На “Тлусты чацвер” у Гродзі завіталі госці з Астраўца

Культура

Ёсць такі асаблівы дзень, калі нават самыя зацятыя модніцы ды страйнюхі “забіваюць” на свае дыеты-калорыі і бяруць у рукі… пончык. Дзень, калі сталы ломяцца ад усялякіх пірагоў, пячэнькаў, хрусцікаў, пірагоў, а ад песень, жартаў ды смеху – не глядзі, што мароз! – пачынае капаць з дахаў. І нават назва ў гэтага дня смачная – “Тлусты чацвер”! Менавіта з яго пачынаецца апошні “абжорысты” тыдзень напярэдадні Вялікага перадпасхальнага посту.

Адзначаць гэты дзень можна па-рознаму: за сямейным сталом, у сяброўскай кампаніі, нават на працы. А можна завітаць у госці да тых, хто “Тлусты чацвер” святкуе з размахам. Напрыклад, да суседзяў.

Народны ансамбль народнай песні “Рэха Астраўца” так і зрабіў – у адказ на запрашэнне калег з сельскага Дома культуры вёскі Гродзі Ашмянскага раёна хуценька расчахліў канцэртныя касцюмы і падкарэкціраваў праграму выступлення. І вось ужо бусік Астравецкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці імчыць па так званай старой Ашмянскай дарозе…

Дом культуры ў Гродзях – унікальная ўстанова. Не, не сваёй архітэктурай, гарадскімі зручнасцямі або суперсучаснай апаратурай. На першы пагляд, гэта звычайны сельскі клуб, драўляная аднапавярхоўка. А ўнікальны ён сваёй папулярнасцю, прычым не толькі сярод жыхароў самой вёскі. Па суботах на танцы ў Гродзі з’язджаецца моладзь і з навакольных вёсак, і з Ашмян, а яшчэ з Астраўца, з Гудагая, са Слабодкі, з Маляў, нават з Варнян.

-У звычайныя несвяточныя суботы на нашых танцах, — крыху пазней адкажа на маё пытанне загадчыца аддзела культуры і вольнага часу вёскі Гродзі Станіслава Тамашэвіч, — бывае, у сярэднім, 130-140 чалавек. У святочныя дні – значна больш. Асабісты рэкорд установы – 360 чалавек.

…А клуб ужо поўніўся гледачамі. На сталах, накрытых вышыванымі абрусамі, цесна было ад разнастайнай выпечкі.

Але выйшлі ў залу (не на сцэну – бліжэй да людзей!) вядучыя ў народных строях, і пячэнькі адышлі на другі план. Не ведаю, як, але публіку самадзейным артыстам удалося завесці літаральна з паўабарота. Загадкі, прымаўкі, “адгадай мелодыю”- адказы сыпаліся з усіх бакоў так, што Бліны (а іх было два, прычым твар аднаго з іх яўна належаў загадчыцы аддзела культуры і вольнага часу) ледзь паспявалі раздаваць прызы ў выглядзе арэшкаў. Конкурс на самае хуткае з’яданне аладак змяніў наступны – на перадаванне з рук у рукі галоўкі сыра… Полька ўлева, полька ўправа… Невялічкая сцэнка з жыцця пенсіянераў. Выступленне гурта “Нестарэючыя галасы” з Ашмян…

Астравецкія артысты выйшлі ўжо ў разагрэтую залу. Яны заспявалі, і абыякавых сярод гледачоў не засталося. Кожную песню сустракалі гарачымі апладысментамі.

Ёсць у ўдзельнікаў народнага ансамбля “Рэха Астраўца” адна прыемная асаблівасць: яны не проста самадзейныя спевакі – яны вясёлыя, дабрадушныя людзі, заўсёды гатовыя раздзяліць і вяселле іншых, і іх праблемы. На “Тлустым чацвяргу” артысты былі ці не самымі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх без выключэння конкурсаў. А ўжо танцорамі! Спыняліся толькі, каб аддыхацца перад чарговым этапам свайго выступлення.

І яшчэ… У якасьці ганаровага госця на імправізаванае свята выпечкі быў запрошаны Мікалай Яўхімавіч Шуйлюк. Гарманіст, якому днямі спаўняецца 92 (!) гады. Ох, які салідны, здавалася б, узрост, а ўзяў баян у рукі, і пальцы залёталі па кнопачках – мала хто з маладых дагоніць.

Потым было адпаведнае святу віншаванне ад пробашча Гудагайскага касцёла Наведання Маці Божай айца Аркадзя.

А фінальнай кропкай “Тлустага чацвярга” у Гродзях стала запрашэнне да святочнага стала. І двойчы запрашаць публіку не давялося – пасля амаль двухгадзіннай імпрэзы пірагі ды пончыкі набылі асаблівую актуальнасць.

Па дарозе дамоў мы дзяліліся ўражаннямі, якіх было – праз край. І ў канцы прыйшлі да высновы, што сакрэт папулярнасці Дома культуры ў Гродзях мы раскрылі: што ні робіш – рабі з душой, і людзі гэта заўсёды ацэняць годна.

Ганна ЧАКУР.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *