Выхаванцы лагера ў Гальшанах падчас раскопак знайшлі незвычайныя артэфакты

Культура

Гісторыя – гэта магутны мост, які звязвае чалавека з яго каранямі. Гэта навука адкрывае далягляды, дапамагае паглядзець на падзеі і людзей праз перспектыву часу. Вобласцю ведаў, непарыўна звязанай з гісторыяй, з’яўляецца археалогія. Праз шматлікія знаходкі ёсць магчымасць устанавіць невядомыя факты. Археалогія з’яўляецца цікавай навукай не толькі для даследчыкаў гісторыі, але і для кожнага чалавека, які цікавіцца мінулым свайго краю.

З 11 жніўня ў Гальшанскай сярэдняй школе распачаў сваю працу выхаваўча-аздараўленчы лагер “Кентаўры”, арганізаваны пры Гальшанскай сярэдняй школе. З першых дзён хлопцы і дзяўчаты далучыліся да гісторыі і даследчай дзейнасці. Пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Паўла Кенька дзеці прынялі ўдзел у археалагічных раскопках на чацвёртай курганнай групе, што непадалёк ад Гальшан. Узброіўшыся неабходным абсталяваннем, юнакі і дзяўчаты ажыццяўляюць пошук старажытных артэфактаў. І такая праца прыносіць першыя вынікі. Нашы карэспандэнты наведалі месца раскопак і пагутарылі з выхаванцамі лагера.

Перад пачаткам працы ўдзельнікаў чакае адпаведная падрыхтоўка. Павел Кенька нагадвае аб правілах працы, дае парады і рэкамендацыі. Побач размяшчаецца экспазіцыя рэчаў, знойдзеных падчас раскопак.

Кірыл Гарлуковіч на раскопках ужо не першы раз. Як сапраўдны знаўца гісторыі, хлопчык расказвае пра тое, што ўдалося знайсці за тыдзень працы:

— Раскопкі ў гэтым годзе дастаткова плённыя. Удалося натрапіць на рэшткі посуду дзясятага-адзінаццатага стагоддзя. Таксама знайшлі косці розных перыядаў. Працуем тут некалькі гадзін. Пасля заканчэння працы не хочацца вяртацца ў лагер. Адчуваем сябе сапраўднымі гісторыкамі і даследчыкамі. Кіраўнік расказвае нам пра кожную знаходку. Усё гэта вельмі цікава і натхняльна, — расказвае Кірыл.

Павел Кенька з 2007 года прыязджае ў Гальшаны, каб далучыць маладое пакаленне да гісторыі і археалогіі. За 18 год яму ўдалося выхаваць не адно пакаленне археолагаў.

— Прыемна, што дзеці цікавяцца гісторыяй. Многія нашы раскопкі ляглі ў аснову даследчых прац, некаторыя ўдзельнікі лагера звязалі сваё прафесійнае жыццё з гісторыяй і археалогіяй. Гэта не можа не радаваць. Зараз, калі прыязджаю ў Гальшаны, да мяне часта завітваюць былыя выпускнікі лагерных змен, якія і сёння цікавяцца працэсам раскопак і з настальгіяй прыгадваюць той час. Вельмі добра, што ў якасці археолагаў – мясцовыя дзеці. Так яны могуць зразумець, у якім адметным, з пункту гледжання гісторыі, кутку яны жывуць. У Гальшанах і наваколлі кожны камень дыхае даўніной, а кожны кавалак зямлі хавае ў сабе запаветныя таямніцы, якія мы жадаем разгадаць, — расказвае навуковец.

Выхаванцамі лагера з’яўляюцца дзеці рознага ўзросту, аднак кожны з іх да працы адносіцца старанна і сур’ёзна. Зусім хутка лагер скончыцца, але ўспаміны аб гістарычных прыгодах застануцца да наступнага лета. Наступным летам хлапчукі і дзяўчаты збяруцца зноў, каб працягнуць даследчую дзейнасць.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *