Краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча стаў мне сябрам з першых дзён жыцця ў Ашмянах. За час працы ў раённай газеце сотню раз прыходзіла сюды на выставы і гасцёўні, сустрэчы з цікавымі творчымі людзьмі, якія спрыялі пашырэнню кола знаёмстваў, кругагляду і ведаў па гісторыі Ашмянскага краю. Не раз і сама была ўдзельніцай зладжаных у сценах музея мерапрыемстваў. Супрацоўнікі музейнай установы сталі маімі дарадцамі: сюды магу ў любы час звярнуцца за дапамогай і падказкай у спрэчных пытаннях краязнаўчага кшталту.
Штогод з цікавасцю чакаю правядзення ў Ашмянскім краязнаўчым музеі культурнай акцыі “Ноч музеяў”. Загадзя ведаю, што супрацоўнікі знойдуць незвычайную форму аповеду пра сваю ўстанову і адшукаюць у сваіх фондах цікавосткі, якія прыйдуцца даспадобы як дзіцячай, так і дарослай аўдыторыі.
— Сёлета нашых наведвальнікаў чакае мерапрыемства пад назвай “І ажывуць гісторыі старонкі…”, — заўважыла дырэктар музея Настасся Навіцкая. — Прысвечана акцыя 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У вячэрняй праграме — тэатралізаваны квэст па горадзе “Наперад у мінулае”, песні ваенных гадоў пад гармонік, успаміны жыхароў Ашмяншчыны пра ваеннае ліхалецце, а таксама прагляд фільма “Вайна пад стрэхамі”, эпізоды якога здымаліся ў Гальшанах.
Тут неабходна заўважыць, што музеем у гэтым годзе запланаваны вялікі цыкл мерапрыемстваў да важнай юбілейнай даты. Сімвалічна, што частку гэтай работы супрацоўнікі музея ажыццяўляюць сумесна з установай “Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць–герой”. Гэта дзяржаўная ўстанова, згодна з загадам Міністэрства культуры, стала куратарам ашмянскага музея. Пачаткам плённай сумеснай працы па развіцці музейнай дзейнасці і абмене экспазіцыйнымі праектамі паміж музеямі стаў выставачны праект “Мая вясна — мая Перамога”. Разгарнуўся ён у Ашмянах. Выставачныя стэнды музея абароны Брэсцкай крэпасці былі дапоўнены здымкамі, узнагародамі, дакументамі аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, нашых земляках, з фондаў краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча. На адкрыцці выставачнага праекта з дакладам выступіла супрацоўнік музея абароны Брэсцкай крэпасці Ірына Мысак.
У экспазіцыі “Музеі вайны — тэрыторыя міру” мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” зараз праходзіць выстава “Время не властно над величием Подвига”. На гэтай выставе прадстаўлены матэрыялы з фондаў нашага музея пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Навумава — удзельніка штурму Рэйхстага, ганаровага грамадзяніна нашага горада. У перадсвяточныя майскія дні дырэктар Ашмянскага краязнаўчага музея Настасся Навіцкая прыняла ўдзел у круглым стале “Брэст 1941 — Берлін 1945. Шлях Перамогі”, арганізаваным установай “Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць–герой”. Настасся Васільеўна выступіла з дакладам пра ролю Ашмянскага краязнаўчага музея ў захаванні памяці аб ахвярах генацыду беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Што тычыцца тэмы генацыду, то ў красавіку гэтага года ў дзяржаўным занальным архіве г. Маладзечна супрацоўнікі музея адшукалі спіс знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941-1944 гадах жыхароў Ашмянскага раёна. Матэрыялы, змешчаныя больш чым на 200-х старонках, пацверджаны дакладнымі запіскамі, актамі, апытаннем мясцовых жыхароў пра зверствы карнікаў на нашай тэрыторыі.
З красавіка 2021 года пракуратурай Ашмянскага раёна сумесна з супрацоўнікамі музея вядзецца маштабная работа па фактах расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Зараз навуковы супрацоўнік музея Святлана Чарняк працуе над састаўленнем спісу (а гэта звыш 4000 чалавек) загінулых падчас вайны (на розных тэрыторыях) жыхароў Ашмяншчыны яўрэйскай нацыянальнасці.
З пачатку бягучага года Ашмянскі краязнаўчы музей наведала каля шасці тысяч чалавек. Да 85-годдзя Ашмянскага раёна музейныя работнікі зладзілі краязнаўчую гасцёўню, на якой прадэманстравалі пяць відэафільмаў, аб’яднаных тэмай “Мой родны край — мая гісторыя жывая”. Пазней гэтыя фільмы былі паказаны ў клубных установах і школах раёна.
У маі споўнілася чатыры гады, як адчыніў для наведвальнікаў свае дзверы філіял музея “Гальшанскі замак”. Аб цікавасці турыстаў да гэтага архітэктурнага аб’екта сведчыць пастаяннае іх павелічэнне. За чатыры гады работы філіяла экспазіцыю ў паўночнай вежы наведала 77 000 чалавек, праведзена 2300 экскурсій. І гэта толькі пачатак, бо наплыў наведвальнікаў будзе якраз напрыканцы мая і ў летнюю пару. У рамках міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” 24 мая ля сцен замка адбудзецца чарговы фэст “Вечары ў Соф’і Гальшанскай”.
У планах музейнай установы на гэты год шмат цікавых сустрэч і імпрэзаў. Ужо ў канцы мая аматараў жывапісу чакае выстава ганаровага грамадзянінам нашага горада Уладзіміра Бізюка. Летам у сценах музея плануецца сустрэча з краязнаўцам, фотамайстрам, ганаровым грамадзянінам горада Тамарай Філіповіч. Наведвальнікаў музея чакаюць цікавосткі ад дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, з якім Ашмянскі краязнаўчы музей сябруе шмат год.
Турыстычная актыўнасць будзе назірацца ў музеі падчас летніх канікул. Для школьнікаў музейныя заняткі і квэсты набываюць у гэту пару больш яркую і цікавую форму.
Фонды музея пастаянна папаўняюцца. Штогод дзякуючы Ашмянскаму міжраённаму аддзелу Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта па Гродзенскай вобласці, неабыякавым жыхарам раёна, музейным экспедыцыям ашмянцы і госці нашага горада могуць пазнаёміцца з новымі экспанатамі. Дарэчы, нядаўна асноўныя фонды музея папоўнілі фрагменты гербавай кафлі роду Сапегаў, знойдзенай падчас рэстаўрацыйных работ на паўночна-заходнім корпусе Гальшанскага замка. Знаходкі, якім больш за 400 год, ужо адрэстаўраваны і ў хуткім часе будуць выстаўлены ў экспазіцыі паўночнай вежы.
Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча не спыняецца ў сваім развіцці. Дзякуючы плённай працы і неабыякавасці яго супрацоўнікаў гісторыя Ашмянскага краю пастаянна папаўняецца новымі фактамі і імёнамі. Разнастайныя формы работы, новыя знаходкі і адкрыцці, цікавыя супрацоўніцтвы дапамагаюць установе адпавядаць сучасным патрабаванням да музейнай справы і заяўляць аб сабе на самых розных узроўнях. Не абмінае музей магчымасці распавесці аб сабе на Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”. Гэты год не стане выключэннем — дэманстрацыйная праграма ўжо падрыхтавана.
Аліна САНЮК.





