукацыі. Тут, дарэчы, працавала настаўніцай роднай мовы жонка паэта Марыя Віктараўна, а зараз працягвае справу бацькоў дачка Ала Леанідаўна.
Праз год, у 2010-м, накладам у 150 асобнікаў выйшаў чарговы зборнік — “Натхненне”. Сваім з’яўленнем ён абавязаны дырэктару школы-інтэрната Уладзіміру Бізюку, а таксама Уладзіміру Карагіну, пісьменніку Валерыю Патапаву і родным паэта.
У гэтым годзе выйшаў трэці паэтычны зборнік — “Роздум”, ініцыятарам выдання якога стаў зямляк Леаніда Каркоткі Сымон Барыс. Былы рэдактар часопіса “Роднае слова” палічыў сваім абавязкам падрыхтаваць кніжку творчых здабыткаў свайго аднавяскоўца.
Узгадаем, што нарадзіўся Леанід Каркотка ў вёсцы Касічы Вілейскага раёна, на зямлі, якая падарыла яму паэтычныя крылы і якой ён не раз прызнаваўся ў любові ў сваіх вершах:
Не забуду я цябе ніколі,
Пакуль сцежку мацаю нагой.
З доляй светлай ці зусім без долі,
З поўнаю кішэняй ці з пустой…
Творчае асэнсаванне жыцця праз прызму паэта прадстаўлена ў зборніку некалькімі тэмамі-раздзеламі: “Пра падзеі мінулага”, “Роздум аб жыцці”, “Родны край”, “Родная прырода”, “Юнацтва і каханне” і “Роздум пра паэзію”.
Ад кнігі немагчыма адарвацца — хочацца прачытаць яе ўсю і адразу, спатоліўшы паэтычную смагу, прапусціць праз сябе перажыванні аўтара.
У раздзеле “Пра падзеі мінулага” паэт часам звяртаецца да тэмы вайны, якая “нібы мячык, кацілася праз Беларусь”, але яго хвалююць не самі падзеі, а чалавек у нязвыклых для яго абставінах і ўмовах.
Рвануўся да каня, забыўшы рэчы,
Згубіўшы меч, пакінуўшы сяброў,
Каб вырвацца жывым з смяртэльнай сечы
І да каханай прыскакаць дамоў.
Ды конь, здаецца, узвіўся пад аблокі…
І ён упаў у прыдарожны бруд…
І толькі пошчак капытоў далёкі,
Нібы суддзя, чытаў яму прысуд.
У вершы “Галасы продкаў” аўтар разважае аб здольнасці чалавека памятаць мінулае і заўважае, што продкі жывуць і сёння разам з намі: “Але не кожны голас іх пачуе ў сённяшніх, нібы маланка, днях, бо сэрца нашае падчас начуе ў лесе, у замшэлых камянях”.
Самота адыходзіць і адразу ўзнімаецца настрой, калі Леанід Каркотка ўзгадвае родныя мясціны. Яны для паэта, нібы лекі. Густыя, нібы мёд, туманы, дубок-дыпламат на сцяжынцы, заспаны ранак, блакітны, як неба, парасон, месяц-апельсін — такім бачыць паэт свой край.
Люблю я крочыць сцежкай паўз палеткі,
Калі над галавою зорны дах,
Калі схіляюцца ў паклоне нізкім кветкі,
Калі крадзецца вечар у кустах…
Часта ў паэзіі Леаніда Каркоткі ўзгадваеццца рака. Для яе адлюстравання аўтар не шкадуе трапных эпітэтаў і метафар.
Змахнуўшы пот салёны і ліпучы
Рукой гарачай з мокрае шчакі,
Збягу з высокай, нібы мачта, кручы,
Каб у абдымкі кінуцца ракі,
Якая ўжо даўно мяне чакала,
Як голая зямля вясной траву…
Шчымлівыя да болю вершы складаюць раздзел “Юнацтва і каханне”. Сюды ўвайшлі прысвячэнні выпускнікам школы-інтэрната, дзе Леанід Каркотка працаваў настаўнікам роднай мовы, а таксама радкі аб першым юначым каханні.
Знянацку зваліцца, як з лавы рэчы,
Ці ўночы, ранкам, нават можа днём…
Каханне пачынаецца з сустрэчы,
З нясмелых вуснаў, што пякуць агнём.
— А што далей, мой мілы чалавеча?
— Чаканне зноўку новае сустрэчы.
Кожнае слова пранізана любоўю ў вершах, прысвечаных сваім дзецям і жонцы. Для яго сям’я была цэлым Сусветам. Тут яго разумелі і прымалі такім, які ён ёсць. Тут з павагай ставіліся да яго творчасці і падтрымлівалі Богам дараваны талент. Да 20-годдзя сына Мішы Леанід Міхайлавіч напісаў вось такія шчымлівыя радкі:
Гуляла сонца гэтак па Сусвеце
Тады, як сёння, пэўна ж не за страх,
Калі ўпершыню ў хату гэту
Уехаў ты на бацькавых руках…
У сваёй творчасці аўтар не раз разважаў аб прызначэнні паэта. “Верш нараджаецца, як усё жывое, у муках, каб прыйсці ў белы свет” — так сцвярджаў Леанід Міхайлавіч, бо лічыў сапраўднай паэзіяй толькі тое, што было “настоена на сонцы і душы”. Паэт з глыбокай любоўю і павагай адносіўся да кожнага свайго слова, старанна падбіраючы для яго месца сярод радкоў.
Напісан верш. І праўда, і надзея,
І што было, што заўтра мае быць.
І кожная ледзь значная падзея,
І значная павінна ў ім жыць.
І будуць сэрцы, як агнём, сагрэты
Усіх-усіх, каму душу далі…
Невыпадкова нараджаюцца паэты
На нашай грэшнай і святой зямлі.
Аліна САНЮК.

