Дзесяцікласніцу з Гальшан Насцю Казлоўскую ведаюць многія. Яна выдатніца, удзельніца алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый, вядучая школьных мерапрыемстваў, удзельніца КВЗ. Вучаніца захапляецца гісторыяй, з’яўляецца экскурсаводам у народным гісторыка-краязнаўчым музеі імя Эдуарда Корзуна. Ведаюць дзяўчыну і як выдатную баяністку. У свой час яна скончыла Гальшанскую дзіцячую школу мастацтваў, была ўдзельніцай узорнага інструментальнага калектыву “Мелодыка”. У складзе ансамбля яна аб’ездзіла шмат гарадоў и атрымала шмат узнагарод. Не так даўно дзяўчына захапілася танцамі. Цяпер яна сістэматычна наведвае сельскі клуб, прымае удзел у выступленнях. Насця – актывістка ГА “БРСМ”, валанцёр і проста нераўнадушны чалавек. А зусім нядаўна дзяўчына стала дэпутатам Маладзёжнага савета пры раённым Савеце дэпутатаў.
У наш час рэдка можна сустрэць такіх апантаных маладых людзей, якія паспяваюць рэалізоўвацца ў розных накірунках: добра вучацца, займаюцца творчасцю і не забываюць пра гисторыю свайго краю. Аднак Насця не лічыць сябе асаблівай або выключнай. Дзяўчына прытрымліваецца думкі, што кожны чалавек павінен жыць актыўным жыццём і ставіцца сур’ёзна і адказна да выкання сваіх абавязкаў. Толькі так можна прынесці карысць грамадству, быць задаволеным сваім жыццём. Школьніца адзначае, што прыкладам для яе з’яўляецца прадзядуля – Іосіф Станіслававіч Садоўскі, які быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.
З хваляваннем дзяўчына гартае кнігу “Памяць”, шукаючы патрэбную старонку. І вось, нарэшце, знаходзіць вёску Лужышча, а пасля – і прозвішча свайго прадзеда. Іосіф Станіслававіч нарадзіўся ў далёкім 1905 годзе. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было 36 год. Зразумела, што ў мужчыны былі зусім іншыя планы на жыццё. Аднак сумная падзея ўнесла карэктывы ў гэтыя планы. Разам з аднавяскоўцамі прадзядуля ўзяўся за зброю і пайшоў на фронт. Насця адзначае, што не памятае прадзядулю, бо памёр ён задоўга да яе нараджэння – у 1988 годзе. Аднак захаваліся цёплыя аповеды бабулі. Адказны, дысцыплінаваны і нешматслоўны. Такім ён застаўся ў памяці сваіх родных. Бабуля і дзядуля прыгадвалі, што Іосіф Станіслававіч не любіў расказваць пра ваенны адрэзак свайго жыцця, стараўся пазбягаць гэтай тэмы. Толькі аднойчы ў размове ветэран прыгадаў эпізод, калі ён з таварышамі знаходзіўся ў акружэнні. Даводзілася хавацца ў сцюдзёнай вадзе. Пасля гэтага ў Іосіфа Станіслававіча пачаліся праблемы са здароўем. Прыгадваў таксама і той факт, што пашчасціла яму ўбачыць маршала Жукава на свае вочы. Іосіф Садоўскі быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і юбілейнымі ўзнагародамі.
Прадзядуля цаніў спакой і дабрабыт, бо ведаў высокі кошт гэтых рэчаў. У мірны час ён працаваў некаторы час старшынёй мясцовага калгаса, пазней – брыгадзірам. Яго фотаздымак упрыгожвае адну з экспазіцый школьнага краязнаўчага музея. Праводзячы экскурсію і расказваючы пра землякоў, Насця з хваляваннем указвае на фотаздымак свайго прадзядулі, бо ёсць і яго заслуга ў тым, што сёння мы жывём пад мірным небам.
Некаторы час таму дзяўчына прыняла ўдзел у раённым этапе патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці”, дзе расказала шырокай аўдыторыі пра свае карані. Выступленне школьніцы атрымала другое месца. Пра гісторыю Насця расказвае не толькі ў музеі і на мерапрыемствах, але і дома. Дзяўчына выхоўваецца ў шматдзетнай сям’і. У Насці тры браты і маленькая сястрычка, якім яна ў простай і даступнай форме стараецца данесці інфармацыю пра свайго прадзядулю, бо памяць – гэта жывая нітка, якая звязвае пакаленні, не дае занядбаць гістарычнае мінулае, дапамагае зразумець глыбінныя рэчы.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.


