Што трэба, каб жыць у чысціні?

Точка зрения

Напярэдадні свят Раства Хрыстова ствараецца асаблівы настрой – чакання лепшага і светлага. Але проста чакаць лепшага мала, трэба яшчэ і дзейнічаць, каб яно прыйшло: працаваць над сабой, аналізаваць свае ўчынкі, імкнуцца пераадольваць шкодныя звычкі, наводзіць парадак у доме, вакол сябе і ў сваёй душы. Калі не рабіць гэта своечасова, то вельмі цяжка бывае потым навесці парадак, змяніць жыццё, выбрацца з прывычнай гразкай каляіны і павярнуць у другі бок. Чысціня дома і чысціня ў душы ўплываюць адно на аднаго. Ці заўважалі вы, што пасля ўборкі дома становіцца неяк спакайней і ўтульней?

Гэтыя думкі прыйшлі пасля ўдзелу ў чарговым рэйдзе аглядавай каміссіі Кальчунскага сельсавета. Лілія Янушкевіч, старшыня сельскага Савета, як заўсёды, сабрала прадстаўнікоў розных службаў, каб наведаць адзінокіх пажылых жыхароў сельсавета і інвалідаў, сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане, удаставерыцца, што яны жывуць у бяспечных умовах, даведацца аб іх патрэбах, нагадаць пра правілы пажарнай і электрабяспекі напярэдадні навагодніх святаў. Прадстаўнікі газавай службы, электрасетак, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Кальчунскага фапа, сярэдняй школы, КСУП “Крэйванцы” наведвалі жыхароў Будзёнаўкі, Кальчун, Гароднікаў, Мардасоў.

Часам людзі не разумеюць, навошта іх турбуюць і нават крыўдзяцца: “Мая маці жыве з маёй сям’ёй, я даглядаю яе. Мне не трэба гаварыць, што цяпер я адказная за яе”. Так, да кагосьці дастаткова прыйсці  раз, а ёсць такія, да каго прыходзіцца наведвацца часта.

Да апошніх адносіцца і жыхар Будзёнаўкі, 1957 года нараджэння,  дом якога мае “высокі” статус прытона. Мужчына пенсіянер, жыве адзін, але вельмі любіць “сяброў”, якія зазіраюць да яго на агеньчык не з пустымі рукамі, а з пляшкай гарэлкі. У старшыні сельсавета гэты адрас на асобым кантролі.

Трапіўшы ў гэтае жыллё, не адразу зразумела, дзе ў ім падлога, дзе сцены, дзе столь, – усё аднолькавага чорнага колеру і плаўна перацякае з аднаго ў адно. Уся гэта чарната асвятляецца толькі праз невялікае зашмальцаванае акно. Праз пласт бруду яшчэ прабіваюцца выявы святых на абразах, якія вісяць у куце. Гаспадар між іншым заверыў, што ў яго сёння прыбрана. Уявіць, як у гэтым доме бывае не прыбрана, маёй фантазіі не хапіла. Але ж некалі гэты дом быў чыстым, новым, хтосьці клапаціўся пра яго і будаваў з надзеяй на лепшае жыццё. Сённяшні яго гаспадар не дбае пра сваё жытло, даўно махнуўшы рукой і на свой дом, і на сябе. Жыццёвая дарога, па якой ён крочыць, вядзе яго ў нікуды. Сабраць смецце, вымыць сцены, столь, мэблю і посуд не патрабуе вялікіх фізічных і фінансавых выдаткаў. Але ж тут ніхто ўжо не клапоціцца пра чысціню. Бруд і цемра даўно святкуюць свой баль у доме і ў душы чалавека.

Якасць жыцця людзей перш за ўсё залежыць ад жадання саміх людзей. Каб жыць у чысціні, не трэба шмат грошай. Патрэбна самаўдасканаленне і пераадоленне сваіх звычак.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *